Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лорд, які ўвайшоў у плоць


Джон Лорд
Джон Лорд
Сьвет працягвае крышыцца і зьнікаць адваленымі астэроідамі ў невядомым кірунку. Яны адлятаюць, але й тое, што застаецца, ужо незваротна зьмененае імі.

Ня стала першага з клясычнага складу Deep Purple Джона Лорда. Здаецца, ад майго замку адвалілася цэлая сьцяна. Колькі сваіх перадач я, скажам так, не зусім афіцыйна аформіў яго музыкай. Надта ж лягала. Амаль як Брамс лягаў на мае «Вострыя Брамы». І тут няма нацяжкі, бо Джон Лорд пісаў сымфанічную музыку ў духу 19-га, самага рамантычнага беларускага стагодзьдзя. І лёнданскі сымфанічны аркестар яе выконваў. У 1969 годзе, калі ў нашай Беларусі яшчэ й «Песьняроў» не было, а толькі пачыналі «ганяць валасацікаў», Лордаў Канцэрт для групы з аркестрам ужо станавіўся ў сьвеце падзеяй. У нас слухалі (пазьней, вядома) і варажылі – ці гэта Рымскі-Корсакаў, ці Мусаргскі, ці Барадзін... Але дакладна нехта з «магучай кучкі».

Мне ўпершыню давялося пачуць Лорда ў 1974 годзе. На ўроку беларускай мовы. Настаўніца пакідала нас адных і прасіла, каб ня надта шумелі. Сама сыходзіла. І вось нехта прынес бабінавую бандуру і паставіў Deep Purple in Rock. І для мяне гэта было найбольшае ўзрушэньне ад рок-музыкі, колькі б я яе пасьля ні пераслухаў. Чаму? Бо гэта была гармонія гукаў, якіх я дагэтуль проста ня чуў. Ні ў прыродзе, нідзе. Я думаю, Лордаў арган тут быў галоўным. Бо так, як фарсіраваў голас Гілан, я ўжо чуў у вёсцы, у нас так сьпявалі кабеты. Зусім незвычайным быў арган, які рабіў увесь deeppurpleўскі рок-н-рол арыстакратычным.

Учора дачуўшыся, што Лорда ня стала, я засеў пераслухоўваць тыя песьні. І злавіў сябе на думцы, што ўпершыню – аналізую іх. Вось той уражвальны Speed King з альбома In Rock. Як жа ўсё проста! Даецца тэма, а пасьля Лорд і Блэкмар пачынаюць адзін перад адным высмыкаць хто на аргане, хто на гітары. І нават неяк ня надта пераканаўча ў іх выходзіць.

Круцім далей. Альбом Machine Head, таксама заглаўная песьня і на тую ж тэму – зорка аўтастрады. Аказваецца, схема тая ж. Даецца тэма, але цяпер гітара і арган граюць унісон. На гэткай хуткасьці і гэтак зладжана! Ясна, чаму раней не ўзьнікала жаданьня раскладаць музычны вобраз на часткі. Бо гэта ён захопліваў цябе, а ня ты яго.

Немагчыма выняць Лорда з сучаснага сьвету. Мы не заўважаем, як гэтая музыка стала часткай нашага жыцьця. Мяне дык яна рэальна прывяла і да Баха, і да Моцарта, і да Шапэна. Шляхі ж розныя бываюць. І да беларушчыны таксама. Вядома, ня Лорд прывёў, але Лорд паказаў на веліч таго, што я маю. Неяк так яно ўсё раднілася міжсобку. Бо сьвет адзіны.

Слухаю Канцэрт для групы з аркестрам 1969 году і каторы раз ва ўяўленьні паўстаюць гукі бітвы пад Воршай, аблічча Льва Сапегі, гравюры Андрыёлі і ўзьняты над Домам ураду бела-чырвона-белы сьцяг. Высакародныя вобразы нашай сьвядомасьці. Захоплены гэтай музыкай беларус ужо ніколі ня мог быць саўком.

Наш шанцунак, што ў нас былі такія настаўнікі культуры. Дзякуй, вялікі музыка Джон Лорд!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG