Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заняла месца Беларусі ў рэйтынгу недзеяздольнасьці


Амэрыканскі Фонд міру і часопіс «Foreign Policy» апублікавалі свой сёлетні штогадовы рэйтынг недзеяздольнасьці дзяржаваў (Failed States Index). Гэты індэкс ацэньвае здольнасьць (ці няздольнасьць) уладаў кантраляваць цэласнасьць тэрыторыі, а таксама дэмаграфічную, палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне.

У сёлетнім індэксе ў параўнаньні зь леташнім стан Беларусі практычна не зьмяніўся: яна перасунулася з 83-га на 85-е месца сярод 177 краінаў (чым ніжэйшае месца, тым лепшая сытуацыя ў краіне).

Сёлетняе чарговае, хоць і нязначнае, паляпшэньне рэйтынгу дазволіла Беларусі захаваць у сьпісе лепшае месца за Расею. Сёлета Расея апынулася на 83-м месцы, на якім летась была Беларусь (Расея была 82-й у 2011 г., 80 — у 2010 г.).

Іншыя суседзі Беларусі таксама істотна не зьмянілі сваіх пазыцыяў, якія ў апошнія гады традыцыйна былі лепшымі за беларускі паказьнік. Украіна сёлета на 113-м месцы ў рэйтынгу (110 — у 2011 г., 109 — у 2010 г.); Латвія на 136-м (135 — у 2011 г., 136 — у 2010 г.); Польшча на 148-м (146 — у 2011 г., 142 — у 2010 г.); а Літва ад мінулага году засталася на 149-м месцы (146 — у 2010 г.).

Сярод паказьнікаў, паводле якіх робіцца ацэнка — дэмаграфічны ціск (вызначаецца шчыльнасьцю насельніцтва і наяўнасьцю этнічных канфліктаў), узровень эміграцыі, эканамічная сытуацыя, канфлікты ў сілавых структурах і эліце, легітымнасьць дзяржавы, ступень прыхільнасьці выкананьню законаў і захаваньню правоў чалавека, рызыкі замежнага ўмяшаньня ў палітычныя і ваенныя канфлікты, а таксама залежнасьць ад вонкавага фінансаваньня.

Як і ў папярэднія гады, Беларусь мае кепскія ацэнкі паводле легітымнасьці дзяржавы, выкананьню правоў чалавека і вяршэнства закона, падзелу ўнутры эліты і рызыкаў зьнешняга ўмяшаньня.

Самае значнае паляпшэньне рэйтынгу сёлета атрымаў Кіргізстан. У мінулым годзе рэйтынг гэтай краіны значна ўпаў пасьля палітычных забурэньняў і міжэтнічнага канфлікту, але ад таго часу кіргіскі ўрад здолеў правесьці пасьпяховую палітычную рэформу і арганізаваць стабільную зьмену ўлады.

На першым месцы ў сьпісе ўжо пяты год знаходзіцца Самалі, а найлепшы паказьнік захавала Фінляндыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG