Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч заклікаў не ізаляваць Беларусь


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Пэрспэктывы эўрапейскай інтэграцыі Беларусі абмеркаваны 27 чэрвеня ў Бэрліне на сустрэчах лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча з намесьнікам старшыні групы па зьнешняй палітыцы ХДС / ХСС у бундэстагу, упаўнаважаным ўрада Нямеччыны па нямецка-расейскім супрацоўніцтве Андрэасам Шокэнхофам, кіраўніком ведамства фэдэральнага канцлера ФРН Рональдам Пофалам і міністрам замежных спраў ФРН Гідам Вэстэрвэле.

«Мы гаварылі пра тое, што, нягледзячы на самаізаляцыю беларускай улады, Эўразьвязу ні ў якім разе нельга ізаляваць краіну, што трэба мець шматузроўневую палітыку і стратэгію, што вельмі важна працягваць інтэнсіўную працу з грамадзянскай супольнасьцю, беларускім бізнэсам, экспэртамі, мас-мэдыя. Вельмі важна, каб Эўропа адкрыта сказала пра тое, што ў Беларусі ёсьць пэрспэктывы ў Эўразьвязе пасьля выкананьня ўсіх умоў, бо для росту праэўрапейскіх настрояў гэта неабходна, каб не было дэпрэсіі», — паведаміў БелаПАН Мілінкевіч.

Паводле Мілінкевіча, на сустрэчах закраналася таксама «старая тэма» — візавы рэжым. «Калі мы хочам, каб было больш прадэмакратычных настрояў, неабходна спрасьціць паездкі беларусаў, так як 70% зь іх ніколі не былі ў ЭЗ, дакладней, гэта ім недаступна», — адзначыў палітык.

«Я казаў ім, што важна садзейнічаць малому і сярэдняму бізнэсу ў Беларусі, пашыраць праграмы інвэставаньня, — сказаў Мілінкевіч. — Беларуская ўлада неаднастайная, частка бюракратыі мае рэфарматарскія настроі і гэтая частка павінна адчуваць сваю пэрспэктыву ў ЭЗ».

Акрамя таго, размова ішла аб тым, што вызваленьне палітвязьняў не дыскутуецца. «Пасьля вызваленьня важна разьвіваць праграмы партнэрства для мадэрнізацыі. Беларусь павінна не праз Расею ўступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, а самастойна. І яна ў стане правесьці мадэрнізацыю хутчэй за Расею. Гэта ўзмоцніць не толькі наш эканамічны патэнцыял, але і нашу незалежнасьць. Мы шмат казалі пра пагрозу эканамічнай анэксіі, пра тое, што прыватызацыя расейскімі алігархамі беларускай эканомікі і асабліва ўвядзеньне расейскага рубля могуць ануляваць нашы шанцы на эўрапейскі шлях. У Эўропе разумеюць гэтую небясьпеку», - заявіў лідэр руху «За свабоду».

Паводле Мілінкевіча, падчас перамоваў ён ня чуў галасы аб тым, што дэмакратызацыю Беларусі трэба правесьці праз Маскву. «Масква сама не дэманструе жаданьне рэальнай палітычнай лібэралізацыі, таму Беларусь павінна прайсьці гэты шлях самастойна», — адзначыў ён.

«Мае суразмоўцы адзначалі: Эўропа хоць і стамілася ад таго, што мэтады дэмакратызацыі Беларусі, наладжваньня інтэграцыйных праектаў, якія выкарыстоўваюцца, не працуюць, ніхто не апускае рукі і ўсё працягваюць лічыць Беларусь адным з прыярытэтаў — нягледзячы на тое, што ў Эўропы вельмі шмат праблем, у першую чаргу з эўра. Для ЭЗ мы застаёмся важным і пэрспэктыўным партнэрам», - сказаў Мілінкевіч.

28 чэрвеня Мілінкевіч запрошаны ў Брусэль, дзе пройдуць саміт Эўрапейскай народнай партыі з удзелам кіраўнікоў вядучых эўрапейскіх краін, і перамовы ў офісе вярхоўнага камісара ЭЗ па зьнешняй палітыцы Кэтрын Эштан. На 29 чэрвеня заплянавана размова з эўракамісарам па пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфанам Фюле.

26 чэрвеня Мілінкевіч выступіў на прадстаўнічай сустрэчы ў МЗС Нямеччыны, якую арганізавала кіраўнік дэпартамэнта Расеі, Украіны, Беларусі, Малдовы, Паўночнага Каўказа і Цэнтральнай Азіі зьнешнепалітычнага ведамства ФРН Сюзан Шутц.

У сваім выступе Аляксандар Мілінкевіч заклікаў эўрапейскіх палітыкаў не ізаляваць Беларусь, актывізаваць шматузроўневую, разьлічаную на многа гадоў наперад, супрацу зь беларускім грамадзтвам на ўзроўнях НДА, бізнэса, рэфарматарскі настроенай намэнклятуры, паведамляе сайт руху «За Свабоду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG