Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас параду ў Менску былі павышаныя меры бясьпекі


З ліпеня ў Менску кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем прымаў ваенны парад з нагоды афіцыйнага сьвята — Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

На сёньняшні парад абодва Лукашэнкі прыехалі ў цывільным. Раней кіраўнік Беларусі прымаў парады ў форме вярхоўнага галоўнакамандуючага. Месца правядзеньня мерапрыемства і самі трыбуны былі агароджаны мэталёвымі турнікетамі, яго ахоўвалі тры шэрагі з супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным і вайскоўцаў у форме. Таксама ахоўнікі стаялі каля кожнага куста на прылеглай тэрыторыі. Людзі, якіх сабралася менш, чым у мінулыя гады, глядзелі парад, стоячы пад сьпякотным сонцам, бо лаўкі былі толькі каля трыбунаў, куды пускалі па адмысловых прапусках. На ўваходах на тэрыторыю мерапрыемства былі ўсталяваныя кантрольна-прапускныя пункты з мэталяшукальнікамі і відэакамэрамі. Усіх прымушалі паказваць зьмесьціва сумак. У людзей забіралі плястыкавыя бутэлькі з напоямі, пакеты з сокам. Тут жа віселі аб’явы, што нельга праносіць з сабой. У тым ліку цацачныя пісталеты ўсіх тыпаў, бэйсбольныя біты, напоі ў непразрыстай тары аб’ёмам больш за паўлітра. Напачатку параду Аляксандар Лукашэнка выступіў на расейскай мове:

«Мы ведаем, што зараз, як правіла, зьнешнія пагрозы выяўляюцца праз унутраныя крыніцы. Але любыя спробы пасеяць у нашай краіне хаос, ажыцьцявіць палітычныя перавароты, нейкія „каляровыя рэвалюцыі“ абсалютна беспэрспэктыўныя. Мы паказалі ўсяму сьвету, як трэба абараняць нацыянальныя інтарэсы. Беларусы канчаткова зрабілі свой выбар на карысьць сапраўднай незалежнасьці, падтрымаўшы палітычны курс дзяржавы».

Лукашэнка зноў згадаў пра «ўласную мадэль разьвіцьця» і назваў Расею галоўным стратэгічным партнэрам. Сёлета расейскія вайскоўцы бралі ўдзел у парадзе. Да месца правядзеньня параду была сьцягнута спэцтэхніка.

3 ліпеня ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00


Мэталёвымі турнікетамі былі агароджаны таксама ўваход на станцыю мэтро «Няміга» і канцэртная пляцоўка ля палацу спорту, на якую прапускалі праз мэталяшукальнікі. Тут жа ў шапіках прадавалі моцныя сьпіртовыя напоі і смажылі шашлыкі.



Апазыцыйных палітыкаў на сьвяткаваньні не было. Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі сказаў, што для беларусаў важныя зусім іншыя даты:

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
«Наша краіна знаходзіцца пад акупацыяй іншай дзяржавы, якая паставіла канкрэтную мэту ліквідацыі нашай дзяржаўнасьці, нашага народа. Ідзе ліквідацыя мовы, нацыянальных сымбаляў. Для беларусаў найважнейшае сьвята — гэта 25 сакавіка, менавіта Дзень незалежнасьці. 27 ліпеня 1990 году была прынятая дэклярацыя, вельмі важны крок быў зроблены для юрыдычнай незалежнасьці. 25 жніўня 1991-га рэальна Беларусь здабыла незалежнасьць. Для сучаснага беларуса гэтыя даты вельмі важныя. А 3 ліпеня нават пры Савецкім саюзе быў дзень гораду ў Менску. Былі адны акупанты, прыйшлі іншыя».

Леў Марголін
Леў Марголін
Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін лічыць сёньняшняе сьвяткаваньне штучным. Якое ня мае ніякага дачыненьня ні да Беларусі, ні да яе незалежнасьці:

«Гэта дзень вызваленьня Менску, гэта сьвята найперш для вэтэранаў. Лепш было б гэтыя грошы патраціць на тых жа вэтэранаў. Што да мераў бясьпекі, то з кожным годам яны будуць увесь час узмацняцца. Галоўны ўрок, які трэба выносіць з каляровых рэвалюцый — калі народ падняўся, калі народ перастане трываць, то тады ўжо ніякія заклінаньні не дапамагаюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG