Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі будзе грамадзкае тэлебачаньне


Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) вітала намер уладаў Расеі заснаваць грамадзкае тэлебачаньне.

Як заявіла ўчора прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях свабоды прэсы Дуня Міятавіч, грамадзкае тэлебачаньне можа адыграць істотную ролю ва ўмацаваньні дэмакратыі ў Расеі.

Указ аб стварэньні «Грамадзкага тэлебачаньня Расеі» (ОТР) падпісаў учора прэзыдэнт РФ Дзьмітры Мядзьведзеў. Рада ОТР і генэральны дырэктар, аднак, будуць зацьверджаныя ўжо пасьля ўступленьня ў пасаду абранага прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Вяшчаньне пачнецца з 1 студзеня 2013 году.

Мядзьведзеў падкрэсьліў, што канал будзе фінансавацца за кошт даходу ад мэтавага капіталу. У далейшым ён будзе папаўняцца за кошт публічнага збору сродкаў.

Галоўным кіруючым органам грамадзкага тэлебачаньня стане Рада, якая будзе фармавацца праз мэханізмы Грамадзкай палаты. Паводле прэзыдэнта, у ёй «павінны быць прадстаўленыя розныя палітычныя сілы».

Ва ўказе ўтрымліваецца прамая забарона на ўваходжаньне ў Раду дзяржаўных службоўцаў, асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады, уключаючы вышэйшыя дзяржаўныя пасады, дэпутатаў Дзярждумы, членаў Савету Фэдэрацыі.

Ва ўказе гаворыцца, што генэральнага дырэктара грамадзкага тэлебачаньня ў Расеі будзе прызначаць прэзыдэнт краіны. Пры гэтым Мядзьведзеў сказаў, што ня ведае, хто ўзначаліць тэлеканал.

Як пішуць сёньня газэты «Коммерсантъ» і «Ведомости», сярод кандыдатаў на пасаду кіраўніка ОТР называюць кіраўніка радыёкампаніі «Голос России» Андрэя Быстрыцкага і прэзыдэнта Міжнароднай акадэміі тэлебачаньня і радыё Анатоля Лысенку.

Як адзначана ў сафійскай дэклярацыі ЮНЭСКА 1997 году «органы вяшчаньня, якія належаць дзяржаве, трэба рэфармаваць у першачарговым парадку і надаць ім статус адкрытых грамадзкіх установаў, якія маюць журналісцкую і выдавецкую самастойнасьць».

Згодна з тлумачэньнем ЮНЕСКА і Міжнароднага саюзу электрасувязі грамадзкім варта лічыць вяшчаньне: а) прызначанае для грамадзтва, б) якое фінансуецца грамадзтвам, у) кантраляванае грамадзтвам.

Родапачынальнікам грамадзкага вяшчаньня прынята лічыць брытанскую карпарацыю Бі-Бі-Сі, створаную ў 1922 годзе, а ў 1927 годзе пераўтвораную ў грамадзкую вяшчальную карпарацыю.
Цяпер грамадзкае вяшчаньне існуе ў 49 краінах сьвету.

Нацыянальныя мадэлі грамадзкага вяшчаньня маюць чатыры агульныя рысы.

Па-першае, усе грамадзкія тэлерадыёканалы фармуюцца толькі на аснове спэцыяльнага заканадаўства. Гэта могуць быць асобныя законы, як, напрыклад, Каралеўская хартыя, якая складае прававую базу Бі-Бі-Сі, ці Закон аб грамадзкім вяшчаньні, прыняты ў 1967 годзе ў ЗША.
Па-другое, любое грамадзкае вяшчаньне прадугледжвае кантроль з боку грамадзтва праз адпаведныя калегіяльныя органы, якія прадстаўляюць структуры грамадзянскай супольнасьці, і гарантуюць вяшчальніку незалежнасьць ад дзяржавы.

Па-трэцяе, фінансаваньне грамадзкага вяшчаньня адбываецца ў адпаведнасьці з законам і выключае магчымасьць падпарадкаваньня каналу камэрцыйным інтарэсам.

Па-чацьвёртае, зьмест грамадзкага вяшчаньня, яго праграмная палітыка будуецца на аснове аб'ектыўнай інфармацыі і імкнецца задаволіць інтарэсы самай шырокай аўдыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG