Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасла Швэцыі выслалі зь Беларусі

абноўлена

Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан

У пасольстве Швэцыі ў Менску пацьвердзілі, што пасол Швэцыі Стэфан Эрыксан быў высланы з Беларусі. Эрыксан цяпер знаходзіцца ў Швэцыі.

21:30 БТ: «Эрыксан пакрываў кантрабанду, перадаваў грошы экстрэмістам»

У сюжэце афіцыйнага каналу паведамляецца: «ёсьць інфармацыя, што ў 2010 годзе Стэфан Эрыксан асабіста перадаваў інструкцыі, грошы экстрэмістам, прадстаўнікам радыкальных груповак, якія імкнуліся стварыць у Беларусі сытуацыю накшталт Арабскай вясны».

20:50 Эштан пагражае Менску «адпаведнымі захадамі»

Заява Карла Більта, міністра замежных спраў Швэцыі, разьмешчаная сёньня на сайце міністэрства.

«Высылка швэдзкага амбсадара зь Беларусі рэжымам Лукашэнкі — сур’ёзнае парушэньне нормаў міждзяржаўных зносінаў.

Абвінавачаньні, якія высунуў рэжым у дачыненьні да Амбсадара, зьяўляюцца беспадстаўнымі. Не сакрэт, што Швэцыя ўсебакова падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, і Амбасадар Эрыксан важна і годна ажыцьцяўляў палітыку Швэцыі.

Мы праінфармавалі пра гэты выпадак краіны Эўразьвязу. Я таксама сёньня размаўляў з Кэтрын Эштан пра гэтую сытуацыю.

Амбасадар Эрыксан працягне сваю працу, яшчэ больш выразна арыентуючыся на падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Мы таксама, у кансультацыях зь іншымі краінамі ЭЗ, будзем шукаць шляхі, каб узмацніць нашыя намаганьні ў гэтым накірунку.

На працягу дня Амбсада Беларусі ў Стакгольме будзе праінфармаваная аб тым, што прыбыцьцё прапанаванага новага амбасадара Беларусі не пажаданае, а таксама пра тое, што будуць ануляваныя віды на жыхарства ў Швэцыі двум супрацоўнікам беларускай амбасады»

17:35 Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў Радыё Свабода:

«Беларускі бок не выдварае швэдзкага пасла. Прынята рашэньне пра непадаўжэньне яго акрэдытацыі. Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі на працягу 7 гадоў, за гэты час яго дзейнасьць была скіраваная не на стварэньне, а на разбурэньне двухбаковых адносін. Гэтае рашэньне ляжыць у плоскасці нашых двухбаковых адносін. Калі швэдзкі бок будзе імкнуцца да абвастрэньня сытуацыі, мы будзем вымушаныя рэагаваць адэкватна»

Андрэй Савіных адмовіўся камэнтаваць паведамленьні пра высылку з Стакгольма двух беларускіх дыплятамаў.

17:30 Супрацоўнік па палітычных пытаньнях прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Рамунас Янушаускас заявіў, што на дадзены момант прадстаўніцтва не камэнтуе высылку швэдзкага амбасадара з Беларусі.

17:20 Польская амбасада ў асобе дарадцы амбасады Паўла Марчука ведае пра высылку зь Беларусі амбасадара Эрыксана. Ніякіх камэнтароў на гэты конт пакуль не дае. На пытаньне, ці могуць амбасадары ЭЗ разам пакінуць Беларусь, як гэта было ў выпадку высылкі польскага амбасадара, сп. Марчук адказаць адмовіўся.

17:05 Паведамленьне пра высылку амбасадара МЗС Швэцыі атрымала ў сераду, 1 жніўня. Спадар Стэфан Эрыксан знаходзіцца ў Швэцыі. Ён не даступны да камэнтароў.

Кіраўнік прэс-офісу Андэрс Ёрле ня бачыць сувязі паміж высылкай швэдзкага амбасадара і «мядзьведжым дэсантам». Ён таксама лічыць, што гэты канфлікт тычыцца не прыватна асобы спадара Эрыксана, а стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Швэцыя.

Невядома, калі зьявіцца ў Беларусі новы амбасадар Швэцыі.

17:00 Часова павераны ў справах Швэцыі ў Беларусі Ён Брантэ паведаміў «Свабодзе», што на момант рашэньня МЗС аб высылцы Эрыксана самога амбасадара не было ў Беларусі: «У МЗС Беларусі выклікалі мяне. Але я б не хацеў камэнтаваць гэтай падзеі, вам трэба зьвяртацца ў МЗС Швэцыі».

Кіраўнік прэс-службы МЗС Швэцыі паведамляе: «Спадар Більд, міністр замежных спраў Швэцыі, заявіў, што рэакцыя беларускіх уладаў — гэта злачынства супраць усіх нормаў стасункаў паміж дзяржавамі. Мы вырашылі не прымаць новага беларускага амбасадара ў Швэцыі. Мы вырашылі адмовіць у працы двум супрацоўнікам беларускай амбасады ў Стакгольме».

Заява МЗС Беларусі




16:35 Тым часам прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў:

«Я магу сказаць цалкам дакладна, што яго ніхто не высылаў, а больш падрабязнае тлумачэньне я магу даць хвілін праз 40».

Паводле непацьверджанай інфармацыі, беларускі пасол Андрэй Грынкевіч таксама пакінуў Швэцыю.

Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт на сваёй старонцы ў Твітэры заявіў, што беларускія ўлады выслалі з краіны швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана: «Рэжым Лукашэнкі выслаў амбасадара Швэцыі з-за яго падтрымкі правоў чалавека. Абуральна».

«Мы сказалі, што новы пасол Беларусі ў Швэцыі не пажаданы, і папрасілі іншых двух дыпляматаў Беларусі пакінуць краіну», — напісаў таксама Більд. Усяго ў амбасадзе Беларусі ў Швэцыі працуе пяцёра дыпляматычных работнікаў.



Дэпутат швэдзкага Рыксдагу Крысьціян Хольм камэнтуе ў інтэрвію Радыё Свабода:

«Пасла выгналі па абвінавачаньні ў празьмернай падтрымцы апазыцыі. Насамрэч, ён проста рабіў сваю працу і выконваў задачы швэдзкай палітыкі. Мы выступаем за свабоду і правы чалавека. Стэфан Эрыксан зьяўляецца добрым амбасадарам. Амбасадары ў Швэцыі сустракаюцца з нашай апазыцыяй, і гэта абсалютна нармальна. Гэты крок рэжыму Лукашэнкі надалей ізалюе Беларусь ад астатняга сьвету. Мне шкада народ Беларусі, які пакутуе ад дзеяньняў Лукашэнкі».

31 ліпеня газэта адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» прыгадала асобу Стэфана Эрыксана ў зьвязку з «дэсантам» швэдзкіх плюшавых мядзьведзікаў. Газэта закінула Эрыксану тое, што яго асоба «весьма необычна», бо ён «владеет белорусским языком и активно его использует».


Камэнтары


Палітоляг Алесь Лагвінец: «Улады Беларусі правакуюць чарговы дыпляматычны скандал»


«Сытуацыя да канца не зразумелая. Але відавочна, што ўлады Беларусі правакуюць чарговы міжнародны скандал. З адказу швэдзкага боку бачна, што так проста „выбрык“ беларускага боку ня пройдзе.

Калі будзе скаардынаваная пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу, то можна сказаць, што ў сэзон адпачынкаў у нас будзе перад вачыма мыльная опэра наконт адкліканьня і вяртаньня амбасадараў».


Станіслаў Шушкевіч: Нават Савецкі Саюз ня выслаў пасла ФРГ, калі Руст прыляцеў

«Для мяне гэта навіна, якую я ўспрымаю з жахам. Мне здаецца, гэта адзін з найлепшых амбасадараў, які так палюбіў Беларусь і зь якім я так многа кантактаваў».


Уладзімер Някляеў: Эрыксан — прыклад амбасадара, які сёньня патрэбны Беларусі

«Гэта, па сутнасьці, прыклад амбасадара, які сёньня патрэбны Беларусі. Як яе народу, так і яе кіраўніцтву. Але аказалася, што ён не патрэбны. І гэта стала дэманстрацыяй сутнасьці гэтага рэжыму».


Пэр Кромвэл: Эрыксан нічога ня ведаў пра нашу акцыю

«Мы ні ў якім разе не зьбіраліся паведамляць пра свае намеры нікому з афіцыйных асобаў Швэцыі. Я нават да ўсёй гэтай гісторыі ня ведаў імя швэдзкага амбасадара ў Беларусі».


Раман Якаўлеўскі: БТ хутка пакажа пра Эрыксана «кіно»

«Улады не плянавалі пасылаць у Стакгольм новага беларускага амбасадара. Хацелі паслаць звычайнага часовага паверанага. Паніжэньне ўзроўню дыпляматычных стасункаў было мэтаскіраванае. Яно плянавалася даўно».


Зьміцер Вайцюшкевіч: Эрыксану на Рэвалюцыйнай паставяць помнік

«Стэфан Эрыксан яшчэ шмат чаго зробіць добрага для Беларусі, бо ўжо прыкіпеў тут. Тут у яго засталіся двое хросных дзетак — маіх».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG