Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары праз тры месяцы: адзінства няма

абноўлена

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 23 верасьня. Ці вызначыліся з удзелам у выбарах асноўныя палітычныя сілы? Дадаліся камэнтары

Лукашэнка паставіў задачу забясьпечыць максымальнае садзейнічаньне працы міжнародных назіральнікаў на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах, перадае БелТА.

Пры гэтым ён падкрэсьліў: «Ніякіх міжнародных назіральнікаў цягнуць у краіну волакам не будзем, тым не менш, неабходна даць права тым, хто па сваім жаданьні захоча назіраць за выбарамі».

Лукашэнка таксама заявіў:

«Незаконныя дзеяньні, палітычныя правакацыі, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, павінны неадкладна спыняцца, а вінаватыя — несьці ўстаноўленую адказнасьць. Павага да закона абавязкова для ўсіх, без гэтага не можа быць ніякага дэпутата парлямэнта», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.




Мілінкевіч: Мы сур’ёзна будзем падтрымліваць кандыдатаў

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч кажа, што для яго пытаньне «Вы за ўдзел у выбарах ці за байкот?» бессэнсоўнае, пакуль ня будзе сказана, чаго мы хочам дасягнуць.




Уладзімер Роўда
Уладзімер Роўда
Роўда: Удзельнічаць у такіх выбарах азначае працаваць на Ярмошыну

«Удзельнічаць у такіх умовах у выбарах азначае працаваць на ўладу», — кажа «Свабодзе» палітоляг Уладзімер Роўда. «... удзел у гэтых выбарах — гэта ўдзел у фарсе. Гэта азначае працаваць на Ярмошыну, працаваць на тое, каб заганяць дэмакратычны электарат на галасаваньне. З абсалютна вядомым вынікам».



Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Лябедзька: мы выбралі сымбіёз

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што ён і яго партыя выступаюць і не за ўдзел у прызначаных на восень выбарах, і не за іх байкот.

«Хутчэй за ўсё, мы і не за ўдзел, і не за байкот, а за альтэрнатыву.»



Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
Беленькі: адвярнуцца ад тых, хто ўзурпаваў уладу

Намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі сказаў, што пазыцыя КХП БНФ ясная, зразумелая і пастаянная ўжо шмат гадоў: «У Беларусі даўно няма выбараў, як няма і парлямэнту».



Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Янукевіч: ў байкоце мы абсалютна ня бачым сэнсу

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ягоная партыя рыхтуецца да вылучэньня кандыдатаў на парлямэнцкія выбары.





Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
Рымашэўскі: пазыцыя БХД — толькі байкот!

Адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заявіў, што ён выступаў за байкот абвешчаных кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам выбараў.



Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына
Ярмошына: апазыцыя какетнічае

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ў размове са «Свабодай» выказала меркаваньне, што беларуская апазыцыя будзе ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў.




Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Някляеў: Я ў выбарах ня ўдзельнічаю

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка скарыстае выбары ў Палату прадстаўнікоў для ўзмацненьня свайго палачнага рэжыму.




На 19 чэрвеня прызначанае пасяджэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі.

У парадак дня ўключана 15 пытаньняў. Плянуецца зацьвердзіць апісаньне выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, мэтадычныя тлумачэньні, якія будуць тычыцца парадку правядзеньня выбараў, два асобных каляндарных пляна — па выбарах дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі.

Лукашэнка абяцае сьвята

Агучыўшы дату парлямэнцкіх выбараў 23 верасьня, Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Хачу адразу папярэдзіць. Ні пад кога звонку мы не павінны падладжвацца і ня будзем гэта рабіць. Выбары праводзяцца для беларускага народу і выключна ў яго інтарэсах. Беларусь — сувэрэнная дзяржава і ня прыме ніякага ўмяшаньня».

«Мы навучыліся праводзіць выбары як сьвята для беларускага народу. Давайце яшчэ раз зробім гэтае сьвята. Гэты дзень павінен быць сьвятам для людзей», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Ён даў рэкамэндацыі: «Прадстаўнікоў партый, незалежна ад іх палітычных поглядаў, якія годна сябе зарэкамэндавалі пры правядзеньні ранейшых выбарчых кампаній, трэба ўключаць у склад выбаркамаў. Тыя ж, хто раней спрыяў дэзарганізацыі выбараў, не павінны атрымаць другога такога шанцу».

Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў, што пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты не павінна быць ніякіх надуманых абмежаваньняў.

«Усіх, хто мае права быць зарэгістраваным, трэба рэгістраваць. Кожнаму грамадзяніну краіны павінны быць дадзеныя ўсебаковыя магчымасьці для рэалізацыі права абіраць і быць абраным. Мясцовыя органы ўлады павінны даць гарантыі вядзеньня перадвыбарных грамадзкіх мерапрыемстваў на ўмовах ня горшых, чым гэта было пры правядзеньні выбараў прэзыдэнта краіны ў 2010 годзе».

На думку Лукашэнкі, самую актыўную ролю на маючых адбыцца выбарах варта адвесьці назіральнікам «у першую чаргу ад канструктыўных палітычных партыяў, прафсаюзаў, моладзевых і вэтэранскіх арганізацый, працоўных калектываў»:

«Гэта дасьць магчымасьць узмацніць грамадзянскі кантроль за ходам парлямэнцкіх выбараў, зрабіць іх больш празрыстымі», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што незаконныя дзеяньні, палітычныя правакацыі, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, павінны неадкладна спыняцца, а вінаватыя — несьці адказнасьць. «Павага да закону абавязковая для ўсіх! Бяз гэтага ня можа быць ніякага дэпутата парлямэнту», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

«Відавочна, што вядзеньне перадвыбарнай агітацыі ня можа ажыцьцяўляцца паводле правілаў масавых вулічных акцыяў. Задача праваахоўных органаў — не дапусьціць перарастаньня перадвыбарных сустрэч у падобныя мерапрыемствы. Правапарадак павінен быць забясьпечаны паўсюль!» — папярэдзіў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG