Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ кажа, што злавіў літоўскіх шпіёнаў

абноўлена

Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі «спынена шпіёнская дзейнасьць беларускіх грамадзян, якая ажыцьцяўляецца імі ў інтарэсах спэцслужбаў Літоўскай Рэспублікі».

Такое паведамленьне распаўсюдзіў Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

«Супрацоўнікі КДБ затрымалі з доказамі злачынства рэзыдэнта ваеннай выведкі Літвы грамадзяніна Ф. Адначасова па факце перадачы замежнай спэцслужбе сакрэтных зьвестак былі затрыманыя асобы, якія былі зь ім на агентурнай сувязі», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Канфіскаваныя электронныя носьбіты і іншыя прадметы і матэрыялы, якія выкрываюць іх шпіёнскую дзейнасьць, накіраваную на атрыманьне сакрэтнай інфармацыі ў вайсковай сфэры, у тым ліку ў рамках адзінай сыстэмы бясьпекі Саюзнай дзяржавы», — паведамляе КДБ.

«Дакумэнтальна пацьверджаныя факты правядзеньня агентурнай групай апэрацыяў па здабыцьці інфармацыі з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў з мэтай іх далейшай перапраўкі за мяжу».

«Факт супрацоўніцтва зь літоўскімі спэцслужбамі пацьвярджаецца сабранымі ў ходзе сьледзтва доказамі, а таксама прызнавальнымі паказаньнямі саміх абвінавачаных», — адзначаецца ў паведамленьні.

«Паводле заключэньня экспэртаў, сабраныя і падрыхтаваныя для перадачы літоўскай спэцслужбе матэрыялы адносяцца да зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь».

Супраць затрыманых распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Здрада дзяржаве». Ім пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

23 шпіёны за 2011 год

Паводле афіцыйнага паведамленьня, за 2011 год КДБ выявіў і спыніў дзейнасьць 23-х супрацоўнікаў і агентаў замежных спэцслужбаў, выкрытыя 33 спробы вярбоўкі беларускіх грамадзянаў, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ.

Пры канцы 2001 году ў Беларусі быў асуджаны на 4,5 года за спробу шпіянажу італьянскі грамадзянін Анжэла Піў, якога неўзабаве памілавалі. З тых часоў прозьвішчы замежных шпіёнаў, выкрытых у Беларусі, застаюцца засакрэчанымі, як і прозьвішчы беларусаў, якія пайшлі на супрацоўніцтва з замежнікамі. Праўда, у некаторых выпадках імёны тых, хто нейкім чынам аказаўся датычны да шпіёнскіх скандалаў, робяцца вядомымі.

У 2004 годзе КДБ паведаміў пра выкрыцьцё і высылку польскага шпіёна, які працаваў у якасьці вайсковага аташэ амбасады Польшчы. Паводле КДБ, была задакумэнтаваная перадача гэтаму шпіёну дакумэнтаў афіцэрам Міністэрства абароны Беларусі. У мэдыі трапіла імя гэтага афіцэра — ім быў вайсковы журналіст Аляксей Безьвясельны.


Падрабязнасьці — пазьней на сайце «Свабоды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG