Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кар’ерны зыгзаг рыначніка Румаса


Сяргей Румас
Сяргей Румас

Аляксандар Лукашэнка звольніў віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса, аднаго зь нешматлікіх прадстаўнікоў ураду, які публічна выступаў за рынкавыя прынцыпы. Цяпер Румас прызначаны кіраваць новаствораным Банкам разьвіцьця Рэспублікі Беларусь.

Прафэсійны банкір Сяргей Румас да прыходу ва ўрад узначальваў адзін з найбуйнейшых банкаў Беларусі — «Белаграпрамбанк». Ягоны бацька, былы намесьнік міністра фінансаў Мікалай Румас, быў добрым сябрам прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча. Апошні і выступіў у 2010 годзе з ініцыятывай запрасіць 40-гадовага Сяргея Румаса на пасаду віцэ-прэм’ера.

Малады віцэ-прэм’ер вылучаўся энэргічнасьцю, не баяўся выказваць уласную думку. Асабліва гэта стала прыкметна ва ўмовах валютнага крызісу 2011 году, калі многія ва ўрадзе і адміністрацыі Лукашэнкі заставаліся ў разгубленасьці.

У канцы 2011 году Румас уступіў у спрэчку з памочнікам Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях Сяргеем Ткачовым наконт занадта высокіх тэмпаў росту ВУП, прапанаваных у адміністрацыі прэзыдэнта. Але ў гэтай спрэчцы Лукашэнка падтрымаў свайго памочніка. З таго часу Румас з гучнымі заявамі больш не выступаў. Днямі прэм’ер Мясьніковіч выказаўся пра пляны росту ВУП на 2013 год у памеры 8,5 працэнта. Рыхтаваць бюджэт пад гэты рост і выконваць яго прэм’ер будзе ўжо бяз Румаса.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, нягледзячы на рынкавую рыторыку Румаса, не заўважыў нейкага рэальнага эфэкту ад ягонай працы ва ўрадзе:

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
«Ды нічога ён не зрабіў. Любы, хто трапляе ў гэтую сыстэму, плянава-адміністратыўную, нічога зрабіць ня можа. Мадэль трэба мяняць. Але я шкадую, што яго прыбралі, бо ён ствараў элемэнт публічнасьці, якога не хапае ўраду. Прынамсі, ён казаў пра шмат якія правільныя рэчы, пра нармалізацыю валютнага рынку, пра тое, што галоўныя паказчыкі ня колькасныя, а якасныя, аб праблемах інфляцыі, макрастабілізацыі... Я думаў, што ён стане прэм’ер-міністрам. Але ня стаў».

Прызначэньне Румаса ў «Банк разьвіцьця» Багданкевіч называе яўным паніжэньнем, накіраваньнем у дзяржаўны банк, па сутнасьці — прыдатак Мінфіну. Румас будзе там выконваць тое, што яму скажуць у Мінфіне.

Банк разьвіцьця быў створаны, каб вывесьці з камэрцыйных банкаў фінансаваньне дзяржаўных праграм. Гэта рынкавы крок, які мае аздаравіць фінансавую сыстэму Беларусі, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Банк разьвіцьця — гэта адзін з ключавых інструмэнтаў, на стварэньні якіх настойваў МВФ. Задача яго — радыкальна зьмяніць усю гэтую сыстэму ільготных дзяржпраграм. Так што ў прынцыпе тое, што ён туды накіроўваецца, — я б не сказаў, што гэта паніжэньне. Фармальна — так, але па сутнасьці там нашмат больш цікавая праца для яго».

Спадар Чалы не выключае, што Румас сам хацеў вярнуцца ў банкаўскую сфэру.

«Банк разьвіцьця» створаны год таму, у яго пакуль няма аддзяленьняў, толькі цэнтральны офіс, у якім працуе 40 чалавек. Месца кіраўніка банку цэлы год было вакантным.

Намесьніца начальніка ўправы актыўных банкаўскіх апэрацыяў Банку разьвіцьця Надзея Плецяжова кажа, што іхні банк ужо крэдытуе дзяржаўныя праграмы і зь цягам часу пераважна гэтым і будзе займацца:

«Маштабы цяпер такія — каля 500 мільярдаў крэдытаў разьмешчана толькі намі, Банкам разьвіцьця, плюс яшчэ мы працуем праз банкі-агенты».

Сяргей Румас у банк яшчэ не прыйшоў, але там яго добра ведаюць, кажа спадарыня Плецяжова:

«Ён у нас быў старшынём Назіральнай рады банку, таму мы на працягу году нашай дзейнасьці працавалі зь ім».

Прызначаючы Сяргея Румаса на пасаду ў банк, Лукашэнка прызнаў, што ягоны сыход з ураду — «калясальная страта», але дадаў, што сам Румас больш цягнецца да канкрэтнай працы. Пад кантроль новага банку Лукашэнка абяцаў перадаць фінансаваньне дзяржпраграмаў і інвэстыцыйныя праекты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG