Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу Стэфановіча ў судзе паклалі пад сукно


Менскі гарадзкі суд адмовіў праваабаронцу Валянціну Стэфановічу ў задавальненьні пазову аб узбуджэньні дысцыплінарнай справы ў дачыненьні да судзьдзі суду Цэнтральнага раёну Менску Алены Сямак.

«Па падобных скаргах судзьдзі абавязаныя вынесьці рашэньне на працягу аднаго месяца з дня атрыманьня скаргі. Такія патрабаваньні грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства. Пасьля атрыманьня скаргі судзьдзя абавязаны альбо адмовіць заяўніку ва ўзбуджэньні справы пры наяўнасьці для таго законных падстаў, альбо пакінуць скаргу бяз руху для выпраўленьня наяўных недахопаў, альбо распачаць справу», — растлумачыў Стэфановіч БелаПАН.

Аднак судзьдзя Сямак, якой скаргу перадалі ў вытворчасьць, да гэтага часу не прызначыла дату яе разгляду.

4 траўня Стэфановіч накіраваў на імя старшыні Менгарсуду заяву аб парушэньні заканадаўства з боку Алены Сямак. У адказе старшыня Менгарсуду Ўладзімер Пуціла паведамляе пра «загружанасьць судзьдзі», а таму, заяўляе ён, «падстаў для прыцягненьня Сямак па ўказаных у скарзе довадах у цяперашні час не ўстаноўлена».

«Я не разумею тэрміну „загружанасьць судзьдзі“. Ёсьць законам вызначаны тэрмін для разгляду справы. Дык што, суд разглядае справы ў парадку жывой чаргі або ў парадку нейкай ім самім вядомай важнасьці, а справа Стэфановіча можа пачакаць? Я разглядаю такія дзеяньні проста як адмову ў доступе да правасудзьдзя», — заявіў Стэфановіч.

Я не разумею тэрміну „загружанасьць судзьдзі“. Ёсьць законам вызначаны тэрмін для разгляду справы
Валянцін Стэфановіч

Паводле ягоных слоў, з аналягічнай праблемай сутыкнуліся шматлікія невыязныя палітычныя і грамадзкія дзеячы. «Усё, хто накіроўваў скаргі ў суд, не атрымалі ніякага адказу, г.зн. суды проста маўчаць. Так што гэта сыстэматычная практыка па адмове ў правасудзьдзі», — лічыць Стэфановіч.

Зараз праваабаронца чакае адказу з МУС, куды накіраваў зварот з просьбай выключыць ягонае прозьвішча з банку дадзеных грамадзян, якім часова абмежавана права выезду. «Пасьля таго як я прайду ўсе інстанцыі на нацыянальным узроўні, я пляную зьвярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека з нагоды адмовы ў рэгістрацыі праваабарончага цэнтру „Вясна“, незаконнага абмежаваньня права пакідаць сваю краіну, а таксама ў сувязі з тым, што мне было адмоўлена ў правасудзьдзі ў краіне», — заявіў Стэфановіч.

11 сакавіка Валянцін Стэфановіч ня змог выехаць зь Беларусі. На беларуска-літоўскай мяжы супрацоўнікі памежнай службы заявілі, што яму адмоўлена ў выезьдзе.

21 сакавіка Стэфановіч зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну Менску са скаргай на рашэньне аб уключэньні яго ў сьпіс невыязных зь Беларусі. Скарга была атрыманая судом Цэнтральнага раёну 26 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG