Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Moody's: Беларускі ўрад мае слабы фінансавы патэнцыял


Рэйтынгавае агенцтва Moody's лічыць, што рызыкі ў Беларусі растуць. Агенцтва адзначае нізкі фінансавы патэнцыял дзяржавы і інстытуцыйнага асяродзьдзя ва ўмовах павольнага эканамічнага росту ў краіне.

Гэта абумоўлівае рэйтынг аблігацый ураду Беларусі на ўзроўні B3 з нэгатыўным прагнозам. Такая выснова ўтрымліваецца ў апублікаванай штогадовай справаздачы Moody's аб умовах крэдытаваньня ў Беларусі.

Агенцтва канстатуе нізкі ўзровень золатавалютных рэзэрваў краіны і паступленьняў валютнай выручкі ў параўнаньні з памерам зьнешняга доўгу і абавязацельстваў па ім. У сувязі з гэтым падкрэсьліваецца ўразьлівасьць Беларусі ў частцы доступу да крыніц зьнешняга фінансаваньня, асноўнай зь якіх цяпер зьяўляецца Расея і зьвязаныя зь ёй фінансавыя інстытуты.

Адзначаючы высокі тэмп росту ВУП Беларусі (у сярэднім 7% у год у пэрыяд 2000-2011 гадоў), Moody's мяркуе, што далейшая станоўчая дынаміка эканомікі краіны ўсё ў большай ступені залежыць ад магчымасьці прыцягненьня зьнешніх рэсурсаў, што робіць краіну вельмі ўразьлівай да ваганьняў на зьнешніх фінансавых рынкаў. Акрамя таго, міжнародныя арганізацыі ацэньваюць як вельмі нізкі, у параўнаньні з іншымі краінамі, узровень эфэктыўнасьці нарматыўнага асяродзьдзя і судовых інстытутаў.

«Адсутнасьць прадказальнасьці палітыкі, празрыстасьці і грамадзкіх дэбатаў па пытаньнях эканамічнай палітыкі аслабляе інстытуцыйны патэнцыял», – падкрэсьліваюць у Moody's.

Пры гэтым агенцтва канстатуе значна меншы дэфіцыт бюджэту ў Беларусі, чым у іншых краінах з аналягічным рэйтынгам. Тым ня менш, экспэрты агенцтва лічаць фінансавы патэнцыял ураду слабым з улікам выдаткаў на магчымую рэструктурызацыю запазычанасьці дзяржбанкаў, чыстае крэдытаваньне фінансавага сэктару і патэнцыйных выдаткаў, зьвязаных з гарантыямі дзяржавы.

«Значнае павелічэньне дзярждоўгу за апошнія некалькі гадоў і верагоднае ўзмацненьне залежнасьці ад зьнешняга доўгу для фінансаваньня нацыянальных ініцыятываў росту аслабляюць крэдытаздольнасьць ураду. Акрамя таго, каля 70% эканамічных прадпрыемстваў краіны (у тым ліку банкаўскай сыстэмы) зьяўляюцца дзяржаўнымі, любыя магчымыя страты, якія яны панясуць, уяўляюць сабой умоўныя абавязацельствы ўраду», – адзначаюць аўтары справаздачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG