Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трайныя выбары ў Сэрбіі


Томіслаў Нікаліч
Томіслаў Нікаліч

6 траўня ў Сэрбіі адбудуцца трайныя выбары — прэзыдэнцкія, парлямэнцкія і мясцовыя.

Прэзыдэнт Барыс Тадзіч, які балятуецца на трэці тэрмін, да выбараў склаў свае паўнамоцтвы. Абавязкі прэзыдэнта да выбараў новага кіраўніка выконвае Славіца Джукіч-Дэанавіч, старшыня парлямэнту.

У Сэрбіі, як і абсалютнай большасьці іншых краінаў сьвету, канстытуцыйная норма прадугледжвае максымум два прэзыдэнцкія тэрміны для аднаго чалавека. Дзейны прэзыдэнт Барыс Тадзіч балятуецца трэці раз, выкарыстаўшы абыходны манэўр: ён тлумачыць, што падчас яго першага тэрміну Сэрбія знаходзілася ў саюзе з Чарнагорыяй і гэта быццам была іншая дзяржава. Тадзіч скараціў свой цяперашні мандат на дзевяць месяцаў. Сваю дачасную адстаўку ён матываў тым, што датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары можна будзе правесьці разам з парлямэнцкімі і мясцовымі і тым самым зэканоміць дзяржаўныя грошы.

Ці можна дапусьціць, што Тадзіч, акрамя жаданьня зэканоміць, праявіў жаданьне даць сваёй адстаўкай таксама роўныя магчымасьці сваім канкурэнтам? Вось што мяркуе калега з балканскай службы Радыё Свабода Драган Стаўлянін:

«Тут найперш палітычныя прычыны, а не жаданьне сэканоміць грошы на дарагой працэдуры, ці даць роўныя магчымасьці канкурэнтам. Прыблізна месяц таму Сэрбія атрымала статус кандыдата ў Эўрапейскі Зьвяз. Гэтак жа здарылася на папярэдніх выбарах у 2008-м годзе, калі было падпісанае яшчэ толькі пагадненьне пра асацыяцыю Сэрбіі з Эўразьвязам — тады гэта дапамагло Тадзічу выйграць. Тое самае цяпер. Тадзіч вельмі добра ведае, што да канца года, калі сканчаецца яго тэрмін, эканамічная сытуацыя пагоршыцца і яму будзе цяжэй выйграць выбары. Таму ён ідзе на датэрміновыя выбары, спадзеючыся выйграць як прэзыдэнцкія, так і парлямэнцкія выбары.»

У бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах у Сэрбіі бярэ ўдзел дзясятак кандыдатаў, але асноўная барацьба разгорнецца паміж Тадзічам і яго даўнім супернікам, лідарам Прагрэсіўнай партыі права-нацыяналістычнага накірунку Томіславам Нікалічам.

Нікаліч некалі праславіўся тым, што хацеў далучыць Сэрбію да Саюзу Беларусі і Расеі. Цяпер ён больш стрыманы ў падобных дэклярацыях і ўскосна прызнае магчымасьць эўрапейскага выбару для Сэрбіі:

Нікаліч: Дарога ў Эўразьвяз доўгая і няпростая. Яна можа цягнуцца гады. Але грамадзяне Сэрбіі патрабуюць зьменаў і мы павінны ім гэтыя зьмены даць. Гэтыя зьмены мы зробім нашымі ўласнымі рукамі.

Барыс Тадзіч, які пераняў лідарства ў Дэмакратычнай партыі пасьля забойства былога прэм’ера Зорана Джынджыча, акрэсьлівае перад сабой дзьве асноўныя палітычныя задачы — інтэграцыя з Эўразьвязам і прынцыповае непрызнаньне незалежнасьці Косава:

Тадзіч: Нягледзячы на ўсе пагрозы і выклікі, якія зыходзяць у асноўным з самой Сэрбіі, мы застаемся верныя нашай палітыцы — што да Эўропы і што да Косава. Мы ня хочам рызыкаваць суверэнітам якога б то ні было кавалка нашай зямлі. Мы не зьбіраемся здаваць тут свае пазыцыі, і гэта шлях як бараніць нашы інтарэсы ў Косаве і не пашкодзіць нашай эўрапейскай будучыні.

Выбары ў Сэрбіі праводзяцца па сыстэме, знаёмай беларусам: прэзыдэнт там абіраецца на пяць гадоў усеагульным наўпроставым галасаваньнем. Для перамогі неабходна набраць большасць галасоў тых, хто прыняў удзел у галасаваньні. Як правіла, гэта вымагае другога туру. На выбарах 2008 году Нікаліч перамог Тадзіча ў першым туры, але ў другім яму прайграў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG