Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія шпіёны – «качка» КДБ?

абноўлена

У Вільні адзначаюць, што затрыманыя грамадзяне Беларусі, а не Літвы.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі сьцьвярджае, што выявіў некалькі літоўскіх шпіёнаў сярод беларускіх грамадзянаў. Такое паведамленьне зьявілася 12 ліпеня на афіцыйным сайце КДБ. Яго распаўсюдзіў Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Камітэту.

«Супрацоўнікі КДБ затрымалі з доказамі злачынства рэзыдэнта ваеннай выведкі Літвы грамадзяніна Ф. Адначасова па факце перадачы замежнай спэцслужбе сакрэтных зьвестак былі затрыманыя асобы, якія былі зь ім на агентурнай сувязі», — гаворыцца ў паведамленьні. У дакумэнце таксама адзначаецца, што «канфіскаваныя электронныя носьбіты і іншыя прадметы і матэрыялы, якія выкрываюць іх шпіёнскую дзейнасьць».

Выканаўца абавязкаў кіраўніка Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Артур Страх сказаў «Свабодзе»: пакуль дадаць што-небудзь да таго, што паведамляецца на сайце, ён ня можа:

«Гэта інфармацыя вывераная нават з пункту гледжаньня магчымага недапушчэньня цікавасьці да сьледзтва. І каб не ўсплылі нейкія неправераныя факты. То бок тое, што ёсьць на сайце, — гэта афіцыйнае паведамленьне. Адтуль можна браць — усё».

Міністэрства абароны Літвы хоць і заяўляе, што не камэнтуе выведныя і контравыведныя апэрацыі, але адзначае, што затрыманыя — грамадзяне Беларусі, а не Літвы.

«Вайсковая выведка і контравыведка не камэнтуюць выведныя і контравыведныя апэрацыі. Але зьвяртаем увагу на тое, што КДБ паведамляе пра затрыманьне грамадзянаў сваёй краіны. Вайскоўцы і службоўцы нашай службы выконваюць сваю штодзённую працу», — сказаў дырэктар Другога дэпартамэнту апэратыўных расьсьледаваньняў Міністэрства абароны Літвы палкоўнік Юозас Качэргюс інфармацыйнаму парталу Delfi.

Старшыня Камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне парлямэнту Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў беларускай «Свабодзе», што вельмі асьцярожна ставіцца да інфармацыі КДБ, паколькі ведае пра мэтады яго працы:

«Па-першае, як бачна з гэтай інфармацыі, гэта была апэрацыя беларускіх спэцслужбаў. І таму я да гэтай інфармацыі ставіўся б вельмі асьцярожна, ведаючы, якія мэтады ўжывае беларускі КДБ у дачыненьні да апазыцыянэраў. Таму я ацэньваю гэты матэрыял як спробу зьвязаць імя Літвы, яе вайсковай выведкі з агульным фонам той нэгатыўнай інфармацыі пра нашу краіну, якая ідзе ў беларускіх афіцыйных мэдыях. Гэта і ўдзел Літвы ў НАТО, і ў вайсковых вучэньнях. Я думаю, што такая інфармацыя КДБ зроблена для таго, каб паказаць, што Літва да Беларусі ставіцца недружалюбна.
Я думаю, што такая інфармацыя КДБ зроблена для таго, каб паказаць, што Літва да Беларусі ставіцца недружалюбна.

Я таксама думаю, што тут нельга не казаць і пра ролю беларускага КДБ ды іншых праваахоўных органаў Беларусі ў справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Яны выкарысталі інфармацыю зь Вільні ў сваіх інтарэсах. Пасьля гэтага ў Літву прыйшло больш за 100 падобных запытаў. І Літва іх усе адхіліла, паколькі бачыла за гэтым пэўныя палітычныя інтарэсы. Таму новую інфармацыю беларускага КДБ я ацэньваў бы вельмі асьцярожна».

МЗС Літвы лічыць сёньняшняе паведамленьне беларускага КДБ інсынуацыяй. Пра гэта «Свабодзе» заявіў прэсавы сакратар міністэрства Міндаўгас Лашас:

«Мы не адказныя за працу спэцслужбаў. А вось што тычыцца двухбаковых адносін паміж нашымі дзяржавамі, то магу сказаць, што зьяўленьне такіх інсынуацый на інтэрнэт-сайце беларускага КДБ не дапамагае паляпшаць двухбаковыя дачыненьні».

Я спытаў спадара Лашаса, ці невыпадкова, на ягоную думку, паведамленьне КДБ зьявілася якраз у той час, калі амбасада Літвы ў Беларусі зьмяняе кіраўніка? Суразмоўца адказаў на гэта коратка: няхай пра гэта задумаюцца палітолягі.

Палітоляг Андрэй Фёдараў: «Шчыра кажучы, цяжка даць адказ на гэтае пытаньне. Можна дапусьціць, вядома, што не хацелі псаваць настрой амбасадару Багдонасу і адносіны зь ім. Магчыма, ён нечым і падабаўся беларускім уладам, хоць я ведаю, што ён і крытыкаваў афіцыйны Менск, няхай і ня вельмі жорстка, і падтрымліваў стасункі з апазыцыяй.

Можа, гэта нейкае папярэджаньне пераемніку Багдонаса. Але, з другога боку, ён да гэтага скандалу дачыненьня наагул ня мае. Хутчэй за ўсё, гэта выпадковае супадзеньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG