Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзі просяцца ў Эўропу


Рэспубліканская рада судзьдзяў асуджае Эўразьвяз за санкцыі і называе гэта ціскам на незалежнае і бесстароньняе беларускае правасудзьдзе.

У заяве, якую цытуе Белта, Рэспубліканская рада судзьдзяў заяўляе, што сытуацыя, зь якой сутыкнулася судзейская супольнасьць Рэспублікі Беларусь, беспрэцэдэнтная ў сьвеце. Больш за 70 судзьдзяў розных судоў былі ўключаныя ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз. Рада судзьдзяў лічыць, што падобныя забароны супярэчаць міжнародным нормам права і канстытуцыям эўрапейскіх дзяржаў. Візавыя санкцыі судзейскае аб’яднаньне расцэньвае як сродак ціску і парушэньне прынцыпу незалежнасьці судзьдзяў. Аўтары заявы сьцьвярджаюць, што беларускія судовыя органы разглядаюць перададзеныя справы «непрадузята, на аснове фактаў і ў адпаведасьці з законам, безь якіх-небудзь абмежаваньняў, неправамоцнага ўплыву, падахвочваньня, ціску, пагроз ці ўмяшаньня, няўскоснага ці ўскоснага, з чыйго б то ні было боку і па якіх бы то ні было прычынах».

Беларускія судзьдзі спасылаюцца на «Эўрапейскую хартыю аб статусе судзьдзяў», Маахстрыцкую дамову і іншыя міжнародныя дамовы, якія замацоўваюць права кожнага (у тым ліку судзьдзяў) на свабоду перамяшчэньня. Яны лічаць, што ўведзеныя санкцыі таксама перашкаджаюць ім ажыцьцяўляць неабходныя кантакты, удзельнічаць у міжнародных сымпозіюмах і сэмінарах з мэтай абмену вопытам і ўдасканаленьня дзейнасьці судоў.

Рэспубліканская рада судзьдзяў у сваім звароце выказвае надзею, што калегі зь міжнародных і нацыянальных судзейскіх арганізацый праявяць салідарнасьць, разуменьне і прафэсійную падтрымку.

На просьбу Радыё Свабода крыўды чальцоў Рэспубліканскай рады судзьдзяў пракамэнтаваў былы адвакат Павал Сапелка.

Са словаў Паўла Сапелкі, выклікае зьдзіўленьне, што судзьдзі, адстойваючы свае інтарэсы, зьвяртаюцца да міжнародных нормаў і канстытуцый эўрапейскіх дзяржаў, але фактычна пазбавілі такога права тых, каго яны судзілі:

Павал Сапелка
Павал Сапелка
«Ацэнка гэтым працэсам дадзеная дастаткова кампэтэнтнымі і ўплывовымі міжнароднымі органамі. І тут нічога ні дадаць, ні адняць ужо нельга. Прызнана досыць безапэляцыйна, што ўдзельнікі масавага мерапрыемства 19 сьнежня 2010 году былі пазбаўленыя шмат якіх, у тым ліку асноўных, правоў у судовых паседжаньнях. Іх права на справядлівы суд было парушанае. І, я думаю, калі пройдзе пэўны час, гэта пацьвердзіць і Камітэт па правах чалавека ААН.

У мяне ў гэтым зьвязку заўсёды толькі адно пытаньне: чаму судзьдзі ў ліку іншых чыноўнікаў, якім абмежаваны ці забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, лічаць, што гэта ціск на іх? Калі нейкія краіны ня хочуць іх бачыць на сваёй тэрыторыі – то гэта сувэрэннае права гэтых дзяржаў. Ня трэба жангляваць тэрміналёгіяй. Ужо каторы раз робяцца спробы выкарыстоўваць міжнародныя нарматыўныя акты для таго, каб нейкім чынам за вушы прыцягнуць і прыдумаць ціск на судзьдзяў ці на іншых чыноўнікаў. Трэба ўважліва чытаць міжнародныя нарматыўныя акты».

У сувязі з гэтым, падсумоўвае Сапелка, магу ўсім чыноўнікам сказаць толькі адно: любіце Беларусь. Для чаго тым жа судзьдзям, чыноўнікам прасторы Эўразьвязу, калі іх там ня хочуць бачыць? Нязванымі гасьцямі заўсёды быць вельмі сумна…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG