Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята адпачынку й таннага алькаголю


Сьвяткаваць Першамай ў беларускай сталіцы дазволілі толькі афіцыйным прафсаюзам і праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі.

Незалежным прафсаюзам і левым партыям праводзіць мітынгі і маёўкі Менгарвыканкам забараніў.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:20 0:00
Наўпроставы лінк

Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі адрапартавалі, што на мітынг на невялікай лужайцы ў парку імя Янкі Купалы сабралася больш за 27 тысяч чалавек. Калёны арганізавана падыходзілі да парку імя Янкі Купалы з Кастрычніцкай плошчы і плошчы Перамогі, а потым людзі масава сыходзілі.

Гэтыя галасы я запісала на выхадзе з парку Янкі Купалы а палове на першую, калі мітынг і сьвята толькі пачыналіся:

Карэспандэнтка: «Здавалася б, сьвята толькі пачалося а 12-й гадзіне, а я гляджу, народ масава сыходзіць. Чаму сыходзіце — з балёнікамі, са сьцяжкамі, здавалася б, у добрым настроі? Абяцалі быццам бы тут канцэрт зорак эстрады».

«Так, будзе канцэрт».

«А зьбіраецеся вярнуцца?

«Так».

Карэспандэнтка: «Вось ідзе жанчына, у якой у руках каля 20 сьцяжкоў, якія яна так і не раздала. Народ прымушалі прыходзіць, як у савецкі час на дэманстрацыі?»

«Не, самі пагаджаліся. Па жаданьні. Толькі жадаючыя».

Карэспандэнтка: «А наліваюць у гандлёвых кропках, я гляджу?»
Толькі чэргі вельмі вялікія. Мы прастаялі паўтары гадзіны.

«Так, за свае грошы. Толькі чэргі вельмі вялікія. Мы прастаялі паўтары гадзіны».

Карэспандэнтка: «Вось ідзе сьвяткаваньне, а вы ўжо сыходзіце. Чаму?»

«Мы ідзем сьвяткаваць у іншае месца».

Карэспандэнтка: «Ну а выязны гандаль зьдзіўляе коштамі. Усё тут прадаецца без гандлёвай надбаўкі. Вось павільён „Камунаркі“ — усё таньней на 15%. Каньяк — 76 тысяч за пляшку, хаця ў звычайнай краме ўжо каля 100 тысяч. Гарэлачку наліваюць, піва, шампанскае, віно. Але вельмі вялікія чэргі. І народ на гэтай гарачыні стаіць».

А на мітынгу старшыня ФПБ Леанід Козік распавёў пра сацыяльна арыентаваную дзяржаву, пра пастаяннае павышэньне заробкаў і пэнсій. І ні слова — пра праблемы, якія хвалююць людзей: пра рост цэн і павышэньне тарыфаў на ЖКГ, пра інфляцыю і кошты на жытло… Затое камуністы ўзгадалі Эўразьвяз:

«Выступаем супраць увядзеньня Эўрапейскім Зьвязам эканамічных санкцыяў у адносінах да важнейшых гаспадарчых суб’ектаў Рэспублікі Беларусь. І патрабуем зьняцьця усялякіх абмежаваньняў у супрацоўніцтве Эўрапейскага Зьвязу і Рэспублікі Беларусь».

Падтрымаў афіцыйныя прафсаюзы і праўладных камуністаў з прадстаўнікоў замежных дыпляматычных місіяў толькі амбасадар Кубы. Не было і першых асобаў краіны. Калі ў Расеі прэзыдэнт Мядзьведзеў і прэм’ер Пуцін узначалілі 100-тысячную калёну працоўных і нават папілі піва з электаратам, то кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не наведаў сьвяточныя ўрачыстасьці, а толькі даслаў віншаваньне.

Ну а дэмакратычным сілам сьвяткаваць улады не дазволілі. Старшыня Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук распавёў:

«Мы плянавалі і замаўлялі акцыю ў Мікашэвічах у падтрымку незалежнага прафсаюзу на „Граніце“. Мы замаўлялі мітынг на гарадзкім стадыёне, колькасьць удзельнікаў да 1 тысячы чалавек. Нам адмовілі. І левым партыям адмовілі ў правядзеньні мерапрыемства ў Менску. Мы можам казаць пра тое, што беларускія ўлады прадэманстравалі абсалютную няздольнасьць прымаць рашэньні ў дачыненьні да такіх сьвятаў, як Першамай, і для прадстаўнікоў левага блёку палітычных партыяў, і для прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзу».

Ну а ў бальшыні беларусаў Першамай — чарговы выходны. Паколькі працоўныя дні гэтым разам не пераносілі, нават у вёску ды на лецішчы народ на адзін дзень не паехаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG