Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Галава ў вянку


Дом у Горадні, дзе прайшло маленства Максіма Багдановіча
Дом у Горадні, дзе прайшло маленства Максіма Багдановіча

Нашага Максіма Багдановіча «панізілі ў званьні». Да стагодзьдзя пастанова была паставіць паэту ў Горадні помнік, а вось мінула дваццаць гадоў і вырашана цяпер абмежавацца бюстам.

Будзе галава ў вянку: «пясьняр чыстай красы», ніякай палітыкі, ніякага болю за цяжкае летаргічнае абуджэньне землякоў. А помнік дзе ж? Застаўся ў размаляваным ружачкамі сьпісе добрых намераў начальства.

Пагоня


Памятаю, калісьці ў Новым замку нават абмеркаваньне праектаў помніка адбылося. Шчыра: мне не спадабаліся, шаблён – доўгі чалавек у шынялю. Грошай хіба не знайшлося на бронзу, але было жаданьне песьняру Пагоні аддзячыць у горадзе ягонага маленства.

Якраз Пагоня была нашым, часова не забароненым, гербам рэспублікі. Сёньня начальства хіба з дрыжыкамі толькі можа прадэклямаваць славутыя радкі – «Бійце ў сэрца іх – бійце мячамі. Не давайце чужынцамі быць!» І – «Старадаўняй Літоўскай Пагоні не разьбіць, не спыніць, не стрымаць». Стрымалі, спынілі, забаранілі! Выкінулі з геральдычнага сьпісу нарэшце! І такая раптам шчодрасьць адносна мёртвага паэта – хай будзе бюст. Але нэўтральны.

Багдановіч даў нам наш гімн у паэзіі, ён загучаў як гімн, яго засьпявалі. І даў своечасова. Можа дзеячы БНР не наважыліся б абвесьціць аб сваёй мары, якая ня стала рэчаіснасьцю, калі б у іх у сэрцах не гучалі рашучыя словы «Пагоні». Ускосна, прынамсі, так і было. Падштурхнулі іх літоўцы, якія ўзялі герб і абвесьцілі першымі аб незалежнасьці. Не было дзе падзецца, цягнуць больш не выпадала!

Але атрымаўся фальстарт, як з паўстаньнем 1863-га. Палякі ў 1918-м рыхтаваліся значна больш грунтоўна. Другое: у 1916-м паэт не ўяўляў, што Тарыба схопіць быка за рогі, што «старадаўняя літоўская Пагоня» будзе прыўлашчана, беларусам скажуць у дзьвярах: свабодныя! Таму яны пачнуць правіць верш, заменяць слова ў песьні на «крывіцкую» Пагоню, дапамагло мала, калі шчыра.

Галава ў вянку


Бюст Багдановіча ў вянку будзе стаяць у парку адпачынку працоўных. Ня вельмі пераканаўча гучыць, хіба. Там фантан, карусэлі і мэханічны каршук высока на дрэве дзярэ глонаўку, пужаючы варон.
Уваход у парк Жылібэра. Дзе паставяць бюст паэту
Уваход у парк Жылібэра. Дзе паставяць бюст паэту

Зрэшты, парк – былы каралеўскі батанічны сад. Непадалёк нават стаіць сам Жан-Эмануэль Жылібэр, які яго пасадзіў. Праўда, начальства не дазволіла падпісаць батаніка, які быў, да ягонага няшчасьця, французам. Нават адкрыцьцё забараніла: як можна адкрываць помнік невядома каму, хто тут інкогніта апынуўся? Але каму трэба, той ведае – хто гэта.

Вянок Максіма Багдановіча, аднак, да батанічнай навукі дачыненьня ня мае. Як вядома, адзіны зборнік паэта зьяўляецца «вянком на магілу» паэта іншага – Сяргея Палуяна, які скончыў самагубствам. Нібыта сам аўтар не плянаваў так, але выдаўцы вырашылі, што будзе дарэчы, калі адзін паэт другому сваю кнігу пакладзе ў пераносным сэнсе на магілу. Мода тады існавала такая, што зробіш.

Пахавальны матыў, аднак, вельмі дарэчы ў парку адпачынку працоўных. Начальства паклала «на скорую руку» труны з чырвонаармейцамі ў лёхі былога палаца каралеўскага намесьніка Тызэнгаўза, што стаяў некалі пасярод батанічнага саду. Зьверху сёньня абэліск, вечны агонь мясцовага значэньня. Вянкі, што зразумела, пастаянна ў наяўнасьці. А зараз яшчэ паэт са сваім прыбудзе ў парк. Чаму б і не!

Гэй, паэты!


Побач з паркам Жылібэра, як вядома, дом-музэй Максіма Багдановіча. Але каля яго хіба месца замала для бюста, вырашылі. Хай будзе ў парку, дзе паэт гуляў хлопчыкам з бацькам Адамам.
Цяпер тут музэй паэта
Цяпер тут музэй паэта

Мне думаецца: нядрэнна было б, каб каля бюста маглі спатыкацца паэты, літаратары, чытаць вершы Багдановіча і свае. Чаму б і не? Месца такога пакуль няма. Хай бы зьяўляліся тыя, пра каго ён пісаў, скульптар, вагітная, той жа рыцар, хаця рыцара начальства бадай не дазволіць. Ну, тады цяжарных паболей, з намёкам, што хаця б будучае пакаленьне дачакаецца «залацістага яснага дня», з марай пра які памёр паэт.

Мой Багдановіч


Калі б я быў скульптарам, мне магло б не хапіць глыбіні ведаў, каб бачыць знутры, ня толькі вонкавую форму скульптуры менавіта Максіма Багдановіча. Сёньня я, наадварот, горш уяўляю яе адлітай, але што да зьместу, мне ясна адно: трэба разьняволіцца, падумаць свабодна аб тым, які ўплыў зрабіў на мяне асабіста Максім Багдановіч, што мне даў, што мне ў яго творчасьці найбольш важнае. Калі я так гавару сабе, усё ідзе далей як па масьле.

Багдановіча я не чытаў даўно, але калі мне трэба настроіцца на яго хвалю, то ўспамінаецца адразу: «Народ, Беларускі Народ! Ты – цёмны, сьляпы, быццам крот. Табою заўжды пагарджалі, цябе не пушчалі зь ярма і душу тваю абакралі, – у ёй нават мовы няма». Гэта балесная, крыўдная праўда. Максім здолеў выказаць яе так, што яна рэжа сэрца нават сёньня, калі ўсё ў нас стала беларускім – мова гучыць з трыбун, са слупоў, з нашага даражэнькага «яшчыка». Жартую, жартую. Моц верша ў тым, што праўдзе, агучанай паэтам сто гадоў назад, нічога не зрабілася, праўда стала яшчэ больш гаркавай, рэзка воцатнай, невыносна балючай.

Другім згадваецца моцны верш, хай ён з «чарнавых накідаў», «Досі ўжо, браты, чужынцам мы служылі, досі ўжо пашаны ім прыдбалі; не сваю –чужую долю баранілі, пад чужымі сьцягамі ўміралі». Чаму ён? Мабыць таму таксама, што праўдзе гэтай нічога ня робіцца: «яшчык» любіць нагадаць беларусам, што яны павінны будуць палегчы, абараняючы Маскву. Не сябе, свае сем’і, сваю свабоду, свой беларускі народ, а тое, што скажа «яшчык».

Пра «Пагоню», напісаную Багдановічам за год да сьмерці, я ўжо ўспамінаў. Гэта мужны гімн, які дае моц надзеі нават тады, калі ўсё супраць нас звонку.
Мы рабіліся беларусамі ўсьвядомлена разам зь імі, яго вершамі. Пачуцьцё беларускасьці ўзмацнялася ў душах з чытаньнем яго паэзіі. Сам хворы, з кволымі лёгкімі, ён надаваў моц і надае да сёньня. Ён згараў ад хваробы і ад любові да Бацькаўшчыны, каб перадаць гэтую сваю любоў нам, нашчадкам.

«Добрая лыжка да абеду…»


Шкада, што Багдановічу не паставілі помнік у Горадні ў 1992-м, ён бы ўжо цэлых дваццаць гадоў дадаваў да аблічча гораду важныя рысы. Нагадваў бы, што ён сьведка кароткай беларускай свабоды пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоня. Вось лідчукам характару хапіла, помнік Скарыну з таго часу – адзін з важных чыньнікаў, які робіць Ліду горадам, ня проста месцам заводаў і спальных раёнаў.

Аднак ранейшы конкурс у Горадні закончыўся бяз вынікаў, і ўлады на доўгія гады з палёгкай забыліся пра Багдановіча. Хаця пункт адносна ўвекавечаньня яго памяці нібыта заставаўся ў гарадзкой праграме «Спадчына», але нейк нябачна, «інкогніта». Цяпер будзе галава Багдановіча ў вянку! Начальства задаволенае, ніякай палітыкі, ніякага нацыянальнага прысмаку: «Усе аўтары ўлавілі лірычнасьць паэта, яго ўзвышаную натуру і тонкасьць душэўных перажываньняў». Але ж гэта можна сказаць пра любога паэта, калі ён сапраўды нечага варты!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG