Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны сабраліся, каб выбіць з Масквы чарговыя датацыі»


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае з прэзыдэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым «абсалютна ідэнтычныя погляды» на разьвіцьцё інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку на Адзіную эканамічную прастору. Пасьля перамоваў у Менску кіраўнікі Беларусі і Казахстану накіруюцца ў Маскву, дзе 15 траўня пройдзе саміт АДКБ і нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Афіцыйны візыт Назарбаева ў Беларусь пачаўся зь неафіцыйнай сустрэчы ў Белавескай пушчы ў мінулыя выходныя. Папярэдне гэтая сустрэча не афішавалася. Лукашэнка прымаў госьця ў адрамантаванай рэзыдэнцыі «Віскулі», якую наведвае вельмі рэдка. Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі адзначыў, што Назарбаеў упершыню наведаў Белавескую пушчу:

«Нурсултан Абішавіч тройчы вяртаўся да гэтай тэмы падчас перамоваў, дзяліўся ўражаньнямі ад наведваньня Белавескай пушчы. Пабывалі ў запаведным лесе, які закрыты для масавага наведваньня. Потым паглядзелі вялізны цар-дуб».

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначае, што амаль 20 гадоў таму Назарбаеў не прыехаў у Віскулі падпісваць белавескія дамоўленасьці. А цяпер візыт Назарбаева яму мала цікавы.

«У Белавескую пушчу яго звазілі, абдымаў дуб. Я занадта добра ведаю гэтую постаць. Усходняя мудрасьць, ведаеце, гэта здрадзіць у тым месцы, дзе зручна. Ён кляўся, што ніколі б не падпісаў Белавескае пагадненьне — ну і добра, што яго не было, ніхто не перашкаджаў. А цяпер лічыць за гонар там пабываць. Дакрануцца да такой сьвятыні — гэта павышае яго рэйтынг. Цяпер жа ў іх іншыя справы. І адзін, і другі — добрыя цацы. Параўнаць жыцьцё ў краінах, якія пайшлі па нармальным шляху, з тым, што робіцца ў Беларусі і Казахстане, — гэта ж проста сорам. Гэта садружнасьць дыктатур. Абодва адзін аднаго вартыя».
Усходняя мудрасьць, ведаеце, гэта здрадзіць у тым месцы, дзе зручна.

Пасьля мінулага маскоўскага саміту Лукашэнка абвінаваціў Назарбаева ў зрыве падпісаньня дамоваў па Эўразійскім саюзе. Цяпер ён дэманстраваў, што з Назарбаевым — поўнае ўзаемаразуменьне і ідэнтычнасьць поглядаў на разьвіцьцё інтэграцыйных працэсаў. Паводле Лукашэнкі, «недалёкі той час», калі ідэя Назарбаева пра стварэньне Эўразійскага саюзу напоўніцца канкрэтным зьместам.

Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, сказанае Назарбаевым у Менску не азначае, што ён паўторыць тое ж у Маскве. Паводле Суздальцава, Назарбаеў — вельмі хітры і прагматычны палітык.

«Яны сабраліся, каб неяк скаардынаваць свае пазыцыі, каб паспрабаваць выбіць з Масквы чарговыя датацыі. Цяпер Расея заканчвае працэс уваходжаньня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, і мытныя бар’еры, якія Расея возьме для сябе, ніжэйшыя, чым у рамках Мытнага саюзу. Лукашэнка патлумачыў Назарбаеву, што цяпер трэба ад Расеі запатрабаваць нейкай грашовай кампэнсацыі. Пытаньне палягае ў выбіваньні з Расеі грошай».

Паводле Лукашэнкі, калі б Казахстан быў побач, як Украіна, то таваразварот быў бы значна большы. Кіраўнік Беларусі выказаў спадзяваньне на казахстанскія інвэстыцыі. Палітоляг Кірыл Коктыш адзначае, што цяпер хаўрусьнікі пачалі задумвацца пра ўласныя інтарэсы. Наўрад ці варта чакаць буйных інвэстыцыяў з боку Казахстану ў беларускую эканоміку:

«Крыху лішніх грошай, сканцэнтраваных у руках дзяржавы, канечне, ёсьць. Але гэта не такія вялікія грошы, каб Казахстан быў гатовы інвэставаць іх на далёкія ад сябе прасторы. У астатніх галінах казахстанскай эканомікі зусім ня ўсё так гладка, таму Казахстану і самому спатрэбяцца свае ўласныя грошы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG