Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка хацеў бы, каб Пуцін абараніў Беларусь»


Чаго чакаць ад візыту Ўладзімера Пуціна?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:19 0:00
Наўпроставы лінк

31 траўня пачынаецца візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Беларусь. Чаму першы замежны візыт новага расейскага кіраўніка будзе нанесены ў Менск? Ці па-ранейшаму Расея лічыць Беларусь сваім галоўным саюзьнікам? Які магчымы парадак дня перамоваў?

Удзельнікі: намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Ці па-ранейшаму Расея лічыць Беларусь сваім галоўным саюзьнікам?


Валер Карбалевіч: «Апошнімі гадамі было шмат камэнтароў наконт таго, што беларуска-расейскія дачыненьні перажываюць крызіс, што праект „саюзная дзяржава“ памёр, што Беларусь больш ня ёсьць галоўным саюзьнікам Расеі. Расейскія мэдыі вельмі крытычна ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, першы замежны візыт Уладзімер Пуцін робіць у Менск. Што значыць гэтая дэманстрацыя прыярытэтаў?»

Андрэй Суздальцаў: «Для чацьвёртага прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна праект Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) і Эўразійскага саюзу вельмі важны. Гэты праект падтрымліваюць пакуль толькі Беларусь і Казахстан. На яго Расея выдзяляе вялікія рэсурсы. З гэтага гледзішча першы візыт Пуціна ў Менск лягічны. Гэта фарматная рэч.

Але для Расеі гэты візыт — падзея не эпахальная. Існуюць сур’ёзныя праблемы ў дачыненьнях паміж Менскам і Масквою. І яны нарастаюць. Існуюць 7–8 пытаньняў, якія патрабуюць як найхутчэйшага абмеркаваньня. Вось, напрыклад, ужо сёньня зьявілася інфармацыя, што Беларусь і Расея знаходзяцца на старце чарговай малочнай вайны. Таму, акрамя цырыманіяльнай часткі, будуць цяжкія рабочыя перамовы».
У Расеі больш праблемаў у дачыненьнях зь Беларусьсю, чым з Казахстанам.

Андрэй Фёдараў: «Адразу было відавочна, што першы візыт будзе нанесены ў адну з краін-сябраў АЭП. Гэта вынікае зь перадвыбарчай рыторыкі Пуціна. Падчас выбарчай кампаніі было шмат антызаходняй рыторыкі, Пуцін не паехаў на саміт „вялікай васьмёркі“. Выбар быў толькі паміж Беларусьсю і Казахстанам. Магчыма, выбар на карысьць Менску быў вызначаны тым, што пасьля Пуцін зьбіраецца наведаць Бэрлін і Парыж, гэта па дарозе.

Яшчэ адзін момант. У Расеі больш праблемаў у дачыненьнях зь Беларусьсю, чым з Казахстанам. І гэта таксама вызначыла выбар Пуціна. Бо калі ёсьць праблемы, то іх трэба хутчэй разьвязваць».

Візыт у Менск у кантэксьце адносін Расеі з Захадам


Карбалевіч: «Ці паўплывалі на выбар адрасу першага пуцінскага візыту напружаныя адносіны Расеі з Захадам? Пуцін не паехаў у ЗША на саміт G-8, а сабраў саміт СНД і АДКБ. І вось першы візыт — у Беларусь, якая цяпер у зацяжным канфлікце з ЭЗ. Якія сыгналы дасылае такім чынам Расея?»

Суздальцаў: «Не, я так ня думаю. Адносіны Расеі з Захадам заўсёды напружаныя. Я вось толькі што атрымаў даклад экспэртаў Вышэйшай школы эканомікі пра тое, як уплывае праблема правоў чалавека на расейска-амэрыканскія адносіны. І яны прыйшлі да высновы, што пакуль Расея захоўвае ў сваіх руках ядзерны патэнцыял, здольны зьнішчыць ЗША, РФ можа быць самай дэмакратычнай краінай сьвету, але Злучаныя Штаты ўсё роўна будуць лічыць яе крыніцай зла. Антыамэрыканская і антызаходняя рыторыка Пуціна падчас выбарчай кампаніі была разьлічаная на электарат рэгіёнаў. Але перадвыбарчая рыторыка і рэальная палітыка — гэта розныя рэчы. Галоўная праблема сёньня ў расейска-амэрыканскіх дачыненьнях — сыстэма супрацьракетнай абароны ў Эўропе — думаю, таксама будзе абмяркоўвацца ў Менску.
Менск разьлічвае, што візыт Пуціна прадэманструе: Масква поўнасьцю на баку Беларусі ў яе супрацьстаяньні з ЭЗ.

Менск разьлічвае, што візыт Пуціна прадэманструе: Масква поўнасьцю на баку Беларусі ў яе супрацьстаяньні з ЭЗ. Гэта азначае ўцягваньне Расеі ў беларуска-эўрапейскі канфлікт. Дасюль РФ абмяжоўвалася дзяжурнымі заявамі на гэты конт у падтрымку Менску. І Лукашэнка хацеў бы, каб Пуцін абараніў Беларусь падчас ягоных перамоваў у Бэрліне і Парыжы. Але ці пойдзе на гэта Пуцін?»

Фёдараў: «Таксама лічу, што адносіны Расеі з Захадам няшмат уплываюць на гэты візыт Пуціна ў Менск. Не выключаю, што такім чынам прэзыдэнт РФ імкнецца прадэманстраваць ЭЗ сваё нэгатыўнае стаўленьне да ціску Эўропы на Беларусь. Але ўсё ж галоўнае — гэта двухбаковыя беларуска-расейскія дачыненьні, у якіх сапраўды існуе шмат праблемаў».

Які магчымы парадак дня перамоваў?


Карбалевіч: «Які парадак дня перамоваў? Якія тэмы найбольш актуальныя і вострыя ў двухбаковых дачыненьнях? Або візыт будзе рытуальны, і ўсе спрэчныя пытаньні адкладаюцца на потым?»

Суздальцаў: «Чаго хоча Лукашэнка? Атрымаць чарговы транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Зьняць пытаньне аб прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Канчаткова адкрыць доступ да расейскага крэдыту для будоўлі АЭС. (Магчыма, нават паўстане пытаньне аб закладцы станцыі). Атрымаць ад Расеі кампэнсацыю за шкоду беларускай эканоміцы, якую нанясе РФ сваім уступленьнем ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. (Дзіўная тэма: чаму Масква павінна кампэнсаваць Беларусі неканкурэнтнасьць яе прамысловасьці?) Паскорыць пераўзбраеньне беларускага войска найноўшай расейскай зброяй. Магчыма, вярнуцца да пытаньня пра фінансаваньне Расеяй грашовага ўтрыманьня беларускіх вайскоўцаў. Атрымаць доступ да здабычы расейскай нафты. Менск будзе пратэставаць супраць абмежаваньня доступу беларускіх малочных прадуктаў на расейскі рынак па дэмпінгавых цэнах.

Існуюць і палітычныя задачы. Лукашэнка будзе дабівацца ад Пуціна падтрымкі ўнутранай палітыкі Беларусі. І тады можна было б выставіць Маскву ў ролі асноўнага заказчыка рэпрэсій.

А што беларускі бок не хацеў бы абмяркоўваць? Пытаньне пра кантрабандны вываз беларускіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Пра пастаўку на расейскі рынак тавараў трэціх краін пад беларускімі лэйбамі. Пра дэталі супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем. Пра супрацоўніцтва Беларусі з Грузіяй, бязьвізавы рэжым паміж імі. Пра ўвядзеньне адзінай валюты ў АЭП».

Фёдараў: «Пытаньне ў тым, што хацеў бы абмеркаваць расейскі бок. Думаю, Масква будзе настойваць, каб Менск выконваў свае абавязаньні наконт прыватызацыі. Будзе ісьці гаворка пра прыватызацыю МАЗу, магчыма, НПЗ. Пра агульную валюту гаворка пойдзе не ў практычным пляне, а проста каб нагадаць пра існаваньне гэтай праблемы. Усё гэта ня вельмі спадабаецца беларускаму боку».

Суздальцаў: «Удалае для Лукашэнкі заканчэньне візыту створыць спрыяльныя ўмовы для правядзеньня восеньскай парлямэнцкай кампаніі. Лукашэнка будзе шантажаваць Маскву, заяўляць, што калі Расея ня пойдзе на саступкі, то ён зьвернецца да Захаду і Кітаю. Але ў Маскве выдатна разумеюць, што Кітай ніколі ня пойдзе на канфлікт з РФ з-за Беларусі. А ЭЗ у любым выпадку ня можа аказаць такой эканамічнай падтрымкі, якую аказвае Расея.

Але і Расея ня можа цяпер дазволіць сабе яшчэ адну жорсткую антылукашэнкаўскую кампанію. Рэсурсы такой кампаніі вычарпаныя. Бо ў выпадку правядзеньня такой кампаніі палітычная кляса Расеі будзе сьмяяцца з Пуціна. Трэба разумець, што пасьля тых масавых пратэстаў у сталіцы падчас дзьвюх расейскіх выбарчых кампаній Пуцін цяпер ня той, які быў падчас папярэдняга прэзыдэнцкага цыклу. У яго цяпер іншы патэнцыял».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG