Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні ў Горадні

абноўлена

Горадня. Затрыманьні на акцыі супраць русыфікацыі польскай школы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:31 0:00
Наўпроставы лінк

Горадня. Затрыманьні на акцыі супраць русыфікацыі польскай школы

Затрыманыя Андрэй Пачобут, Ян Роман, Ігар Банцар, Эдвард Дзьмухоўскі, Юля Каляда.

Свае ўражаньні ад пікету пані Ганна. Ёй, дарэчы, 73 гады.

«Да прыкладу, у мяне быў польскі сьцяг, яны яго вырвалі з рук і паламалі, за што мне было вельмі крыўдна. Ну, і хацелі мяне забраць у аўтобус, пачалі піхаць. Я пагадзілася, бо супраціўляцца не было як. У мяне 2 група інваліднасьці, і я ім кажу, што там хоць пакормяць якой баландой. А яны ўзялі і выпіхнулі мяне з аўтобуса».

Свае ўражаньні дадае пэнсіянэрка пані Тэрэза:

«Амапаўцы вельмі моцна білі нашага журналіста Ігара Банцара. Страшна, бо ён быў увесь чорны. Я яму дапамагала, але мне замінала сумка. Я прыехала зь вёскі, пахавала тату. Я прыехала, бо ведала, што гэта вельмі важна — тут быць і бараніць польскую школу».

16.20 З пастарунку адпусьцілі Эдварда Дзьмухоўскага, які браў удзел у несанкцыянаванай акцыі супраць увядзеньня расейскіх клясаў у польскай школе. На яго склалі пратакол, суд адбудзецца ў панядзелак.

15.23 Ігара Банцара, затрыманага і моцна зьбітага падчас несанкцыянаванай акцыі, судзіць будуць сёньня. Ягоная жонка, Анжаліка Арэхва паехала дамаўляцца з адвакатам.

15.00 З пастарунку выпусьцілі журналістку газэты «Глос з над Нёмана» Гражыну Шалкевіч, якая была затрыманая падчас несанкцыянаванай акцыі. Яе забралі разам з групай з 8 чалавек. На ўсіх склалі пратаколы, у панядзелак маюць адбыцца суды.

14.45 З пастарунку ў Горадні выпусьцілі актывіста СПБ Мечыслава Яськевіча. Ён быў затрыманы ў горадзе, калі ішоў на акцыю супраць увядзеньня расейскіх клясаў у польскай школе. На яго не складалі пратакол, папросту правялі прафіляктычную гутарку.

14.00 Затрыманаму Банцару ў аддзяленьне міліцыі «Цэнтар» выклікалі «хуткую». Калі яго затрымлівалі, ён ударыўся галавой аб асфальт.

Анжаліка Арэхва, жонка Банцара, са спасылкай на іншых затрыманых заявіла «Свабодзе», што мужа зьбівалі.

Арэхва кажа, што яна ня ведае, дзе зараз знаходзіцца Банцар.

13.30 Зь міліцыі выпусьцілі Андрэя Пачобута і Генадзя Піцко. Андрэя Пачобута затрымалі напярэдадні акцыі. Яго выклікалі ў міліцыю, каб папярэдзіць пар незаконны характар акцыі, і там пратрымалі тры гадзіны.

Журналіст Андрэй Пачобут, якога пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны, кажа, што падаваліся заяўкі на правядзеньне чатырох пікетаў, але ўлады не дазволілі ніводнага. Ён кажа, што такім чынам беларускія ўлады праводзяць сваю палітыку адносна нацыянальных меншасьцяў.

Пачобут: «А ўлады будуць рабіць добрую карцінку сёньня пра тое, як добра жывецца нацыянальным меншасьцям у краіне. А тым часам усе гэтыя праблемы, якія існуюць у нацыянальных меншасьцяў, у прыватнасьці ў польскай, яны павінны быць схаваныя, замеценыя пад дыван. І трэба, каб быў спакой, а спакой наша ўлада толькі кулакамі ўмее ўсталёўваць».


12.30 Выпусьцілі Яна Романа. Яго затрымалі каля ўласнага дому і паведамілі, што выпусьцяць праз тры гадзіны. Спачатку Романа адвезьлі ў РАУС Ленінскага раёну, затым у аддзяленьне крымінальнай міліцыі па вуліцы Тэльмана. Там яму загадалі выключыць мабільны тэлефон і прапанавалі пагартаць юбілейнае выданьне кнігі «Гісторыя крымінальнай міліцыі».

Журналіст Ян Роман, якога затрымалі да пачатку акцыі побач з домам, заўважыў, што, разагнаўшы пікет, улады паказалі, чаго вартыя ў Беларусі нацыянальныя меншасьці. Ён адзначыў яшчэ адну дэталь: у акцыі бралі ўдзел усяго некалькі бацькоў тых дзяцей, якія вучацца ў польскай школе. Роман: «Напэўна, людзей павінна было быць нашмат болей, бо ў польскай школе больш за 500 вучняў, а бароняць польскасьць бабулі сталага веку. Невядома, чаму тады абыякавыя гэтыя бацькі, чые дзеці там вучацца. Я ведаю, што яны зьбіралі подпісы, але зьбіраць подпісы — гэта адно, а выйсьці публічна і выказаць свае меркаваньні — гэта зусім іншае».


12.20 Андрэй Пачобут, Ігар Банцар, Эдвард Дзьмухоўскі знаходзяцца ў аддзяленьні міліцыі «Цэнтар» па вуліцы Гараднічанскай.

12.05 Юлія Каляда знаходзіцца ў міліцыі Ленінскага раёну Горадні. Дзяўчына паведаміла «Свабодзе», што разам зь ёй яшчэ 10 затрыманых удзельнікаў акцыі і журналістаў.

11.35 Фэйсбук грамадзкага актывіста Алеся Кіркевіча: «Новыя затрыманыя, сярод іх Юля Каляда, са слоў дзяўчыны іх чалавек 6, трымаюць у машыне без усялякіх тлумачэньняў у р-не Дзевятоўкі».

11.20 У міліцыі Ленінскага раёну Горадні таксама знаходзяцца актывісты непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Ігар Банцар і Эдвард Дзьмухоўскі.

Пані Тацяна, якая была побач, кажа пра тое, як забіралі Ігара Банцара:

«Ну, страх было, каб так біць чалавека... гэта проста немагчыма, як яны яго білі, я была ў дзьвярах аўтобуса і спрабавала бараніць. Яны зь яго ўсё сарвалі. Мяне таксама. Праўда, ня білі ў твар, але я ўся зьбітая».


11.17 У пікеце на плошчы засталіся стаяць толькі людзі сталага веку. На плошчу зноў прыехаў міліцэйскі аўтобус. Пікетоўцы пачынаюць разыходзіцца.

Усяго ў пікеце ўдзельнічалі з паўсотні чалавек.







11.10 Андрэй Фралоў паведаміў «Свабодзе», што пад ягоным пад’ездам дзяжурыць міліцыя.

11.05 Удзельнікі пікету насупраць будынка аблвыканкаму разгарнулі плякат «Не аддамо польскую школу» ў абарону 36-й школы. Яны сьпяваюць польскія песьні.

Міліцыянты затрымалі 10 чалавек. Іх зьвезьлі ў аўтобусе ў невядомым кірунку.

11.00 Бацькі вучняў 36-й школы ў пікеце ня ўдзельнічаюць, паведаміла маці адной з вучаніц школы.

10.58 За ўдзельнікамі акцыі сочыць міліцыя і людзі ў цывільным. Журналіст Ян Роман знаходзіцца ў міліцыі Ленінскага раёну Горадні.

10.55 Каля аблвыканкаму цяпер больш за 30 сябраў неафіцыйнага «Саюзу палякаў у Беларусі», якія прыйшлі пратэставаць супраць увядзеньня рускамоўных клясаў у польскай школе № 36.

10.50 Дзянісаў не пусьціў міліцыянтаў. Яны ломяцца да яго дахаты.

10.40 Андрэй Пачобут знаходзіцца ў міліцыі Ленінскага раёну Горадні.

Тэлефон Романа не адказвае.

Міліцыянты прыйшлі дадому да Алеся Дзянісава — незалежнага музыкі і журналіста.

Аб 11-й гадзіне павінна была адбыцца несанкцыянаваная акцыя непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі супраць русыфікацыі адзінай у Горадні польскай школы.

Акцыя павінна была адбыцца каля гарадзенскага аблвыканкаму.

22 траўня ўлады Горадні забаранілі пікеты супраць зьмены моўнага рэжыму ў польскамоўнай школе № 36.

Бацькі вучняў турбуюцца, бо ўлады плянуюць разьмясьціць у школе клясы з расейскай мовай навучаньня.

Улады спасылаюцца на перагружанасьць іншых школ у мікрараёне Дзевятоўка.

Школа з польскай мовай навучаньня была пабудаваная ў сярэдзіне 1990-х гадоў на грошы польскага ўраду. Заняткі ў ёй адбываюцца ў адну зьмену.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG