Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты Моўчану: «У нас улада неабмежаваная»


Андрэй Моўчан
Андрэй Моўчан
У судзе Першамайскага раёну пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана, затрыманага супрацоўнікамі міліцыі ўначы 14 ліпеня. Аднак на працэс не зьявіліся сьведкі-міліцыянты, і судовае паседжаньне перанесьлі на 24 ліпеня.

Андрэя Моўчана затрымалі ў ноч зь пятніцы на суботу ў мікрараёне Ўручча быццам бы за тое, што пад мостам ён прыклеіў налепку «Не — сьмяротнаму пакараньню». Яго вінавацяць паводле артыкула 23.14 КаАП (парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня гарадоў) і артыкула 17.1 (дробнае хуліганства). Выходныя Андрэй правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

У панядзелак у судзе былі выслуханыя паказаньні Моўчана:

«У гарадзкім аддзеле міліцыі пачалі зьневажаць мяне, маіх бацькоў. Абвінавацілі ў тым, што я, маўляў, наркаман, што я «абкураны» ў дадзены момант. Напэўна, шэсьць супрацоўнікаў мяне зьбівалі, павалілі на падлогу, білі нагамі, зьневажалі. У прыбіральню не выводзілі. Крычалі: «У нас улада неабмежаваная, можаш скардзіцца куды хочаш».

У міліцэйскім пратаколе, наадварот, напісана, што Моўчан у стане алькагольнага альбо наркатычнага ап’яненьня пасьля затрыманьня ў пастарунку нецэнзурна выказваўся, зьневажаў міліцыянтаў. Але на працэс сьведкі — супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы, якія затрымлівалі актывіста — не зьявіліся. Бацька Андрэя Васіль Моўчан кажа:

Васіль Моўчан
Васіль Моўчан
«Што яго „пасуць“ — дык гэта зразумела. Сядзеў два тыдні ў хаце на бальнічным — нікому ня быў патрэбны. А тут толькі выйшаў, і адразу забралі. І што за супадзеньне — два разы Дэпартамэнт аховы забірае. Што ў нас, столькі ахоўнікаў, што ўжо ўсе слупы пачалі ахоўваць?»

Сяброўка сям’і Моўчанаў Рэгіна Дзядок выказала такое меркаваньне:

«Сапраўды, у чалавека ёсьць пазыцыя, ёсьць ідэя. Я так думаю, што цяпер на яго палююць, яго хочуць пасадзіць перад выбарамі, каб ён нічога не рабіў, каб ён не ўздымаў людзей, каб ён не бударажыў народ. Яму хочуць закрыць рот. А налепка гэтая як вісела, так і вісіць. Каму яна патрэбная? Патрэбны быў толькі Андрэй».

Андрэй Моўчан кажа, што затрымлівалі і зьбівалі яго тыя самыя міліцыянты, што і ў траўні. Тады з сур’ёзнымі пашкоджаньнямі вока, сківіцы яго даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі. Пра сваё самаадчуваньне зараз ён кажа:

«Няважна, шчыра кажучы, адчуваю. Баліць галава, наагул, дрэнна чую, таму што білі па галаве, хутчэй за ўсё, таму вушы заклала. Такое адчуваньне, як калі ў ваду ныраеш, закладвае вушы. Ныркі баляць. І наагул стан ня вельмі добры. Тым больш што ня вылечыўся яшчэ пасьля мінулага зьбіцьця, а тут яшчэ новыя траўмы нанесьлі».

Суд перанесены на 24 ліпеня, Андрэя Моўчана адпусьцілі дахаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG