Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пуцін едзе ў Менск


Пуцін з Лукашэнкам у Менску ў траўні 2011 году
Пуцін з Лукашэнкам у Менску ў траўні 2011 году
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 31 траўня наведае з рабочым візытам Менск. Беларусь стане першай краінай на яго шляху пасьля вяртаньня ў Крэмль.

Зь Менску расейскі кіраўнік адправіцца ў Нямеччыну і Францыю. Пра тое, як камэнтуюць першы візыт расейскага прэзыдэнта палітолягі, піша Польскае агенцтва прэсы.

На думку палітоляга Сяргея Міхеева, першы маршрут зьнешніх кантактаў Пуціна паказвае, якім будзе вэктар зьнешняй палітыкі Крамля ў найбліжэйшай будучыні: постсавецкая прастора і ўсе інтэграцыйныя праекты, Старая Эўропа, дзе Пуцін захоча абаперціся на Нямеччыну і Францыю, ды Кітай.

Паводле Міхеева характэрна, што першай краінай, якую наведае прэзыдэнт Расеі, будзе не Казахстан, а Беларусь, якую палітычна байкатуюць ЗША і Эўразьвяз. Казахскі лідэр Нурсултан Назарбаеў моцна заляцаўся, каб першай сталіцай, у якую прыедзе Пуцін, была Астана. Для гэтага ён нават арганізаваў сьвяткаваньне 20-й гадавіны падпісаньня абедзьвюма краінамі дамовы аб сяброўстве. Тым ня менш, гаспадар Крамля вырашыў, што туды паедзе прэм'ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Іншы палітоляг, Фёдар Лук’янаў, лічыць цалкам натуральным, што першы замежны візыт Пуцін зробіць у Беларусь. «Гэта найбліжэйшы партнэр Расеі. Гэтыя дзьве краіны уваходзяць у саюз,» — сказаў ён.

Лук’янаў таксама нагадвае, што Пуцін актыўна будуе трохкутнік з Германіяй і Францыяй. «Хоць паміж ім і Ангелай Мэркель няма сымпатыі, але адносіны з Бэрлінам былі для Расеі прыярытэтам і разьвіваліся пры кожным канцлеры,» — мяркуе ён.

Лук’янаў таксама прадказвае, што Пуцін будзе часта выкарыстоўваць Мядзьведзева ў кантактах з замежнымі партнэрамі. «Прэзыдэнт ужо прадэманстраваў, што ён будзе ўдзельнічаць толькі ў важных міжнародных сустрэчах. Самітаў ШАСу, хутчэй за ўсё, абмінаць ня будзе, бо кітайцы маглі б не зразумець, чаму замест лідэра краіны прыяжджае ягоны намесьнік. Але ад удзелу ў самітах Эўразьвязу ён можа адмовіцца,» — лічыць Лук’янаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG