Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніцу старшыні Саюзу палякаў аштрафавалі на 5 мільёнаў рублёў


Несанкцыянаваны пікет 1 чэрвеня

Рэнаце Дзямянчук, віцэ-старшыні не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, ў Ленінскім судзе Горадні прысудзілі штраф у 5 мільёнаў рублёў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць увядзеньня расейскамоўных клясаў у школе з польскай мовай навучаньня.

Паводле Дзямянчук, судзьдзя Ксенія Стасюкевіч, калі выносіла прысуд, улічыла паказаньні толькі сьведак-міліцыянтаў, якія блытана сьцьвярджалі, што яна брала актыўны ўдзел у акцыі, крычала і махала рукамі. Яе паказаньні пад увагу не ўзялі.

Рэната Дзямянчук — ужо дзевятая асоба, асуджаная за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, арганізаванай не прызнаваным уладамі Саюзам палякаў.

Дзьмухоўскага аштрафавалі на 4,5 мільёны рублёў

Таксама 7 чэрвеня на чатыры з паловай мільёны рублёў аштрафаваны грамадзкі актывіст Эдвард Дзьмухоўскі за удзел у несанкцыянаваным пікеце.

Дзьмухоўскі кажа, што ня ўдзельнічаў у акцыі, а праходзіў побач і заўважыў, як людзі ў цывільным цягнуць у аўтобус ягонага сябра Ігара Банцара. Тады арыштавалі і Дзьмухоўскага.

Справу Дзьмухоўскага разглядалі 6 чэрвеня, але судзьдзя не вынесла рашэньня, паколькі на прадстаўленым міліцыянтамі відэазапісе Дзьмухоўскага не было.

7 чэрвеня судзьдзя Натальля Козел, зачытваючы рашэньне, спаслалася толькі на сьведчаньні міліцыянтаў і на гэтай падставе вынесла прысуд.

Старшыня Рады не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэй Пачобут кажа, што яны чакалі такіх высокіх штрафаў, бо ўсё гэта скіравана на тое, каб запалохаць людзей і спыніць пратэсты. Аднак, паводле Пачобута, настроі ў сябраў арганізацыі даволі рашучыя.

Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
​«Мы і надалей будзем працягваць гэтыя акцыі, бо іх мэта — прыцягнуць да гэтае праблемы ўвагу грамадзкасьці ў Беларусі і Польшчы. І мы працягнем кампанію ў абарону польскай школы. Дзеля гэтага плянуюцца новыя мерапрыемствы».

Несанкцыянаваны пікет супраць увядзеньня ў школе № 36 з польскай мовай навучаньня расейскамоўных клясаў адбыўся ў Горадні ў 1 чэрвеня. На акцыі затрыманыя каля 20 чалавек. Восем зь іх ужо асудзілі. Ігар Банцар атрымаў 13 сутак арышту, астатнія штрафаваныя ад аднаго да пяці мільёнаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG