Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набываць валюту на сацыяльныя мэты даводзіцца таксама ў чарзе


Пакуль у краіне не хапае валюты для ўсіх, Нацбанк стварыў чаргу для тых, каму яна патрэбная, даручыўшы «Беларусбанку» прадаваць наяўную валюту на сацыяльныя мэты. Гарадзенцы актыўна выкарыстоўваюць гэты шанец.

У Горадні сытуацыя з набыцьцём валюты, як і ва ўсёй краіне: пад абменьнікамі дзяжураць людзі; што прынесьлі і здалі, тое адразу набываецца.

У час летніх адпачынкаў праблема яшчэ болей абвастрылася, паколькі людзям няма з чым выяжджаць за мяжу.

Пытаюся ў звычайнай гарадзенкі — як яна ці яе знаёмыя набываюць валюту? Тая распавядае тыповую сытуацыю:

«Прыходзяць знаёмыя, і нядаўна былі, і пытаюцца, ці я ня ведаю, дзе набыць. А раней сяброўка прыходзіла, пыталася, каму прадаць, але ўжо па курсе большым, чым у абменьніках. І так вось ходзяць, выпытваюць, гатовыя хоць 30, хоць 10 і нават тры даляры набыць. Патроху людзі зьбіраюць, бо нікуды ня могуць выехаць на адпачынак».

Прыканцы красавіка Нацбанк дазволіў прадаваць «Беларусбанку» валюту на сацыяльна значныя расходы грамадзян за мяжой: лячэньне, аплату адукацыі і пражываньне студэнтаў, выезд у сувязі з хваробай ці сьмерцю блізкіх і іншыя мэты.

Гарадзенцы даволі хутка зарыентаваліся ў гэтым, і цяпер фактычна ўтварылася чарга на куплю валюты на сацыяльна значныя расходы. Пра гэта апавядае адзін з супрацоўнікаў валютнага аддзелу «Беларусбанка»:

Набываюць даволі часта, гэта ўжо вельмі адладжаны працэс.
«У нас ужо сёньня чалавек сем прайшлі толькі па адным аддзяленьні банка. Набываюць даволі часта, гэта ўжо вельмі адладжаны працэс. Праўда, мы разглядаем дакумэнты, адпраўляем іх у Менск, адтуль прыходзіць пацьвярджэньне, і мы тут вырашаем пытаньне».

Карэспандэнт: «А ці ёсьць нейкія абмежаваньні ў суме?»

Спадар: «Не».

Размаўляю са спадарыняй, якая такім чынам набыла валюту ў «Беларусбанку». Яна кажа, што часьцей за ўсё такім чынам набываюць валюту бацькі дзяцей, якія вучацца ў Польшчы. Адзіная ўмова: падрыхтаваць бездакорныя паперы, і людзі гэта ўжо навучыліся рабіць. Праўда, спадарыня зазначае, што апошнім часам трэба даўжэй чакаць, бо ўтварылася чарга:

«У банк бацькі павінны падаць камплект дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што сын ці дачка вучацца за мяжой: заяву, даведку зь месца навучаньня і даведку пра заробкі зь месца сваёй працы».

Днямі прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч запэўніў, што валюта для насельніцтва будзе, калі яна патрэбная на лячэньне, камандзіроўкі ды іншыя неадкладныя мэты. А вось продаж валюты фізычным асобам у абменьніках надалей будзе адбывацца ў межах здадзенай насельніцтвам валюты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG