Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форбрыг: Эрыксан па-беларуску гаворыць лепш за ваша кіраўніцтва


Доктар Ёрг Форбрыг
Доктар Ёрг Форбрыг

Доктар Ёрг Форбрыг – кіраўнік Фонду для дэмакратыі ў Беларусі пры нямецкім аддзяленьні (Бэрлін) амэрыканскага Фонду Маршала – камэнтуе высланьне зь Менску амбсадара Швэцыі Стэфана Эрыксана.

Радыё Свабода: Чаму, на вашу думку, беларускія ўлады выслалі швэдзкага амбсадара?

Ёрг Форбрыг: Стэфан Эрыксан быў вельмі заўважным дыпляматам. Ён прадстаўляе краіну, якія зьяўляецца выразным крытыкам рэжыму Лукашэнкі. Ён мае выдатную рэпутацыю і стасункі ў дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці. І ён гаворыць па-беларуску напэўна лепш, чым хто іншы ў беларускім кіраўніцтве. Праз усё гэта ён ужо даўно быў праблемай для беларускіх уладаў. Спачатку яны нацэліліся на яго мінулай восеньню, калі беларускія мэдыя абвінавацілі швэдзкую амбасаду ў таямнічай уцечцы зьвестак, у выніку якой была апублікаваная ўнутраная перапіска Эўразьвязу. А нядаўні піяр ход швэдзкай каманды, якая праляцела над Беларусьсю і скінула мядзьведзікаў з заклікамі да свабоды слова – гэта проста грандыёзная ганьба для шырока разрэклямаванай Расеяю сыстэмы беларускай паветранай абароны – нарэшце даў Менску повад, каб адправіць непажаданага амбасадара дахаты ў Стакгольм.

РС: Як вы думаеце, ці іншыя амбасадары краінаў ЭЗ таксама пакінуць Беларусь на знак салідарнасьці?

ЁФ: Як і тады, калі амбасадары Польшчы і ЭЗ былі высланыя беларускімі ўладамі, адэкватным адказам з боку ЭЗ было б адклікаць усіх сваіх амбасадараў (гэта будзе ўжо другі падобны інцыдэнт на працягу вельмі кароткага тэрміну) і адправіць для кансультацый у Менск усіх беларускіх амбасадараў у краінах ЭЗ. Нармальнае дыпляматычнае прадстаўніцтва мусіць быць адноўленае толькі тады, калі Стэфан Эрыксан ізноў атрымае свае даверчыя граматы ў якасьці амбасадара Швэцыі ў Менску. У іншым выпадку краіны ЭЗ фактычна даюць беларускім уладам права вета на выбар сваіх амбасадараў, што ёсьць недапушчальным актам умяшальніцтва.

Тым не менш беларускія ўлады выдатна прымеркавалі гэтае высланьне да піку летніх вакацыяў у Эўразьзвязе. Паглядзім, наколькі эўразьвязаўскія палітыкі здольныя да падобнай дыпляматычнай мабілізацыі ў сэзон нізкай палітычнай актыўнасьці.

РС: Ці будуць пашыраныя эканамічныя санкцыі ЭЗ супраць беларускага рэжыму?

ЁФ: Шэраг прадстаўнікоў ЭЗ на працягу апошніх месяцаў заявілі, што далейшае пашырэньне палітычных і эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі не ў павестцы дня. Высланьне Стэфана Эрыксана – гэта яшчэ адзін аргумэнт (нароўні з 14 палітзьняволенымі, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі, нядаўнімі арыштамі актывістаў экалягічнага руху і дагэтуль не да канца дэмакратычнай працэдурай правядзеньня парлямэнцкіх выбараў) для таго, каб ЭЗ увосень узмацніў свой ціск на беларускія ўлады.

З дня на дзень расьце сьпіс варожых крокаў, якія робяць беларускія ўлады супраць уласнага народу, супраць тых, хто імкнецца да дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі і тых, хто выступае за дэмакратычную і эўрапейскую Беларусь на міжнароднай арэне. Гэта недапушчальна. І адзіны адэкватны спосаб давесьці гэта тым, хто адказны за такія рашэньні ў Менску, – узмацніць ціск. Усе спробы зьмяніць сытуацыю праз супрацоўніцтва скончыліся паразай. За апошнія паўтара года ЭЗ намацаў правільны шлях у гэтым накірунку, але ён мусіць пайсьці яшчэ далей, асабліва канцэнтруючыся на тых прадпрыемствах, якія рэзка павялічылі экспарт у ЭЗ, што толькі падмацоўвае гэтую выродлівую дыктатуру.

РС: Як сытуацыя гэтага канфлікту паўплывае на праграму «Дыялёг для мадэрнізацыі»?

ЁФ: Гэтая ініцыятыва камісара ЭЗ Штэфана Фюле зьяўляецца неабходным элемэнтам эўрапейскай падтрымкі тых, хто прагне зьменаў і можа дапамагчы падрыхтаваць ідэі, праграмы і людзей да таго моманту, калі рэформы могуць быць рэалізаваныя. Сама гэтая ініцыятыва ня можа прывесьці да зьменаў. Параза усіх спробаў ЭЗ падштурхнуць улады да пэўнай лібэралізацыі наглядна прадэманстравала, што зьмены магчымыя толькі ў адным выпадку: калі сыдзе Лукашэнка і ягоныя памагатыя.

Галоўная мэта, такім чынам, гэта не мадэрнізацыя, але паўнавартасная зьмена рэжыму ў Беларусі. Гэта патрабуе большай цьвёрдасьці, у тым ліку і з боку ЭЗ, чым закулісныя перамовы зь Менскам, якія сканчаюцца нязначнымі і касмэтычнымі саступкамі з боку беларускіх уладаў. Гэта патрабуе ўсеабдымнай стратэгіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG