Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Голубеў: Мы з Пазьняком на плошчы сьпявалі «Пагоню»


Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў
27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Больш як праз год, 25 жніўня 1991 году, яна набыла канстытуцыйную сілу. Гэтыя два гістарычныя дні зрабілі нашую краіну сапраўды незалежнай.

27 ліпеня было абвешчана галоўным дзяржаўным сьвятам – Днём незалежнасьці Беларусі. Аднак пасьля рэфэрэндуму 1996 году Дзень незалежнасьці афіцыйна быў перанесены на 3 ліпеня.

Як прымалася Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, распавядае дэпутат ВС 12 скліканьня, доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў.


Радыё Свабода: У якой палітычнай абстаноўцы прымалася Дэклярацыя?

Валянцін Голубеў: Я хачу зазначыць, што прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР было зьявай невыпадковай. І на гэта ўплывалі розныя прычыны. Па-першае, тое, што ўвесну 1990 году адбыліся выбары ў ВС БССР, у склад якога былі выбраныя і дэмакратычна, антыкамуністычна настроеныя людзі.
Ані Вярхоўны Савет, ані ўрад ня думаў пра незалежнасьць Беларусі.

Гэта ў асноўным прадстаўнікі БНФ, якія стварылі ў ВС фракцыю БНФ у складзе 27 чалавек на чале зь Зянонам Пазьняком. А потым і апазыцыю БНФ у складзе 37 чалавек. Гэта было нямнога людзей, калі ўлічыць, што ўвесь ВС складаўся з 360 дэпутатаў. Дэпутаты апазыцыі кантактавалі са сваімі расейскімі, літоўскімі, украінскімі сябрамі. А ў іх працэсы імкненьня да незалежнасьці ішлі ў той час хутчэй, чым у Беларусі. Напрыклад, 18 траўня 1989 году ВС Літвы прыняў ужо Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. А 10 сакавіка 1990 году ВС Літвы прыняў акт аб аднаўленьні незалежнасьці Літвы. І ў Маскве, і ў Кіеве адбывалася нешта падобнае. А ў Беларусі пра гэта, на жаль, ані ВС, ані ўрад ня думаў.

Дзякуй Богу, тады быў моцны БНФ, і мы пра гэта думалі. Адкрыта скажу – вельмі тады баяліся Савецкага Саюзу і вельмі баяліся, што калі Расея стане незалежнай, то яна проста будзе цягнуць нас у сваю арбіту. Так і адбылося.

РС: А якія падзеі папярэднічалі прыняцьцю Дэклярацыі?

ВГ: Апазыцыя БНФ – напачатку нават у кантакце са старшынёй ураду Вячаславам Францавічам Кебічам, зь яго дазволу – ва ўрадавай рэзыдэнцыі 26 красавіка 1990 году правяла канфэрэнцыю, у якой удзельнічалі дэмакратычныя дэпутаты ад Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Асноўная ідэя канфэрэнцыі – стварэньне Балтыйска-Чарнаморскай супольнасьці. І першы дзень працы гэтай канфэрэнцыі прайшоў вельмі добра. Прадстаўнікі рэспублік дамовіліся, што яны будуць у справе набыцьця незалежнасьці кантактаваць. Было разуменьне, што ідэя стварэньня садружнасьці ад Балтыйскага да Чорнага мора дазволіла б умацоўваць незалежнасьць гэтых дзяржаваў і мець пэўную падстрахоўку ад Расеі. І адразу думалі пра тое, каб пабудаваць Балтыйска-Чарнаморскі нафтавы калектар. Таму што ўсе выдатна разумелі, што асноўная пагроза будзе ісьці праз энэрганосьбіты.

На жаль, увечары 26 красавіка нам ужо забаранілі працаваць ва ўрадавай рэзыдэнцыі. А запрошаных дэпутатаў зь іншых рэспублік нават выселілі з нумароў-люксаў, у якіх яны жылі. На наступны дзень толькі БНФ ужо праводзіў гэтую канфэрэнцыю. І вынік атрымаўся ўжо не такі, як хацелася б. Але пытаньне пра незалежнасьць Беларусі ўжо было пастаўленае.

Дземянцей на сэсіі сказаў, што ёсьць сілы ў Беларусі, якія выступаюць за прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, і што за гэта яго пахваліў Гарбачоў.

У траўні 1990 году сойм БНФ прыняў заяву пра неабходнасьць прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. У ёй гаварылася, што дасягненьне дэмакратыі, сувэрэнітэту рэспублікі і выратаваньня нашага народу немагчымае ў складзе СССР. Цікава, што пасьля таго, як мы распаўсюдзілі нашую заяву ў ВС, літаральна на наступны дзень ці праз пару дзён у Маскву паехаў колішні старшыня ВС БССР Мікалай Іванавіч Дземянцей. І калі ён на наступны дзень прыехаў з Масквы ў Менск, то распаўсюдзіў дакумэнт, які называўся «Запіска ВС БССР аб Дзяржаўным сувэрэнітэце рэспублікі». Было гэта 13 чэрвеня. У гэтым дакумэнце прагучалі некаторыя палажэньні, якія былі ў заяве сойму БНФ. І Дземянцей на сэсіі сказаў, што ёсьць сілы ў Беларусі, якія выступаюць за прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, і што яго за гэта пахваліў Гарбачоў, і таму ён выступае з такой заявай у ВС.

Што ж адбылося? Справа ў тым, што перад гэтым ужо адбыліся такія падзеі, як прыняцьце дэклярацыяў ці абвяшчэньне незалежнасьці Літвы, Латвіі, Эстоніі. А ў Маскве ў гэты час стала відавочнай канфрантацыя паміж урадам Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова, які быў абраны ў сакавіку 1990 году прэзыдэнтам СССР на зьезьдзе народных дэпутатаў СССР, і кіраўніцтва РСФСР на чале з Барысам Мікалаевічам Ельцыным. І вось ВС РФ 12 чэрвеня абвясьціў дзяржаўны сувэрэнітэт. І ў гэты ж дзень у Маскве адбылося паседжаньне Савету Фэдэрацыі СССР з пытаньнем аб нацыянальна-дзяржаўным уладкаваньні СССР. Яно праходзіла пад старшынствам Гарбачова. Менавіта ў гэты дзень пачаўся распад Савецкага Саюзу. Вярхоўны Савет РСФСР заявіў, што ён выходзіць з СССР, што РСФСР прымае дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Такім чынам, СССР застаўся безь Літвы, Латвіі, Эстоніі, Грузіі і Расеі. Каб неяк выйсьці з гэтай сытуацыі, Гарбачоў на гэтым апошнім паседжаньні Савету Фэдэрацыі СССР даў задачу кіраўнікам парлямэнтаў ВС распрацоўваць свае дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і пачаць падрыхтоўку новай саюзнай дамовы. Гэта была такая схаваная ідэя – быццам бы абвяшчаецца сувэрэнітэт, але мэта ягоная – заключэньне новай саюзнай дамовы і захаваньне СССР.

Мы гэтага тады яшчэ ня ведалі. Запіску гэтую прынялі. А Фронт пачаў рыхтаваць канфэрэнцыю аб незалежнасьці. І яна была праведзеная ў Менску 30 чэрвеня – 1 ліпеня 1990 году. Там у нас упершыню быў распрацаваны першы праект
...сьцьвярджалася, што падпісаньне прадстаўніком БССР саюзнай дамовы 1922 году ня мела юрыдычнай сілы, бо гэтае рашэньне было прынятае пад дыктоўку Масквы ва ўмовах таталітарнага рэжыму і акупацыі, без правядзеньня рэфэрэндуму і, самае галоўнае, без ратыфікацыі рэспублікай гэтага акту.

Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі. Гэта быў ня той дакумэнт, які быў пасьля прыняты ВС, пасьля быў новы варыянт. Але першы праект утрымліваў дзьве часткі. Адна частка – гістарычныя палажэньні, у якіх паказвалася, што сувэрэннасьць беларускай дзяржавы мае выток у незалежнасьці Полацкага княства і ВКЛ. Мы гаварылі пра вызваленчае паўстаньне, мы станоўча ацэньвалі БНР і БССР. Там сьцьвярджалася, што падпісаньне прадстаўніком БССР саюзнай дамовы 1922 году ня мела юрыдычнай сілы, бо гэтае рашэньне было прынятае пад дыктоўку Масквы ва ўмовах таталітарнага рэжыму і акупацыі, без правядзеньня рэфэрэндуму і, самае галоўнае, без ратыфікацыі рэспублікай гэтага акту. Рабілася выснова, што ўсё гэта дае права ВС БССР не заключаць новую саюзную дамову і дэнансаваць дамову 1922 году ў аднабаковым парадку. Другая частка – гэта, можа, трошкі па-іншаму напісаны тэкст цяперашняй Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. І гэты праект ужо 2 ліпеня 1990 году быў распаўсюджаны ў Вярхоўным Савеце з ініцыятывы дэпутатаў апазыцыі БНФ у колькасьці 360 экзэмпляраў і прапанаваны да разгляду.

РС: І як паставіліся дэпутаты да такога дакумэнту?

ВГ: Калі папраўдзе, то ён выклікаў у прадстаўнікоў парлямэнцкай большасьці сапраўдны шок. Тады партыйныя савецкія функцыянэры не маглі нават уявіць: як гэта можна было адважыцца выступіць з прапановай аб выхадзе Беларусі са складу СССР і заяўляць пра нейкі там сувэрэнітэт? Мы заявілі ня проста прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, бо Дэклярацыя – гэта проста заява. А мы выступілі з прапановай аб выхадзе Беларусі са складу СССР.

А што адбылося далей у ВС? Каб прынізіць значэньне гэтага дакумэнту, было арганізаванае напісаньне адмоўнай рэцэнзіі на гэты праект. 10 ліпеня 1990 году як быццам у адказ на запыт ананімных народных дэпутатаў БССР у Вярхоўным Савеце была распаўсюджаная даведка пад назвай «Аб праекце Дэклярацыі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, прадстаўленай групай БНФ «Адраджэньне». Падпісаная яна была загадчыкам аддзелу гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны Інстытуту гісторыі АН БССР акадэмікам Ігнаценкам, намесьнікам дырэктара Інстытуту гісторыі доктарам гістарычных навук Міхаілам Бічом, начальнікам галоўнага архіўнага ўпраўленьня пры Савеце Міністраў Міхальчанкам, намесьнікам дырэктара Інстытуту гісторыі партыі Сьмірновым і загадчыкам сэктару гісторыі партыі Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ Сташкевічам. І ўжо ў прэамбуле дакумэнту, які быў падпісаны вось гэтай пяцёркай, давалася адмоўная ацэнка праекту Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці. І рабілася выснова, што аналіз прапанаванага тэксту пераконвае, што дадзенаму праекту ў сваёй гістарычнай і палітыка-прававой частцы ўласьцівая аднабаковасьць характарыстык і ацэнак і непрадуманасьць унесеных прапаноў. І рабілася выснова, што Беларусі незалежнасьць ня трэба.

Грыцкевіч і Скалабан маглі ня проста страціць працу. Яны ў сваёй рэцэнзіі адкрыта ішлі супраць так званай "партыйнай лініі". А дэпутаты вельмі паважалі вучоных.

Для нас гэта была пэўная нечаканасьць. Але тут на дапамогу апазыцыі ў ВС прыйшлі іншыя вучоныя. Справа ў тым, што дэпутаты ВС Алег Трусаў і я папрасілі двух беларускіх вучоных – доктара гістарычных навук прафэсара Анатоля Грыцкевіча і кандыдата гістарычных навук Віталя Скалабана – напісаць рэцэнзію на гэтую «даведку пяцёх». Гэта быў сапраўдны мужны крок. Яны абодва маглі ня проста страціць працу. Яны ў сваёй рэцэнзіі адкрыта ішлі супраць так званай «партыйнай лініі». Але яны яе напісалі, а мы распаўсюдзілі ў Вярхоўным Савеце.

Дэпутаты вельмі паважалі вучоных. Яны разумелі, што першая даведка проста палітычная, а другая даведка была напісаная вельмі разумна. І яны пачалі ўжо, што называецца, сумнявацца. А тут яшчэ іншыя падзеі – прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце ў Расеі, рэфэрэндум па незалежнасьці ва Ўкраіне. І пытаньне ўжо стала так: а што, мы горшыя?! Давайце ўжо і мы прымаць такую Дэклярацыю.

РС: Часта згадваюць, што апазыцыя БНФ не прымала ўдзелу ў галасаваньні за Дэклярацыю.

ВГ: Справа ў тым, што ішла ўстаноўка з Масквы: дэклярацыя дэклярацыяй, але ў ёй павінны быць словы пра тое, што Беларусь выступае за заключэньне новай саюзнай дамовы. Гэтая дамова фактычна нівэлявала б гэтую дэклярацыю, зьвяла б на нішто. І вось заўжды пытаюцца: чаму апазыцыя ня ўдзельнічала ў галасаваньні за Дэклярацыю? Мы сапраўды хацелі яшчэ працаваць, не спадзяваліся, што 27 ліпеня 1990 году Дэклярацыя будзе прынятая. Мы хацелі зацягнуць яшчэ на некалькі дзён. Пераканаць дэпутатаў у тым, што нельга пісаць у Дэклярацыі незалежнасьці заяву аб тым, што неабходна заключыць новую саюзную дамову. Гэтыя словы былі лішнія. Мы баяліся, што гэта сапраўды будзе выкарыстана супраць нас. І каб ня путч 1991 году, гэта сапраўды магло б адбыцца.

Апазыцыя выйшла з залі. Але ў піку таму, што мы выйшлі, там і іншыя дэмакратычныя дэпутаты, якія не былі ў апазыцыі, той жа Анатоль Вярцінскі, разумна сыгралі на эмоцыях, сказалі: "Ах, апазыцыя выйшла, давайце бязь іх прагаласуем". Вось прагаласавалі, і дзякуй богу...

Таму калі дайшло да галасаваньня па гэтым пункце, што Беларусь выступае за падпісаньне новай саюзнай дамовы, на заклік Зянона Пазьняка дэпутаты апазыцыі выйшлі з залі. І разьлік быў у тым, што Дэклярацыя ў гэты дзень ня будзе прынятая. Але ў піку таму, што мы выйшлі, там і іншыя дэмакратычныя дэпутаты, якія не былі ў апазыцыі, той жа Анатоль Вярцінскі, разумна сыгралі на эмоцыях, сказалі: «Ах, апазыцыя выйшла, давайце бязь іх прагаласуем». Вось прагаласавалі, і дзякуй богу, што Дэклярацыя была прынятая. А потым ужо 25 жніўня 1991 году, калі яна набыла статус канстытуцыйнага закону, то гэты пункт аб заключэньні новай саюзнай дамовы перастаў мець юрыдычнае значэньне. Бо Канстытуцыя была вышэйшая за Дэклярацыю. А ў Канстытуцыі не гаварылася ані пра якую саюзную дамову.

РС: Як цяпер згадваеце гэтыя дні?

ВГ: Мне гэтыя два дні, 27 ліпеня 1990 году і 25 жніўня 1991 году, вельмі запомніліся. Яны зьвязаныя паміж сабой. Праўда, у ліпені 1990 году людзей было трохі менш, чым у жніўні. Але ў 1990 годзе ішла прамая трансьляцыя з паседжаньняў ВС. І калі было зразумела, што Дэклярацыя аб незалежнасьці прынятая, вечарам на плошчу Леніна прыйшло некалькі дзясяткаў тысяч людзей. Людзі прыйшлі сьвяткаваць, сьпявалі песьні, радавалася, танцавалі, абдымаліся. Памятаю, што дэпутат Пятро Садоўскі сьпяваў. Мы стаялі з Пазьняком, сьпявалі «Пагоню». Упершыню нашая краіна сапраўды моцна, крэпка, заканадаўча стала на шлях незалежнасьці. Гэта аб’яднаньне людзей, яднаньне нацыі, жаданьне жыць у незалежнай дзяржаве. Каб зараз людзі не баяліся АМАПу, не баяліся паказаць, што яны за незалежнасьць, то думаю, што яны прыйшлі б і яшчэ раз зрабілі сьвята.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG