Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багдонас пакідае па сабе анёльчыка


4 ліпеня Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас наладзіў разьвітальную вечарыну.

Ён асабіста сустракаў гасьцей у вышытай нацыянальнай беларускай кашулі. Выступаючы, спадар Багдонас зазначыў, што невыпадкова апрануў такую кашулю, бо гэта — знак павагі да тых людзей у Беларусі, якіх ён за пяць з паловай гадоў працы тут вельмі палюбіў і вельмі паважае. Эдмінас Багдонас сказаў, што яму шкада пакідаць краіну, якой ён аддаў шмат свайго сэрца, але такі лёс дыплямата і нічога, на жаль, у дадзеным выпадку ня зробіш.

Дуаен дыпляматычнага корпусу, амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаў словы ўдзячнасьці літоўскаму калегу, які быў, на яго думку, «самым блізкім амбасадарам да Беларусі». Як удакладніў спадар Сурыкаў — «у геаграфічным сэнсе гэтага слова».

Зусім нядаўна замежныя дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі, ужо разьвітваліся з трыма калегамі. Пасьля заканчэньня тэрміну свайго знаходжаньня зь Беларусі ад’ехалі кіраўнікі дыпмісій Нямеччыны, Вугоршчыны і Вялікай Брытаніі. Паводле неафіцыйных дадзеных, бліжэйшым часам Менск могуць пакінуць яшчэ два вядомыя дыпляматы — кіраўнікі прадстаўніцтваў ЗША і Расеі.

Прыканцы вечарыны спадар Багдонас зьвярнуў увагу гасьцей на тое, што над уваходам у літоўскую амбасаду зьявіўся анёльчык. У гэтым зьвязку ён сказаў: «Я зьвяртаюся да ўладаў Менска з просьбай знайсьці магчымасьць „уладкаваць“ гэтага анёльчыка на будынку якой-небудзь інстытуцыі. Я хачу, каб гэтая фігурка ахоўвала маіх сяброў у Беларусі ад непрыемнасьцяў». І дадаў, што калі ўлады на такі крок ня пойдуць, то анёльчык застанецца ў будынку амбасады — будзе ахоўваць сяброў Літвы і нагадваць ім пра амбасадара Багдонаса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG