Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў, Бандарэнка... А астатнія?


Эўразьвяз вітаў вызваленьне з турмаў экс-кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах Андрэя Саньнікава і ягонай даверанай асобы Зьмітра Бандарэнкі і запатрабаваў вызваленьня астатніх палітвязьняў. Афіцыйны Менск выказвае спадзеў на дээскаляцыю адносінаў з Брусэлем.

Кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан вітала вызваленьне Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі ды заклікала ўлады Беларусі «вызваліць зараз без усялякіх папярэдніх умоў усіх астатніх палітычных вязьняў і зьліквідаваць усе абмежаваньні на іхныя грамадзянскія і палітычныя правы». На яе думку, гэта дадало б магчымасьцяў для прагрэсу ў паляпшэньні дачыненьняў паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле, у сваю чаргу, падкрэсьліў, што вызваленьня двух палітвязьняў недастаткова для паляпшэньня эўрапейска-беларускіх дачыненьняў:

Штэфан Фюле
Штэфан Фюле
«Эўразьвяз неаднаразова падкрэсьліваў, што ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя, і толькі тады мы можам разважаць пра нармалізацыю дачыненьняў зь Менскам. Вызваленьне спадара Саньнікава і спадара Бандарэнкі адбылося ў гэтым кантэксьце, і, адпаведна, ёсьць першым крокам з тых, якія павінны быць зробленыя».

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у адказ на гэта выказаў спадзеў на аднаўленьне дыялёгу: «Вельмі важна, каб заявы, якія прагучалі, былі трансфармаваныя ў практычныя справы. Менавіта ў гэтым выпадку мы зможам рэалізаваць працэс дээскаляцыі ў нашых стасунках», — адзначыў Савіных.

Дээскаляцыя магчымая, мяркуе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Гэта крок у правільным кірунку, крок да дээскаляцыі. Цяпер трэба чакаць, якая будзе рэакцыя Эўразьвязу. Я мяркую, што нейкая будзе. Першае, пра што казалі і міністар замежных спраў, і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, — каб не пашыралі санкцыі. Гэта я ўжо лічу выкананым, 23-га санкцыі пашыраныя ня будуць. Наконт таго, ці будзе штосьці адмененае, — тут у мяне ўпэўненасьці няма, бо шмат людзей яшчэ застаецца за кратамі і далёка ня ўсе ўмовы Эўразьвязу выкананыя».
...
Дээскаляцыя магчымая, бо Эўразьвяз даўно чакае сыгналаў зь Менску, у якога знаходзіцца ключ да аднаўленьня дыялёгу, мяркуе літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс:

Эўразьвяз мае трымацца прынцыповай пазыцыі і ўпарта цьвердзіць, што ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя ...

«Але я мяркую, што Эўразьвяз мае трымацца прынцыповай пазыцыі і ўпарта цьвердзіць, што ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Такой гульні ад Менску можна было чакаць — што ён будзе выпускаць палітвязьняў порцыямі, спадзеючыся на нейкія саступкі ад Брусэлю».

Вызваленьню Саньнікава і Бандарэнкі паспрыялі ня столькі кропкавыя санкцыі Брусэлю, колькі жаданьне Лукашэнкі зноў пачаць гульню ў балянсаваньне паміж Захадам і Расеяй перад вяртаньнем у прэзыдэнцкае крэсла Ўладзімера Пуціна, мяркуе спадар Юрконіс.

Спыненьне напружанасьці ў адносінах афіцыйнага Менску і Брусэлю магчымае толькі тады, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязьні і калі зь Беларусі паступяць іншыя пазытыўныя сыгналы, перакананы менскі палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Сёньня сытуацыя, можа, знаходзіцца на пачатку шляху выпраўленьня, але ёсьць яшчэ шмат крокаў, якія мусяць зрабіць улады Беларусі. Я думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі, каб даць магчымасьць гэтым крокам адбыцца, Эўрапейскі Зьвяз наўрад ці будзе нарошчваць ціск на ўлады Беларусі. Ён, можа, пачакае, або замарозіць са свайго боку сытуацыю, каб пераканацца ў шчырасьці намераў уладаў».

Першым магчымым пазытыўным крокам можа стаць вяртаньне эўрапейскіх паслоў у Менск, мяркуе Алесь Лагвінец. Гэта можа адбыцца ўжо бліжэйшым часам, мяркуе ён. Для беларускага грамадзтва вызваленьне палітвязьняў важнае і тым, што гэта істотна зьмяншае атмасфэру страху ў краіне, перакананы Алесь Лагвінец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG