Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе таннае малако? Скончылася!


Малочны аддзел у гомельскай краме
Малочны аддзел у гомельскай краме
Міністэрства эканомікі папярэдзіла, што ў 17 траўня адбудзецца чарговае падаражэньне прадуктаў. Павялічацца цэны на сьвініну, ялавічыну, малако, тварог, хлеб.

Тым часам у рэгіёнах у крамах дзяржаўнага й каапэратыўнага гандлю зноў перабоі з пастаўкамі таньнейшых малочных прадуктаў. Гэта стварае чэргі і сацыяльную напружанасьць.

Гомельшчына


Гомельская крама № 1 акцыянэрнага таварыства «Дабрабыт», што на вуліцы Юбілейнай у абласным цэнтры, не пустуе ні ўранку, ні ўвечары. Малочныя прадукты тут набываюць жыхары густанаселенага мікрараёну «Стары аэрадром».

На пытаньне пра таннае малако сталая пакупніца крамы спадарыня Раіса адказвае:

«Бывае, але разьбіраюць яго хутка — малако таннае. Я, напрыклад, засьпяваю. Да абеду бывае таннае малако, іншым разам — пасьля абеду».

Цікавімся ў пэнсіянэркі: можа, ня так і важна — ёсьць тое малако, на тысячу-другую таньнейшае, ці не?

«Трэба абавязкова, каб было таннае малако. Што я на пэнсію, на мільён, пражыву?»

У малочным аддзеле пакупніцы жаляцца, што ў крамах цяпер, па сутнасьці, таннага нічога ня стрэнеш:

«А што ў нас, ёсьць таннае малако? Таннага ў нас нічога няма ў краме».

Таннага малака замаўляюць шмат, завозяць мала.

Прадавачка крамы спадарыня Вольга кажа, што яны замаўляюць шмат таннага малака, але прывозяць яго ў абмежаванай колькасьці. Апрача таго, фасуюць іншым разам яго ў дарагія плястыкавыя бутэлькі альбо тэтрапакі:

«Мы замаўляем шмат, але даюць максымум 50 літраў таннага. Бывае, яшчэ Магілёў пастаўляе малако па 3 тысячы 800 рублёў, але ў пакетах яго толькі 800 грамаў».

На гэты хітрык «Бабулінага гладыша» зьвяртае ўвагу й пакупніца Людміла:

«Малако, калі яно таньнейшае, то меншы аб’ём пакета — ня літар, а менш. Тады яно таньнейшае. А так яно і 5, і 7 тысяч каштуе».

У перапрацоўшчыкаў — дзяржаўнага акцыянэрнага таварыства «Малочныя прадукты» — мы пацікавіліся, чаму яны ня могуць даць у гандлёвую сетку ўдосталь так званага «сацыяльнага малака» — недарагога і нятлустага? Усё ж у вытворцаў — пашавы пэрыяд, малака цяпер надойваецца шмат.

Прадстаўніца ААТ «Малочныя прадукты»: «У нас ёсьць малако паўтарапрацэнтнае — мы пастаўляем. З заўтрашняга дня ў гандлі зьявіцца малако тлустасьцю 1,6, 2,5 працэнта. Праца вядзецца. Проста невялікія перабоі з нашымі пастаўшчыкамі сыравіны ўзьнікаюць, і мы можам дзень-два прапусьціць не зусім з нашай віны. Але прадукты такія ня зьнятыя з вытворчасьці».

Дэфіцыт таннага малака на Гомельшчыне абвострыць пастаўкі прадукцыі ва Ўкраіну?

Абвяргаюць у таварыстве й сувязь паміж наяўнасьцю таннага малака ва ўнутранай гандлёвай сетцы і аднаўленьнем паставак малочнай прадукцыі ва Ўкраіну, на што нядаўна атрыманы дазвол тамтэйшай Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы. У ліку дзевяці беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, якім вярнулі права на продаж малочнай прадукцыі на ўкраінскім рынку, значыцца й ААТ «Малочныя прадукты».

Аднак да сёньняшняга дня таварыства не адгружала сваю прадукцыю ва Ўкраіну. Першы транспарт з гомельскім малаком адправіцца да суседзяў толькі сёньня.

«Мы рыхтаваліся. Плянуем сёньня адгрузку», — паведамілі ва ўправе продажу й маркетынгу ААТ «Малочныя прадукты».


Магілёўшчына


У Магілёве пэнсіянэры незадаволеныя, што ў мясцовых крамах прадаецца малако з дабаўкамі мінэралаў і вітамінаў. Пакупнікі кажуць, што гэтыя дабаўкі прывялі да росту цэнаў на малочную прадукцыю. Акрамя таго, пэнсіянэры сумняваюцца, ці сапраўды тыя мікраэлемэнты карысныя для здароўя.

Вітамінізаванай малочнай прадукцыяй цяпер застаўленыя ўсе крамныя паліцы. «Чыстага малака» не купіць, наракаюць людзі сталага веку.

Спадарыня: «Яно ж і дарагое. Адно з гэтым, з кальцыем. А яшчэ там наблытаюць вітаміны С, D. Якое там С, D? Хто яго ведае? Во я ўзяла за дзьве тысячы, але зь вітамінам С».

Карэспандэнт: «Дык чыстага малака няма, ці так?»

Спадарыня: «Няма, дзетка, няма. А калі-нікалі выкінуць пакецік, дык яго толькі ўбачыш».

Яшчэ адна спадарыня сталага веку кажа: «Бывае, але гэта трэба займаць чаргу да адкрыцьця крамы. Асабіста я не пасьпяваю ніколі купіць ні малака, ні малапрацэнтнай сьмятаны. Выкідаюць там па пяць ці шэсьць пакетаў. Хто прыходзіць раней, той купіць».

Вытворцы малочнай прадукцыі запэўнівалі, што новыя гатункі больш карысныя, чым ранейшыя.

«Гэтая прадукцыя будзе зь вітамінамі больш якасная. Але ж трэба пагадзіцца, што яе цана будзе крыху вышэйшая», — прызнаваў кіраўнік малочнага прадпрыемства «Бабулін гладыш» Ігар Кананчук.

Аднак у карысьці ад малочнай прадукцыі з дадаткам вітамінаў або кальцыю пакупнікі сумняваюцца:

Спадарыня: «Ну вось я ўзяла раз з кальцыем. Мне кальцый трэба прымаць, бо ў мяне траўма. Але яно даражэйшае. І я заўжды кіпячу малако. Але калі я яго пракіпяціла, то кальцый сышоў, і ад яго няма карысьці».

Вэтэран зьбірае пікет «Чыноўнікі, вярніце мне чыстае малако».

Сёньня стала вядома, што магілёўскі пэнсіянэр Міхаіл Шараметаў падаў у гарвыканкам заяўку на пікет пад назвай «Чыноўнікі, вярніце мне чыстае малако». Ён зьбіраецца пратэставаць супраць «дабавак кальцыю ў малако». Спадар Шараметаў адказвае, чаму:

«Падаражэлі ж малочныя прадукты. Дадалі ў малако — кальцый, у тварог — кальцый. Усюды кальцый. І цэны вырасьлі. У кішэні мне ж не карысна. Я раней малочнае браў штодня, а цяпер — раз на тыдзень».


Гарадзеншчына


Жыхароў Горадні таксама закранае праблема таннага малака і кефіру:

— І ў нас чэргі, нідзе ж няма таннага малака! Хадзіла зараз — няма нічога. Во — у „Баторыі“ была: толькі дарагое малако і дарагі кефір. Працэнт тлустасьці мне не падыходзіць, але зь нізкім працэнтам няма нідзе. Бывае, што нарвесься: з гадзіны да другой, але там хапаюць і прадаўцы, і пакупнікі, кожны рве сабе, і праз дваццаць хвілін ужо нічога не дастанецца. Так, я бачыла ў адной краме, як прадаўцы бралі сабе са скрынак і зносілі. Ну што людзі кажуць? Чакаюць, калі прывязуць. Але ж адразу разносяць, і нідзе не купіць.

— Я яго не бяру, я проста іншае бяру.

— Я малака ня ем!

— Вось я хадзіла па малако — няма. Але мне нельга тлустага. Хочацца купіць, каб не такое тлустае было і каб цана даступная. Шэсьць тысяч з капейкамі за літар малака ці кефіру — гэта зашмат. І для пэнсіянэраў гэта дарагавата, канечне. Але дзе браць таннае? Ніхто ня ведае!

— У нас у Каробчыцах прывозяць малако, і праблемаў няма.

— А мы ўсім задаволеныя! І малако ня вельмі дарагое — шэсьць тысяч, запраста можна купіць. Пэнсію харошую атрымліваем, мы задаволеныя, пэнсіянэры.

— Я асабіста васямсот тысяч атрымліваю.

— Няма таннага малака нідзе, не дурыце галавы!

— Вядома, стараюся кефір купіць „адзін і восем“, яго ўвогуле няма. Пасьпееш а дзясятай гадзіне — возьмеш, а не пасьпееш — тады няма, ня возьмеш.

— Дзяшовае малако якое? Часам можна набыць, часам не. Бывае даражэйшае — „тры і восем“ — па шэсьць трыста, а ня гэтае — па дзьве зь нечым тысячы. Але ўсё купім, усё купім, купім!


Малочныя чэргі ў Слоніме. Здымак «Газэты Слонімскай».



Сёлета, яшчэ ў сакавіку, «Свабода» паведаміла пра спробы барысаўскага праваабаронцы Алега Мацкевіча разабрацца з канфліктам вакол перабояў у дзяржаўным гандлі з таньнейшым «сацыяльным малаком». Перапіска з адміністрацыяй «Барысаўскага малочнага камбінату», а таксама з Камітэтам дзяржкантролю Менскай вобласьці і Менскім аблвыканкамам доўжылася амаль тры месяцы. Сёньня Алег Мацкевіч кажа, што змушаны спыніць свае пісьмовыя звароты, і тлумачыць, чаму:

Ніхто з улады бараніць маламаёмнае насельніцтва не зьбіраецца.

«Я пераканаўся, што ва ўладзе ніхто бараніць інтарэсы маламаёмнага насельніцтва не зьбіраецца…»

Па словах Алега Мацкевіча, беларуская эканамічная мадэль страчвае сацыяльную скіраванасьць. Мясцовыя ўлады й вытворцы харчовай прадукцыі, у прыватнасьці — малака, ігнаруюць пастанову Міністэрства эканомікі аб рэгуляваньні цэнаў на 27 таварных пазыцыяў. Цэнтральнае месца ў гэтым сьпісе займае малако й малочныя прадукты. Яны — асноўныя ў рацыёне пэнсіянэраў і іншых малазабясьпечаных катэгорыяў насельніцтва.

«У красавіку я зьвярнуўся да дырэктара ААТ „Барысаўскі малочны камбінат“ Лапіцкага, а таксама ў Камітэт дзяржкантролю Менскай вобласьці».

Карэспандэнт: «Ужо тады ўтвараліся чэргі па малако, і людзі ў гэтых чэргах клялі чыноўнікаў і ўладу»

«Менавіта так. Таму я надрукаваў пісьмовыя звароты. І праз пэўны час атрымаў на іх адказы. Спачатку — з Камітэту дзяржкантролю Менскай вобласьці, а пасьля — з вытворчага аб’яднаньня „Менаблмясамалпрам“.

На першае пытаньне — „На якіх падставах вы ігнаруеце абавязак клапаціцца аб малазабясьпечаных групах насельніцтва, як таго патрабуе пастанова Саўміну № 1655?“ — адказ атрымаў наступны: „ААТ „Барысаўскі малочны камбінат“ не ігнаруе абавязак дзяржавы клапаціцца аб малазабясьпечаных групах насельніцтва. Пры выпуску дадзеных тавараў цэны рэгулююцца пастановамі Саўміну РБ і пастановамі Мінэканомікі“. Кропка. І больш нічога. Штосьці напісана, але адказу фактычна няма. Яны нібыта і не ігнаруюць гэтыя пастановы, але сацыяльных прадуктаў не вырабляюць. А я лічу, што калі ёсьць пастанова, якая рэгулюе цэны на сацыяльна значныя тавары, то ў пастанове ўраду павінны быць вызначаны дакладныя аб’ёмы вытворчасьці й цэны, каб магчымыя страты для вытворчасьці загадзя кампэнсаваць. І такім чынам утвараўся б балянс у эканоміцы прадпрыемства. Так, на маю думку, павінна быць. У іншым выпадку цяжка спадзявацца на станоўчы вынік…

Таму я й напісаў у сваім звароце, што ўрадавая пастанова — гэты пыл у вочы і спроба прадэманстраваць, што ў інтарэсах шараговых грамадзянаў яшчэ нешта робіцца. А тым часам — нічога ня робіцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG