Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму баявыя пілёты гінуць у мірны час?


На Лідзкай авіябазе «Свабодзе» паведамілі, што падпалкоўніка Грыднева, які загінуў учора ў авіякатастрофе «СУ-25» у Наваградзкім раёне, пахаваюць у пятніцу 15 чэрвеня. У Мікалая Грыднева засталіся жонка і дзьве дачкі — 8 гадоў і 8 месяцаў. За апошнія тры гады ў Беларусі разьбіліся 5 самалётаў і загінулі 8 лётчыкаў.

Вайсковы лётчык першай клясы падпалкоўнік Мікалай Грыднеў 12 чэрвеня на авіяпалігоне паблізу мястэчка Бярозаўка Лідзкага раёну выконваў манэўры на гранічна малой вышыні, калі ягоны «СУ-25» страціў кіраваньне. Грыдневу далі каманду катапультавацца. Але пілёт загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Наваградзкага раёну.

У Мікалая Грыднева, якому было 36 гадоў, засталіся жонка Тацяна, выкладчыца лідзкай музычнай школы, і дзьве дачкі — 8-гадовая Насьця і 8-месячная Варвара. Бацькі Грыднева памерлі некалькі гадоў таму. Мікалай Грыднеў родам зь Ліды, скончыў Кіеўскую сувораўскую вучэльню, Тамбоўскую лётную вучэльню і Акадэмію Ўзброеных сіл Беларусі, распавяла «Свабодзе» сястра нябожчыка Алена:

«Гэта быў цудоўны чалавек, вясёлы, жыцьцярадасны, аптыміст па жыцьці. І высокакваліфікаваны спэцыяліст. Ён зь дзяцінства марыў лятаць. Пра сваю працу ён заўсёды казаў толькі станоўчае, добра казаў пра свой калектыў, усё ў іх было дружна. Ён увогуле быў вельмі аптымістычны, бачыў толькі добрае».

Пра нейкія няштатныя сытуацыі брат нічога не распавядаў, кажа Алена, учарашняя сталася першай і апошняй у ягонай біяграфіі.

На 116-й штурмавой авіябазе паведамілі, што, паводле папярэдняй інфармацыі, хаваць Мікалая Грыднева будуць у пятніцу.

«Гэта быў добры сябар і таварыш, баявы афіцэр. Спэцыяліст першай клясы. Магу пра яго распавядаць толькі станоўчае», — сказаў «Свабодзе» адзін з калегаў Грыднева па Лідзкай авіябазе.

На пытаньне, якое зараз актыўна абмяркоўваецца на авіяфорумах, — чаму не катапультаваўся Мікалай Грыднеў, — ягоныя калегі пакуль не гатовыя адказаць:

«Зараз працуе камісія, і яна вызначыць, што, чаму, дзе і як».

За тры апошнія гады ў Беларусі разьбіліся 5 вайсковых самалётаў і загінулі 8 лётчыкаў. 30 жніўня 2009 году падчас авіяшоў у польскім Радаме разьбіўся «Су-27» Баранавіцкай авіябазы, загінулі пілёты Аляксандар Марфіцкі і Аляксандар Жураўлевіч. 21 красавіка 2010 года ля Ружан сутыкнуліся ў паветры два «МіГ-29», абышлося без ахвяр. 23 верасьня 2010 году ў Ганцавіцкім раёне пацярпеў катастрофу «МіГ-29», загінулі лётчыкі Сяргей Каваленка і Аляксандар Жыгайла. 29 лістапада 2011 года ў раёне аэрадрому «Пружаны» адбылося крушэньне верталёта «Мі-24» 181-й баявой верталётнай базы, тры чальцы экіпажа загінулі.

Гэтую сумную храналёгію ацэньвае адстаўны спэцыяліст у галіне вайсковай лётнай тэхнікі:

«Там былі самыя розныя прычыны, наўрад ці можна тут прасачыць нейкую тэндэнцыю. Калі сутыкнуліся МіГ-29, то там, хутчэй за ўсё, быў чалавечы фактар, у Польшчы быў проста форс-мажор... Тэндэнцыі немагчыма прасачыць. Лічу, што тут толькі адно можа быць — што самалёты ня новыя і набралася пэўная колькасьць няспраўнасьцяў, якія не ўва ўсіх выпадках выяўляюцца пры рамонце».

На ўзбраеньні ў беларускіх ВПС — самалёты толькі савецкай вытворчасьці. Самыя новыя зь іх выпушчаныя ў канцы 80-х гадоў, іх рамонтам займаецца Баранавіцкі авіярамонтны завод. Ад абслугоўваньня сваіх «СУ-25» у кампаніі «Сухой» Беларусь адмовілася.

Пасьля ўчарашняга здарэньня міністар абароны Юры Жадобін забараніў усе палёты вайсковай авіяцыі, пакуль не завершацца сьледчыя дзеяньні. Крымінальную справу па факце аварыі кантралюе кіраўніцтва Сьледчага камітэту.

Як паведаміў Інтэрфакс са спасылкай на Мінабароны, нягледзячы на цяперашняе спыненьне палётаў, вайсковая авіяцыя будзе ўдзельнічаць у парадзе 3 ліпеня ў Менску. Самалёты «СУ-25» традыцыйна бяруць удзел у такіх парадах.



View Навіны, Наваградзкі раён, Гарадзенская воласць in a larger map
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG