НАДВОР’Е:
Па большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуюць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпэратура ад +19 да +28.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
У Нацыянальным гістарычным музэі адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Андрэя Лукашэвіча «Помнікі і памятныя мясьціны 1812 году ў Беларусі». Пачатак у 17.00.
В рамках фэстывалю «Магутны Божа» у менскай канцэртнай залі» Верхні горад» (пл. Свабоды, 25) пройдзе канцэрт праекту «Зоркі Мэксыкі». Пачатак у 19.00.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава 15, інфармацыйна-выставачны цэнтар, пакой 110) пройдзе міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя «Экалёгія чалавека ў рашэньні сацыяльных праблем мінулага і сучаснага грамадзтва».
У Люксэмбургу маюць адбыцца паседжаньні Радаў Эўразьвязу ў замежных і агульных справах. Сярод іншага, будзе разглядацца стратэгія Эўразьвязу ў пытаньнях правоў чалавека.
У Харкаве пачнецца паседжаньне суду, які разгледзіць новыя абвінавачаньні супраць былой прэм’ер-міністаркі Ўкраіны Юліі Цімашэнкі. Яна ўжо адбывае сямігадовы тэрмін у калёніі за перавышэньне паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй. На гэты раз Цімашэнку абвінавачваюць у фінансавых махінацыях падчас кіраваньня карпарацыяй «Адзіныя энэргетычныя сеткі Украіны».
У вечаровым эфіры Свабоды — перадача «Праскі акцэнт». Чаго хоча дамагчыся апазыцыя на парлямэнцкіх выбарах, практыкуючы байкот, удзел у выбарах ці ціск на праўладных дэпутатаў? Над гэтым разважаюць лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў і намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка.
Паважаныя слухачы! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
У 1903 годзе нарадзіўся ангельскі пісьменьнік Джордж Оруэл, аўтар раману «1984» і аповесьці «Фэрма» (пераклад С. Шупа).
У 1967 годзе «Бітлз» у часе жывога тэлеэфіру прасьпявалі песьню «All You Need Is Love».
У 1984 годзе памёр Мішэль Фуко, францускі філёзаф і тэарэтык культуры.
У 1991 годзе Славенія і Харватыя прынялі дэклярацыі аб выхадзе са складу Югаслаўскай фэдэрацыі.
ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:
«У часы ўсеагульнага падману казаць праўду робіцца рэвалюцыйным учынкам».
Джордж Оруэл
«Душа — гэта турма цела».
Мішэль Фуко
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:
Набываць валюту на сацыяльныя мэты даводзіцца таксама ў чарзе
Дзьмітры Вус адмовіўся «стаць на шлях выпраўленьня»
Папярэджаньні за «рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі» ў Берасьці