Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дуліна ад Барадуліна» — для маральна ўстойлівых


Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

Гэтай кнігі я ня бачыў на паліцах бібліятэк. Я не сустракаў яе на букіністычным кірмашы ў Ждановічах, дзе можна знайсьці ўсё — ад пагрызеных мышамі савецкіх клясыкаў да юнацкіх вершаў Карла Маркса. На паліцах кнігарні «Ў», адведзеных пад модны апошнім часам бук-кросінг, яе таксама дарэмна шукаць. Кніга чытаецца, не збываецца і не прадаецца.

Знайсьці і прачытаць яе можна хіба на сайце Свабоды: www.svaboda.org. Аўтар кнігі з зайздросным чытацкім лёсам — народны паэт Рыгор Барадулін, які аднойчы патраціў цэлае лета, каб павесяліць нашых слухачоў.

— Дзядзька Рыгор, «Дуліна ад Барадуліна», якая выйшла ў 2004-м, мабыць, самая вясёлая ваша кніга. Праўда, назва ў яе, кажучы па-навуковаму, амбівалентная. Далікатны чытач можа і пакрыўдзіцца. Хто вам параіў так назваць кнігу?

— Памятаю, была прэзэнтацыя нейкай свабодаўскай кнігі, здаецца, «Быкаў на Свабодзе», і нехта мне падказаў такую назву — «Дуліна». Я дадаў — «Дуліна ад Барадуліна». Маецца на ўвазе — не чытачам, гэта я сам павінен глядзець на дуліну і думаць, на каго яе скіраваць. Але канкрэтна ні на каго я яе не скіроўваў. Проста хацеў трошкі пасвавольнічаць, разгуляцца. На Вушаччыне кажуць: разгуляўся, як сабака ў торбе. Вось і я так разгуляўся. Праўда, я стараўся ўсё ж заставацца ў пэўных межах. Разумееце, жыцьцё — яно ж не рафінаванае, я змалку чуў і лаянку, і папеўкі вушацкія брахлівыя. Тое, што называецца фалічным фальклёрам. Ён ня злосны, не абразьлівы. Без такога фальклёру ніводнае сьвята не абыходзілася.



— Пра неабходны ў сьвяты і будні фальклёр мы яшчэ пагаворым, цяпер хачу спытацца пра іншае. Цэлае лета вы выходзілі ў эфір з новым творам. Фактычна гэта была творчасьць, пастаўленая на радыёканвэер. Як вам працавалася ў такім напружаным рытме?

— Узяўся за гуж — не кажы, што нядуж. Разумееце, раз упрогся, ці ж мог я з баразны выскокваць? Калі каня паставілі ў баразну, то ён павінен цягнуць, бо атрымае пугай... А калі сур’ёзна, то я прывык да такой тэрміновай працы, калі займаўся перакладамі. Я вельмі шмат перакладаў, можа і зашмат, да розных датаў, дэкадаў. А калі перакладаеш, то даводзіца саманатхняцца, самога сябе накручваць, забывацца на ўсё і рабіць сваю работу. Так што да канвэернай працы я звыклы. Як ударнік камуністычнай працы.

— А цяпер давайце дагаворым пра той самы фальклёр. Галоўны бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук у прадмове да вашай кнігі надта ўжо настойліва заклікаў маральна няўстойлівых чытачоў не чытаць ваша эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца». У выніку, думаю, усе найперш і шукалі тое эсэ. У такі спосаб вы падмалоджвалі сваю чытацкую аўдыторыю?

— Канешне. Хоць сучасная моладзь усё гэта і без мяне ведае, прычым ведае на практыцы, ня трэба яе вучыць. Найперш мне хацелася зацікавіць маладых беларускай мовай. У нашым фальклёры пра самае інтымнае сказана вобразна, мэтафарычна. Ну, напрыклад: «Усхадзіліся суставы / каля печы, каля лавы, / самы меншы сустаў / з тапарышча ўстаў!»

— Дык гэта ж паэзія!

— Шэдэўр! Альбо: «А старой сто гадоў, а старому дзьвесьце. / Стары лесьвіцу майструе — на старую ўзьлесьці!». Ён можа ўзьлезьці, а можа і ўпасьці, але не баіцца — лезе... У фалічным фальклёры праявілася жывучасьць беларускай нацыі. І ў дзьвесьце гадоў беларусы займаюцца тым, чым займаюцца ў васямнаццаць... Што б ні пісаў, я заўсёды стараюся прыцягнуць увагу да беларускасьці. Можа, хоць так беларусы ўспомняць сваю мову. Сёньня мала чытаюць сур’ёзнага, цнатлівага — хай хоць пачытаюць такое, крыху распрыгоненае: «Кацілася калясо з клеці, / любіцеся харашо, дзеці!». Ну, там не «любіцеся», там другое слова... Справа ў тым, што гэтак званай ненарматыўнай лексыкі ў маім слоўнікавым запасе вельмі многа, я змалку яе наслухаўся. І таму я вырашыў ад яе ну... пазбаўляцца патроху, каб яна на мяне ня ціснула. Праўда, лексыку гэтую трэба ў меру ўжываць, ня ўсюды. У дадзеным выпадку гэта быў трохі хуліганісты зборнік «Свабоды», не газэта «Звязда», не «Советская Белоруссия», не «Правда». Зноў жа, калі забараняюць — тады цягне.

Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін


— На юбілейнай імпрэзе «Бібліятэкі Свабоды» гаварылася, што на надмагільным помніку нашага супрацоўніка Ўладзі Каткоўскага выбіта ваша эпіграма. І тут жа нехта ўсіх супакоіў, што ўсім свабодаўцам эпітафіі ўжо гатовыя — ад Барадуліна. Эпіграма стала эпітафіяй. Дзіўнае пераўтварэньне жанраў, ці ж ня так?

— Гэта гаворыць пра тое, што мае эпіграмы ня злыя, яны без зьмяінага яду, яны ўсё-такі трымаюцца на ўсьмешцы. А бываюць і злыя, і нахабныя. Вядома ж, я пісаў не з разьлікам на эпітафіі, пісаў — на доўгае жыцьцё. Хай супрацоўнікі Свабоды жывуць бязьмежна доўга, я напішу ім новыя радкі — да новых юбілеяў, на 70-годзьдзе «Свабоды», на 80-годзьдзе, на 90-годзьдзе...

— Што ж, лаўлю вас на слове. Паэты — дужа крыўдлівыя. Я ў гэтым пераканаўся, калі складаў паэтычныя анталёгіі. Таго недахваліў, таму радкоў не дадаў... А за эпіграмы на вас хто-небудзь сур’ёзна крыўдаваў?

— Канешне, многія крыўдзіліся. Ну, памятаю, была ў мяне такая эпіграма на аднаго раманіста, які ў загалоўках сваіх твораў любіў ужываць назвы дрэў: «Упершыню ў саліднай прозе / шумелі сосны пры дарозе, / гулі дубы, цьвілі таполі, / наогул — дроў у нас даволі». Раманіст мяне неяк перастрэў: «Ведаю, гэта ты пра мяне напісаў!». А я кажу: «Ды не, я ўвогуле напісаў: дрэў у нас даволі, а карэктары паправілі на „дроў“, я ня вас меў на ўвазе». Ці такая эпіграма: «Два літаратурныя Іваны, / каб ня змыўся зь іх цэкоўскі глей, / са свайго ж дзярма прымаюць ванны — / і самакупней, і цяплей». Адзін з Іванаў таксама сябе пазнаў, прыстаў да мяне з прэтэнзіямі. Ды не, кажу, гэта пра членаў ЦК... Усё жыцьцё даводзілася працаваць пад дурня. Калі б адкрыта — маглі б быць, як тады казалі, «аргвывады». Хто крыўдзіўся, хто — не. Так і на крытыку па-рознаму рэагавалі. Помню, неяк мы з Васілём Быкавым размаўлялі пра чарговы крытычны выпад супраць яго. Ён жа вонкава быў такі спакойны, як скала. І раптам ягоная фраза: «І тут ва мне ўсё затрымцела». Гэта Быкаў сказаў! Ён усё ж моцна перажываў. На яго ж столькі бруду вылілі, і да гэтага часу выліваюць. Што да эпіграмаў, то некаторыя не разумеюць, што дзякуючы эпіграмам іх ведаюць. Эпіграма — гэта ж своеасаблівая рэкляма. Чым зьлейшая, тым лепш запамінаецца прозьвішча. А ў нас многія хочуць, каб іх хвалілі, хвалілі і хвалілі. Гэта яшчэ з савецкіх часоў ідзе. Тады партыя вызначала: каму — колькі хвалы, каму — колькі крытыкі.


З Васілём Быкавым на праспэкце Незалежнасьці ў Менску
З Васілём Быкавым на праспэкце Незалежнасьці ў Менску


— А на сябе эпіграмы вы памятаеце?

— Не, не памятаю. Хоць і на мяне пісалі. У першыя моманты, канешне, крыўдна, адразу як вожык натапырваесься, а пасьля забываецца. Я ня з тых, каторыя помняць усё жыцьцё. У нас ёсьць, каторыя помняць усё жыцьцё.

— Вы ў такім разе не злапомны чалавек. У вашай кнізе апрача славутага эсэ пра сэкс ёсьць і эсэ «Як беларусы адпачываюць». А вы самі як адпачываеце?

— Разумееце, паняцьця адпачынку ў мяне няма. Як гэта ні дзіўна гучыць, я адпачываю, калі працую. Праца для мяне — самы лепшы адпачынак. Калі не працую, тады мне дрэнна — і галава баліць, і ўсё ня так, і ўжо канец сьвету настае. А чым больш працую, тым больш адпачываю. У свой час я любіў езьдзіць у Прыбалтыку, асабліва ў Латвію, у пісьменьніцкі Дом адпачынку. Але ізноў-такі я там працаваў, як чорны вол. Тое самае было з Уладзімерам Караткевічам. Ну, Караткевіч — гэта быў звышчалавек. Ён мог, не адрываючы рукі ад паперы, напісаць шэсьць старонак прозы! Сёньня часам даводзіцца чуць: Караткевіч піў, Караткевіч запіваў... Каб ён піў і запіваў, як ён напісаў бы дваццаць пяць тамоў? Вось цяпер пачынае выходзіць яго Збор твораў у 25 тамах, і гэта яшчэ ня ўсё. Хіба столькі можна з пахмельля напісаць? Калі ён чарку і браў, то — каб сябе трошкі разьняволіць, напружаньне зьняць. Памятаю, былі мы ва Ўладзівастоку. І пакуль мы з Генадзем Кляўко ў кавярню ці да мора сходзім, Караткевіч пойдзе ў тайгу. Хадзіў-хадзіў і — напісаў «Чазенію».

— Нядаўна выйшла кніга вашых гутарак з Сяргеем Шапранам «Тры мяхі дзядзькі Рыгора». Ці можна яе лічыць працягам «Дуліны...»?

— У нечым — так. Па сутнасьці, я расказаў Шапрану ўсё, што ўспомнілася — з вартага ўспаміну. Ён запісваў, бо мне цяпер цяжка пісаць — зрок пагоршаў, рука ня слухаецца.

— Днямі мне патэлефанавалі з майго роднага мястэчка Дзярэчын і паведамілі, што зачыняецца мясцовая бібліятэка. Аказваецца, толькі на адной Гарадзеншчыне сёлета заплянавана ліквідаваць каля 90 бібліятэк. Як вы расцэньваеце такі намер уладаў?

— Ідзе страшэннае абалваньваньне народу. Беларускія школы закрываюць, беларускія аддзяленьні ў некаторых унівэрсытэтах ліквідуюць. Закрыюць бібліятэкі — што застанецца людзям? Папсу глядзець па тэлебачаньні. Гэта проста ідзе зьнішчэньне нацыі, прычым санкцыяванае на самым высокім узроўні. Закрыюць школы, бібліятэкі, а адкрыюць больш забягалавак, дзе будзе прадавацца таннае чарніла. Я неяк бачыў па тэлебачаньні такі сюжэт. Паказвалі расейскую глыбінку, там кітайцы працуюць, дарожку брукаваную вядуць. Ля іх спыняецца расейскі Вася з бутэлькай у руках: «Пускай работают, они глупые». Ён — разумны, ён — вышэй за іх... Гэта ж страшна. Тое самае ў нас. Ідзе мэтанакіраванае і плянавае абалваньваньне, зьнішчэньне нацыі. А ня будзе нацыі — будзе зброд, статак, які ня думае, а выконвае каманды.

— У Вас усе шафы ў кватэры запоўненыя кнігамі. Цяпер ад кніг многія пазбаўляюцца. А вы?

— Частку кніг і я стараюся камусьці падараваць. Застаецца пераважна даведачная літаратура. Разумееце, у свой час інтэрнэту не было, і ўся інфармацыя праз кнігу прыходзіла. І добрую кнігу было цяжка здабыць. У чэргах стаялі.

— І вы стаялі? А па што?

— Ну, скажам, па падпіску на Ясеніна. Частку кніг я хацеў падараваць Вушацкай бібліятэцы — ім нічога ня трэба. Увогуле, вушацкае раённае начальства робіць выгляд, што мяне няма на сьвеце. Ну, а я раблю выгляд, што яго няма.

— Якую кнігу з «Бібліятэкі Свабоды», на вашу думку, варта перавыдаць?

— Тут Аляксандар Лукашук угадаў мае думкі. Я заўсёды лічыў, што варта перавыдаць «Слоўнік Свабоды». Там жа сабраныя ўсе знакавыя словы ХХ стагодзьдзя. Вось і перавыдалі нядаўна. Добра, што кнігі «Свабоды» разыходзяцца, яны не ляжаць на складзе.

У Бычках – на радзіме Быкава
У Бычках – на радзіме Быкава


— Ведаю, што вам па-ранейшаму пішацца — на радасьць нам, вашым чытачам. Давайце завершым гутарку вашым сьвежым творам.

— Літаральна ўчора я напісаў верш «Свабода — свабодная самая». Думаю, што ён прагучыць у Бычках на дзень народзінаў Васіля Быкава, дзе будуць уручацца прэміі ад руху «За свабоду»:

Свабода — зорная нарачанка.
Вякі — нясхібныя дзівакі —
Дамагаюцца ейнай рукі
Для небасхілавага пярсьцёнка.
Свабода — сьмелы абсяг паважае,
Няшчадна зьнішчаючы краты, замкі,
Да мэты вучыць ісьці напрасткі.
Баліць свабодзе бяда чужая.
Адпрэчваючы прыслужнікаў згоды,
Слова свабода крылатай радні —
Пад небам вернасьці і вышыні
Свабодныя самыя — вязьні свабоды.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG