Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць беларусам


Адзін мудры чалавек, назіраючы за нядаўняй дыскусіяй вакол розных пакаленьняў, розгалас якой зачапіў і «Свабоду», сказаў, што спрачаюцца аўтары ды шматлікія камэнтатары тэкстаў не пра пакаленьні. Спрачаюцца яны пра тое, што ёсьць быць беларусам. І на пытаньне гэтае адны адказваць баяцца, а іншыя баяцца яго нават задаваць. Я правёў шмат дзён ў задуменьні, спрабуючы зразумець, як адказаць на яго і ці варта пытацца.

Я задаваў гэтае пытаньне самым розным людзям, ад блізкіх сяброў, да незнаёмых бабуль-прыбіральшчыц. Сусед Сірога, які кладзе плітку, сказаў, што быць беларусам значыць быць праваслаўным, бо быў Вялікдзень. Я сказаў, што каталік, а ён усьміхнуўся, ляснуў мяне далоньню па плячы ды сказаў: «Ды кінь! Які ты каталік! Ты ж нармальны мужык!» А калі я ўдакладніў, што каталік, бо хрышчоны ў касьцёле, ён, праз паўзу, сказаў наступнае: «Па Беларусі шмат народаў гойсала, таму чыстых каталікоў няма, уся кроў намяшаная» (дагэтуль ня ведаю, што гэта значыць). Жанчына-паштальён адказала: «Гэта пытаньне – не майго ўзроўню, ня мы аб гэтым павінны думаць» і адразу ўявілася рада старэйшын, якая сядзіць недзе ў Доме ўраду ды думае, што ёсьць быць беларусам.

Паступова я ўпэўніўся, што ніякага сацыялягічнага адказу на гэтае пытаньне няма. Няма і проста навуковага адказу. Нельга пра гэта казаць «з пункту гледжаньня культуры», ці «з пункту гледжаньня гісторыі». Бо любыя абагульненьні, любыя высілкі квазі-навуковай рэфлексіі будуць такімі ж дурнымі, як спроба начапіць на кабылу ручны тормаз з Audi Q4. Адзіны адказ на гэтае пытаньне – у шчырым, як п'яная сьляза, маніфэсьце. Напісана гэта павінна быць мовай праклямацыі і менавіта так, з разуменьнем зухаватага суб'ектывізму, і чытацца.

Кожны з нас можа напісаць такі тэкст – па-свойму, са сваім пералікам прыкмет.
Нехта можа й напіша, папраўляючы хібы майго разуменьня.

Адно што адказаць на гэтае пытаньне варта адзін раз у жыцьці. Ці – сапраўды – адказваць усё жыцьцё да самай сьмерці.

Дык быць беларусам значыць:

– Нарадзіцца ў Беларусі. Варыянт – нарадзіцца ў выгнаньні, у сям'і палітычных эмігрантаў новай ці старой хвалі. Яшчэ варыянт – нарадзіцца ў Казахстане ці Яраслаўлі, рускім (калмыкам, татарынам), ды «торкнуцца» беларускай ідэяй з-за беларускамоўнай дзяўчыны\хлапца (ведаю такія гісторыі), паехаць за каханай у Бабруйск\Гомель\Мікашэвічы, вывучыць мову і шпарыць лепей за Лявона Баршчэўскага.


– Пажадана – памерці ў Беларусі.

– У прамежку паміж жыцьцём ды сьмерцю – пажыць у эміграцыі. Ці мець добрага сябра, які наважыўся на эміграцыю. Пагаджацца зь ім у тым, што на радзіме жыцьцё сабачае, краіна загіпнатызаваная, а зь людзей робяць быдла. Апынуўшыся ў эміграцыі, зразумець, што трэба вяртацца. Прычым зразумець – у той момант, калі ўсё пачне атрымлівацца, калі зьявіцца сталае жытло, від на жыхарства, надзея на хуткае грамадзянства.

Не з-за таго, што «там» (тут!) лепей, а таму, што трэба і ўсё.

Таму, што ў Беларусі пахавана матуля.

Таму, што туга.

Таму, што ў Менску пысы ў сабакаў родныя.

Таму што на радзіме дастаткова ўсьміхнуцца незнаёмцы ў мэтро, каб некалькі дзён пасьля гэтага ўсё было прасякнутае шчасьцем. Скажаце, такое магчыма і ў эміграцыі? Не, немагчыма. Спрабаваў. Усьміхаюцца толькі родным, разумееце?

– Размаўляць па-беларуску, па-руску, на трасянцы. Вельмі хацелася б напісаць: быць беларусам – значыць размаўляць толькі на мове нашай роднай. Аднак як тут не ўзгадаць артыкул Віталя Сіліцкага зь леташняга «Архэ» «Русыфікацыя + каляніялізм = грамадзянская нацыя» ды лічбы аб невялічкай колькасьці тых, хто размаўляе на мове заўжды? Калі беларусы – толькі тыя, хто на мове, дык чаму ў Беларусі нашай так няшмат беларусаў? А хто астатнія? Хіба не беларусы? Беларусы! Як пісаў Віталь, «русыфікацыя, якая праводзіцца рукамі саміх беларусаў, аказалася нашмат больш эфэктыўнай за русыфікацыю, што ішла за саветамі і нават за царамі». Таму, на жаль, мовай беларускай беларускасьць наша не вычэрпваецца і з мовы нават не пачынаецца. Здаецца, беларуса можа вызначыць павага да мовы іншага. Беларус ніколі ня скажа «апазыцыянэр» ці «калхазан» пра беларускамоўнага. Але беларус ніколі ня рыкне «маскаліна!» на суайчыньніка, хто па-беларуску ня можа: гэта ня нашае. Так ня можна!

Прадбачу пярэчаньні, пра тое, што «сапраўдны беларус» гэта той, хто... Аднак, людцы, само гэтае словазлучэньне – «сапраўдны беларус», азначае, што ёсьць беларусы «не сапраўдныя», іншага гатунку?

Аднак працягнем наш «кодэкс беларускасьці»!

– Крыўдзіцца на пагардлівае «бульбаш» і на нэўтральнае «Белоруссия».

– На пытаньне аб выдатных беларускіх пісьменьніках называць Купалу, Коласа, Быкава, Караткевіча і Амельянюка (бо імем Амельянюка называюць вуліцы, а што, ён не пісьменьнік? А хто тады?)

– Лічыць, што СССР вызваліў Беларусь у 1944 годзе. Шчыра верыць у тое, што салдат-чырвонаармеец забясьпечыў беларусам свабоду, бо ў той арміі служылі дзяды, там гінулі прадзеды. Пры гэтым лічыць Сталіна катам і шкадаваць аб тым, што Кацярына Вялікая раскудлачыла ВКЛ.

– Адчуваць сябе паўнавартасным, эўрапейцам у Пскове ды – раптоўна, нечакана (да злаваньня на сябе!) – «славянінам» ці «савецкім чалавекам» у Парыжы. Ушчуваць рускіх за непавагу да асабістай прасторы, эўрапейцаў – за адсутнасьць «душэўнасьці» ды «закрытасьць». Яшчэ: кожны раз пры наведваньні Масквы ці Пецярбурга ўзгадваць стынгава ”Englishman in New York”, у той частцы, дзе пяецца – «If ‘manners maketh man’ as someone said \ Then he's the hero of the day \ It takes a man to suffer ignorance and smile \ Be yourself no matter what they say» («калі, як тыя кажуць, чалавека робяць манеры \ дык гэта пра яго \ трэба быць сапраўдным мужыком, каб усьміхацца, пабачыўшы невуцтва, \ будзь сабой, хай кажуць што хочуць!»

– Рабіць памылку ў слове «стагодзьдзе» ў тарашкевіцы нават пасьля сталага курсу навучаньня гэтаму правапісу.

– Жыць сумленна і па сродках, як Сірога, які калі і зычыць грошай на бухач – заўсёды аддае. Жыць без цыганоў зь медзьвядзямі. Не высоўвацца. Працаваць да выцягваньня вантробаў, ня лезьці ў начальнікі, а апынуўшыся ў начальніках – не фанабэрыцца ды не панець: усе пад Богам ходзім. Верыць у Бога, але валіць платы на Купалу, не купацца пасьля Ільлі ды аддаваць дубальтоўку на прышэпты перад паляваньнем.

– Адчуваць няспынную разгубленасьць перад гісторыяй на ўсім працягу жыцьця. Зьдзіўляцца, калі ў савецкай школе табе кажуць пра нейкіх «паноў», што прыгняталі беларусаў «да вайны». Потым яшчэ больш зьдзіўляцца, калі ва ўнівэры ўскосным чынам прыходзяць веды (бо прама ніхто ня скажа!), што прыгняталі нас, здаецца, зусім не «паны», а імпэрыя. І не «да вайны», а стагодзьдзі да яе ды дзесяцігодзьдзі пасьля. І з шырокім задзелам на бліжэйшую будучыню!

Потым – ужо па сканчэньні «абавязковай праграмы» жыцьцёвага навучаньня, проста з успамінаў старых, з напаўзабароненых кніг, з Арлова, з Адамовіча, зь Федарэнкі, – дазнавацца пра, напрыклад, слуцкі збройны чын. І дранцьвець ад федарэнкавых згадак (аповесьць «Нічые») пра самаробныя кукарды з «пагоняй», пра шытыя бел-чырвона-белыя сьцягі. Усьведамляць, што вось жа – была гісторыя нашмат прыгажэйшая нават за Белы рух у Расеі, гісторыя з рамантыкамі-героямі, з трагедыямі, каханьнем, здрадай, а хто ўзгадае прозьвішча Жаўрыда? Акрамя Федарэнкі, Арлова ды Харэўскага?

– Адчуваць, што ўсё навокал рушыць не туды. Што ўсё ня так, як мае быць. Але – адначасова з тым – пакутаваць ад вельмі беларускага пачуцьця разгубленасьці. Экзістэнцыйнай немагчымасьці зьмяніць, выправіць, бо лёс вызначае нейкая вышэйшая сіла, а нам, небаракам, трэба цярпець ды чакаць лепшай долі.

– Тужыць па родных мясьцінах, бо беларус заўсёды не на месцы. Нарадзіўся ў Менску – едзе ў Вільню, нарадзіўся ў Мікашэвічах – едзе па долю ў Магілёў, нарадзіўся ў Магілёве – шукае лепшага ў Менску.

І вось, тужыць, але на пытаньне: «Дружа! Аб чым твой сум?» – ня мець слоў адказаць. Не па бярозках і ўзгорачках. Нават не па хлебу з крамы пад домам, хаця гэта таксама істотна. Не па сябрах. А па чым? Вось гэты сум – ціхі, высакародны, прыгожы, мудры – і ёсьць Беларусь. А чалавек з такой Беларусьсю ў сэрцы – беларус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG