Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкі суд Менску вярнуў справу абаронцы Ўручча на перагляд


Леанід Мажальскі
Леанід Мажальскі

Адміністрацыйнае пакараньне Леаніду Мажальскаму адменена. Справу вярнулі ў суд Першамайскага раёну. Матэрыялы мусіць перагледзець іншы судзьдзя.

Такі вынік паседжаньня па касацыйнай скарзе актывіста ў гарадзкім судзе сталіцы 3 жніўня.

Адвакат Леаніда Мажальскага Вольга Безбародкіна зьвярнула ўвагу суду, што справа яе падабароннага сфальсыфікаваная. Паводле яе слоў,гэта зьвязана з грамадзкай дзейнасьцю супраць ушчыльненьня мікрараёну. Вольга Безбародкіна таксама заўважыла, што міліцыянты ня могуць быць сьведкамі, бо не зьяўляюцца бесстароньнімі і зацікаўленыя ў ізаляцыі актыўных грамадзян. «Таксама я лічу, што не было ніякай неабходнасьці саджаць на 5 сутак 58-гадовага чалавека. Мажальскі не вядзе антысацыяльнага ладу жыцьця, не парушае закону і толькі абараняў інтарэсы сябраў жыльлёва-будаўнічага каапэратыву, намесьнікам старшыні якога зьяўляецца».

18 ліпеня Першамайскі суд прызнаў Леаніда Мажальскага вінаватым у парушэньні трох артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу. Паводле артыкула 17.1 «Дробнае хуліганства» яго пакаралі двума суткамі арышту. За «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў» — трыма суткамі. За «парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў» Леанід Мажальскі мусіць выплаціць штраф у памеры 2 мільёны рублёў (20 базавых велічыняў).

Адміністрацыйны арышт Леанід Мажальскі адбыў у ізалятары на Акрэсьціна.

Намесьнік старшыні жыльлёва-будаўнічага каапэратыву Леанід Мажальскі — актыўны сябра ініцыятыўнай групы супраць ушчыльненьня Ўручча. Абвінавачваньні тычацца падзеяў 4 і 5 ліпеня ў сквэры, дзе пачалі будаваць дом для спэцназу.

Жыхары сталічнага мікрараёну Ўручча пратэстуюць супраць будоўлі дамоў на вуліцах Шугаева і Русіянава. Менскія гарадзкія ўлады тлумачаць жыхарам, што будаўніцтва ідзе ў рамках «ушчыльненьня» мікрараёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG