Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцігодка. Вёска пад крылом самалёта


Вёска Пяцігодка — паселішча па-свойму ўнікальнае. Мяркуйце самі. Тут няма ніводнага помніка архітэктуры. Краявіды вакол вёскі нічым асаблівым не вылучаюцца. Сама вёска вельмі маладая, бо ўтварылася падчас калектывізацыі, у 30-х гадах, калі ліквідавалі хутары. І разам з тым Пяцігодку можна сьмела назваць візытнай карткаю краіны. Бо Пяцігодка ляжыць перад самай узьлётна-пасадачнай паласой нацыянальнага аэрапорту «Мінск». І яе шыфэрныя дахі — гэта першае, што бачыць пасажыры, якія сядзяць каля правых ілюмінатараў.

Падарожжы Свабоды
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:52 0:00
Наўпроставы лінк

Я таксама ня раз бачыў Пяцігодку з вышыні, і кожнага разу яна выклікала ў душы сум. Разам з жалем да яе насельнікаў. Як гэта — жыць пад няспынным узьлётам?

Аказалася, што галоўная праблема пяцігодкаўцаў — гэта не самалёты. А сталая пагроза зносу і перасяленьня. Справа ў тым, што на месцы Пяцігодкі даўно павінна была зьявіцца яшчэ адна ўзьлётная паласа. Пра гэта мне распавяла стомленая кабета, якая ўскопвала свой гарод.

— Гэта яшчэ праекты савецкіх часоў. 70-х гадоў. Адну паласу пабудавалі, другую — не. Праекту зацьверджанага няма. Літаральна тыдзень таму тут былі прадстаўнікі Смалявіцкага райвыканкаму. Людзі задавалі пытаньні. Бо далі ж участкі, людзі завезьлі будматэрыялы. Але старшыня райвыканкаму сказаў — забароны на будаўніцтва няма. Але ў той жа час усе гавораць пра будаўніцтва другой паласы.

— Вы знаходзіцеся...

— У падвешаным стане. Колькі існуе аэрапорт, столькі і гавораць, што Пяцігодку будуць зносіць.

— А блізкасьць аэрапорта, яна на жыцьці адбіваецца?

— Над намі лётаюць часта. Мне яно не замінае. А як кажа адзін — «Хацеў бульбай кінуць. Сволач, ляціць прама над вёскай».
Хацеў бульбай кінуць. Сволач, ляціць прама над вёскай.

Сусед кабеты, пяцідзесяцігадовы высокі мужык, працуе ўсё жыцьцё ў аэрапорце кіроўцам. І яму якраз не хапае колішняга гулу.

— Прывыкаеш да ўсяго. Мы ўжо ня чуем іх. Калі адразу пабудавалі паласу, то так. Але тады і вылетаў вельмі многа было. Але ж тады і шумныя самалёты былі. А цяпер «Боінгі». Спакайнейшыя.

— Вы памятаеце блаславёныя часы «Аэрафлёту».

— Часы застою. Танныя былі білеты.

— А вылетаў тады колькі было на дзень?

— Тады многа было. Хоць і цяпер летам сотня бывае вылетаў і прылётаў. Саюз распаўся, і тут развал пайшоў. Паўсюль усё распалася. Ня толькі ў нас, але і за мяжой.

А вось сярэдняга веку гаспадара невялікай камяніцы будучы знос вельмі нават хвалюе.

— Іншае пытаньне, што яны дадуць. Участак ці кватэру ў Сокале. Яны ж нічога не сказалі. Гэта больш за ўсё людзей цікавіць.

— А як вам тут жывецца? Тут ня шумна над вамі?

— Шумна. Справа ў тым, што самалёты парушаюць. Боінгі моцныя. Заходзяць на пасадку, і, каб паліва эканоміць, над дамамі лятуць. І спускае прадукты згараньня. Падае ўсё на гарод, на зямлю.

— Ага, як у вайну.

Мой суразмоўца — чалавек інфармаваны. Як ужо большасьць людзей працаздольнага ўзросту. Навіны ён чытае на «Хартыі» і «Партызане». Наведваецца і на сайт нашага радыё. БТ не глядзіць. Але інфармаванасьць, на жаль, пакуль не трансфармавалася ў жаданьне дзейнічаць. Мы гаворым напярэдадні 25-га сакавіка. Пра мітынг і шэсьце мой суразмоўца таксама інфармаваны. Але ехаць у сталіцу ў гэты дзень не зьбіраецца.

— Вы заўтра, 25-га, ня пойдзеце на плошчу Бангалор?

— Я? Напэўна, не.

— Вы ня бачыце ў гэтым сэнсу?

— Напэўна, так. Калі б там было сто тысяч, і быў упэўнены, то канечне. А так... І, па-другое, ёсьць жа што губляць яшчэ.

— А вы працуеце на дзяржаўнай службе?

— Так.

Адзіныя старажылы Пяцігодкі, якія жывуць тут ад самага пачатку вёскі, — сям’я Аляксандра і Ганны Вяргейчыкаў. Абое нарадзіліся на хутарах. Яму 91 год, яна на пяць гадоў маладзейшая. Іхні сын Уладзімір, які жыве ў Менску і прыехаў наведаць бацькоў, сустрэў мяне як апошнюю надзею. Бо шмат чаго накіпела.

— Па тэлевізары ўсё прыгожа паказваюць. Вэтэранам вайны дапамагаюць школьнікі. Старшыня хоць бы адзін раз прыехаў да вэтэрана вайны. Прывязіце дроў старому, во, як маразы былі. Каб стары не замерз. А па тэлевізары прыгожа. Ідзе Дзень Перамогі. Што яны дапамаглі вэтэрану?

— Нічога.

— Нічога. Дроў — і тых. Вось, калі Лукашэнку ў прэзыдэнты выбіралі, прывезьлі зімой, пад вароты выгрузілі асіньніку. Ну няўжо за клець цяжка завезьці? Тры мэтры. Ай, калі расказаць усё... Як на старога брыкет нелегальна, подпісы рабілі, выпісвалі.

— Гэта дзякуючы вэтэрану яны яшчэ нейкія свае левыя...

— Так. Яны яшчэ круцяць нешта.

— Стары кажа, калі быў у Сталінградзе, Жукаў казаў — калі вы адстаіце Сталінград, вы будзеце квітнець і пахнуць.

— Усё для нас будзе.

— Вы былі ў Сталінградзкай бітве?

— Так. Я прызываўся ў 40-м. А ў 46-м дамоў. Я быў у Сталінградзкім катле. У 38-й арміі. Артылерыст. Там цэлую зіму неба чырвонае было. Страшна. Ні ўдзень, ні ўночы не было сну.

Стары Аляксандар Парфенавіч — высокі, моцны дзед, зь велізарнымі сялянскімі далонямі, з дабрадушным тварам, пачаў узгадваць зіму 42-га.

— Песьня была «Волга-матушка». Прыняла людзей яна. Немец пачаў бамбіць драўляныя пабудовы. Жанчыны зь дзецьмі. Куды ім дзявацца? На Волгу пераправіцца. А самалёты «Мэсэршміт» на брыючым палёце. І ў Волгу. Сек людзей. Перапраўляцца праз Волгу трэба было. Разварочвалі людзей, каб заехаць на паром. І па людзях ехалі.

— А дзе вы скончылі вайну?

— Каля Вены. З Адэсы на Румынію пайшлі. Баўгарыю, Югаславію, Вэнгрыю і Аўстрыю. Во які шлях быў.

— Гэта вы так прайшлі.

У размову ўступае жонка, Ганна Антонаўна.

— Кажуць — «перасяленьне». Мы кажам, хай бы забралі гэты дом. А нам бы далі ў Смалявічах. Урача выклікаць. Я зь ціскам ужо колькі гадоў. Калі хочаш якую фэльчарку выклікаць, дык ня выклічаш. І паехаць не паедзеш.

Як прыгожа на экране тэлевізара выглядае шэсьце вэтэранаў па галоўным праспэкце сталіцы на 9-га траўня! Але ёсьць тое, чаго тэлегледачы ня бачаць. Аказваецца, Дня Перамогі ня менш за вэтэранаў чакаюць менскія алькаголікі.

— Ён раней пастаянна сядаў і ехаў туды. На 9-га траўня. Цяпер ужо пастарэў і ня едзе. Яны па Плошчы Перамогі пройдуць. І дзе магазін «Акіян», ім бясплатна давалі выпіць. А там стаяць розныя бамжыхі. Кажуць: «Дзед, скажы, што я твая ўнучка». Каб выпіць там. Ён яе знаць ня знае. Але заводзіць, яна са старым сто грам выпівае. Прыяжджае — і тут жа дома дакладвае. Я кажу: «Нашто ты іх вядзеш?»

— Няхай яна вып’е.

— І многа вы людзей так напаілі?

— Ну, ня я ж адзін быў. Там чапляюцца і да другіх хлопцаў.

— Ён ужывае і зараз. 90 гадоў. Дзякуй Богу, нармальна.

— Эліксір жыцьця.

— Глыток глынеш гарэлкі, і ўсё прамывае. Дыхаць. Усё адпускае.

Уладзімір так узьеўся на мясцовыя ўлады, якія не клапоцяцца пра сапраўднага вэтэрана, што хоча нанесьці візыт у высачайшае прысутнае месца.

— Я зараз абазьліўся. Кажу, забяру старога і завязу прама ў лукашэнкаўскую адміністрацыю. І хай яны паглядзяць, хай ён ім раскажа. Можа, Лукашэнка ня знае пра іхныя дзялы. Там пасаджу і скажу: выклікайце ўвесь свой АМОН. Біце яго, што хочаце рабіце. Яму ўжо ўсё роўна.

Наўрад ці, канечне, Вяргейчык паедзе на вуліцу Карла Маркса. Але, можа, голас старога салдата пачуюць сацыяльныя чыноўнікі Смалявіцкага райвыканкаму. І ўзгадаюць пра яго існаваньне ня толькі напярэдадні сьвята...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG