Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задайце пытаньне ўдзельнікам пасяджэньня ААН


18 чэрвеня ў Жэнэве адкрываецца 20-я сэсія Рады ААН па правах чалавека, на якой будзе абмяркоўвацца, сярод іншага, і сытуацыя ў Беларусі.

У першы дзень працы сэсіі Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй праінфармуе Раду пра дзейнасьць свайго офіса, затым адбудуцца дэбаты па справаздачах камісара, яе офіса, а таксама генсакратара.

Сэсія працягнецца да 6 ліпеня. Разгляд беларускага пытаньня заплянаваны на 27 чэрвеня. У гэты дзень будзе прадстаўлены даклад Вярхоўнага камісара пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а затым яго абмяркуюць.

Шэраг няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку Фонд дамоў правоў чалавека, зьбіраюцца прапанаваць у ходзе дыскусіі зноў увесьці пасаду спэцдакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Такая пасада існавала да чэрвеня 2007 году, калі Рада ААН па правах чалавека яе скасавала.

Спэцыяльна да цяперашняй сэсіі вярхоўны камісар ААН падрыхтавала даклад па Беларусі, які ахоплівае пэрыяд з 19 сьнежня 2010 году па 23 сакавіка 2012-га.

Як раней паведамляў БелаПАН, у дакумэнце адзначаецца «сур’ёзнае пагаршэньне» сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Акрамя крымінальнага перасьледу лідэраў і актывістаў апазыцыі, дакумэнт згадвае пра прыняцьцё ўладамі Беларусі шэрагу нарматыўна-прававых актаў, якія істотна ўскладняюць дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў і правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго, узмоцнены кантроль за інтэрнэтам і істотна пашыраныя паўнамоцтвы праваахоўных органаў.

Асобная ўвага ў дакладзе аддадзеная сытуацыі з правамі беларускіх журналістаў. Так, падчас разгону акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году і пасьля сама менш 21 рэпартэра зьбілі, 27 журналістаў затрымалі, 13 — адміністрацыйна арыштавалі. На працягу 2011 году падчас маўклівых акцыяў пратэсту былі затрыманыя ня менш як 95 журналістаў: 22 супрацоўнікі СМІ паўсталі перад судом, 13 зь іх былі асуджаныя на розныя формы адміністрацыйнага арышту, астатніх аштрафавалі.

У дакладзе гаворыцца пра перасьлед праваабаронцаў, у тым ліку — пра рэпрэсіі ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага, асуджанага на турэмнае зьняволеньне, і ўзначаленага ім цэнтру «Вясна», які ў Беларусі мусіць працаваць нелегальна.

Вярхоўны камісар ААН таксама адзначае рэпрэсіі ў дачыненьні да беларускіх адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках. Іх перасьледавалі, ім пагражалі, некаторых пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

Дакумэнт закранае і праблему сьмяротнага пакараньня. Падкрэсьлена, што Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе яно прымяняецца. Апошнія сьмяротныя прысуды, адзначаецца ў дакладзе, былі выкананыя, нягледзячы на афіцыйную просьбу камітэту ААН па правах чалавека не рабіць гэтага, пакуль камітэт разглядае скаргі асуджаных.

Даклад рэкамэндуе беларускаму ўраду «неадкладна і безь якіх-колечы ўмоў вызваліць з-за кратаў прадстаўнікоў апазыцыі, актывістаў і журналістаў, якія падчас падзеяў 19 сьнежня 2010 года і пасьля не зьдзяйсьнялі ніякіх гвалтоўных дзеяньняў».

Уладам Беларусі таксама рэкамэндуецца правесьці «бесстароннае, годнае даверу і аб’ектыўнае расьсьледаваньне абставін арышту і затрыманьня вышэйзгаданых асобаў і прыняць неадкладныя меры для іх рэабілітацыі». Прапануецца правесьці «ўсебаковае, празрыстае і вартае даверу расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў аб прымяненьні катаваньняў і жорсткага абыходжаньня і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці».

У камэнтарах да гэтага паведамленьня чытачы могуць задаць нашаму карэспандэнту ў Жэнэве пытаньні, якія будуць пераадрасаваныя ўдзельнікам пасяджэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG