Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч: «Беларусь зойме годнае месца ў Эўропе»


Менск, 1991 г. Вярхоўны Савет зь Беларускім Сьцягам і гэрбам “Пагоня” на фасадзе
Менск, 1991 г. Вярхоўны Савет зь Беларускім Сьцягам і гэрбам “Пагоня” на фасадзе

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Гэты дакумэнт стаў першым афіцыйным крокам да незалежнасьці Беларусі.

Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце абвясьціла «поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасьць яе законаў, незалежнасьць рэспублікі ў зьнешніх дачыненьнях». 27 ліпеня было абвешчана Днём незалежнасьці Беларусі. 25 жніўня 1991 году Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закону, на падставе якога былі ўнесеныя зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю 1978 году. Новая Канстытуцыя была прынятая 15 сакавіка 1994 году.

«Як зьдзейсьнілася тое, за што вы галасавалі?»

Беларускі паэт, публіцыст і перакладчык, былы рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва» Анатоль Вярцінскі на пытаньне пра зьдзяйсьненьне задуманага адказаў гэтак:

Анатоль Вярцінскі
Анатоль Вярцінскі
«На жаль, ня зьдзейсьнілася. Возьмем адзін факт: дзень 27 ліпеня афіцыйна ў Беларусі не адзначаецца, ігнаруецца і робіцца выгляд, што Дэклярацыі як такой не было. Я маю на ўвазе, што Дзень незалежнасьці сьвяткуецца 3 ліпеня — нешта такое недарэчнае, амаль абсурднае».




Мовазнавец, палітык і дыплямат, былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі трымаецца такой думкі:

Пятро Садоўскі
Пятро Садоўскі
«Зразумела, што ня зьдзейсьнілася ўсё гэта. Дэ-юрэ мы нібыта незалежныя. А дэ-факта — як нацыя мы недабудаваліся. Проста я сузіральна спадзяюся, што ўсё гэта павінна скончыцца, бо гэта ненармальна. А ненармальнае ж — яно не кансэрвуецца навечна. Таму ў мяне ў гэтым сэнсе і аптымізм, і ўпэўненасьць, што будзем мы гэтую дату адзначаць як сапраўдную, а ня нейкую мітычную».

Лінгвіст і палітык, былы старшыня Партыі БНФ і ГА «БНФ «Адраджэньне» Лявон Баршчэўскі пра рэалізацыю таго, то было закладзена ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, сказаў наступнае:

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
«Безумоўна, рэалізавана. Нават у сёньняшняй дзіўнаватай незалежнай беларускай дзяржаве ўсё-ткі рэалізавана тое, што запісана ў Дэклярацыі. Адзінае — важны пункт аб дзяржаўных гарантыях мовы, культуры застаўся на паперы. Таксама тая частка, якая закладала дэмакратычныя прынцыпы, яна таксама не рэалізаваная ў той меры, як нам гэта бачылася. Але гэта непазьбежна — усе краіны рана ці позна робяцца дэмакратычнымі. Можна толькі зацягнуць таталітарызм і аўтарытарызм, але нельга навечна яго замацаваць».

Археоляг, гісторык і грамадзкі дзеяч, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў трымаецца гэткага меркаваньня:

Алег Трусаў
Алег Трусаў
«Фактычна, калі пачытаць той дакумэнт, які быў прыняты, то рэалізавалася ўсё. Нашая дэлегацыя як незалежнай дзяржавы зараз знаходзіцца на алімпіядзе ў Лёндане. А каб не было тае Дэклярацыі, то былі б пяць чалавек у складзе расейскай, дый усё. Бо калі мы прымалі Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце, то яшчэ мала хто верыў, што Беларусь стане цалкам незалежнай дзяржавай».

Эканаміст і палітык, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі пра ідэі Дэклярацыі і іх зьдзяйсьненьне мяркуе вось як:


Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
«Прыняцьце Дэклярацыі — гэта найважнейшы крок для незалежнасьці краіны. Так, ёсьць моманты, калі на кароткі пэрыяд грамадзтва запальваецца аптымізмам, а затым астывае. Але якраз апошнія 18 гадоў і паказалі, што, нягледзячы на гэты фантастычны „накат“ на краіну, на яе незалежніцкую ідэю, Беларусь выстаяла, яна юрыдычна незалежная. І гэта дае вельмі добры аптымізм у тым, што на гэтай базе новы этап адраджэньня будзе вельмі моцны і вельмі імклівы».

Беларускі навуковец і палітык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, дэпутат Вярхоўнага савету 12-га і 13-га скліканьня, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох удзельнікаў падпісаньня Белавескага пагадненьня аб юрыдычным замацаваньні распаду СССР Станіслаў Шушкевіч пра рэалізацыю ідэяў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі сказаў гэтак:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
«У значнай ступені рэалізавалася, бо юрыдычна мы маем незалежнасьць, і 27 ліпеня для мяне асабіста сьвята. Бо скарыстаўшы прапанову, якую, дарэчы, зрабіў ЦК кампартыі Беларусі, скарыстаўшы напрацоўкі, зробленыя Беларускім Народным Фронтам, стварыўшы дзьве камісіі, мы падрыхтавалі тэкст Дэклярацыі аб незалежнасьці і зацьвердзілі яго 27 ліпеня. На мой погляд, ён зьяўляецца ўзорам дакумэнту, які ўсталёўвае незалежнасьць, і, па сутнасьці, мы зацьвердзілі асноўныя палажэньні і далі падставы распрацаваць добрую Канстытуцыю. Быў добры рывок наперад, але адступленьне пасьля адназначна адбылося.

Я думаю, што тое, што мы адстаялі 27 ліпеня 22 гады таму, час прывядзе да таго, што мы вернемся да бел-чырвона-белага сьцяга, мы вернемся да герба „Пагоня“ , мы вернемся да павагі беларускай мовы і зоймем годнае месца ў Эўропе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG