Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька прапанаваў назіральнікам БДІПЧ ісьці ў КДБ


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

З прапановай наведаць палітвязьня Зьмітра Дашкевіча і старшыню КДБ Вадзіма Зайцава зьвярнуўся да чальцоў ацэначнай місіі АБСЭ, якія прыяжджалі ў Менск, старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

У размове са «Свабодай» ён распавёў:

«Я зрабіў ім дзьве канкрэтныя прапановы. І яны сказалі, што іх вывучаць і прынялі да ведама. Першая — наведаць палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў вязьніцы. Такі прэцэдэнт ужо быў. Я сам памятаю, як камэру, у якой тады сядзеў я, наведваў тагачасны кіраўнік менскага офісу АБСЭ спадар Пэтэрсан. Калі была такая мажлівасьць тады, чаму яе ня можа быць цяпер? Тым больш што АБСЭ кажа, што праблема палітычных вязьняў — гэта адна з умоваў ацэнкі самой сытуацыі.

І другое — прадстаўнікі ацэначнай місіі на сустрэчы з намі пералічылі, з кім яны сустракаліся ў Менску. Гэта — прадстаўнікі міністэрстваў юстыцыі, інфармацыі, Белтэлерадыёкампаніі, Цэнтравыбаркаму. А я ім параіў сустрэцца з кіраўніцтвам КДБ, паколькі ў Беларусі насамрэч не Ярмошына арганізоўвае выбарчую кампанію, а менавіта КДБ. Пра гэта гаварыў былы старшыня КДБ генэрал Сухарэнка на адкрыцьці помніку Дзяржынскаму, калі сказаў, што «гэта мы арганізавалі перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах».

Звычайна БДІПЧ АБСЭ накіроўвае ў краіну, дзе праводзяцца парлямэнцкія альбо прэзыдэнцкія выбары, найперш ацэначную місію ў складзе 3–5 чалавек. Затым прыяжджае тэхнічная група. Пасьля арганізуецца праца назіральнай групы. І асноўная маса назіральнікаў прыяжджае непасрэдна перад выбарамі.

Анатоль Лябедзька адзначыў: падчас сустрэчы з чальцамі ацэначнай місіі тыя заявілі, што рашэньне аб пасылцы ў Беларусь назіральнікаў яшчэ не прынятае. «Аднак я абсалютна ўпэўнены, што яны на выбары прыедуць», — сказаў лідэр АГП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG