Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маўчаць, бо баяцца за свой сьціплы дабрабыт…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:48 0:00
Наўпроставы лінк


Пытаньне, якое часта гучыць у многіх лістах на «Свабоду»: чаму беларускае грамадзтва не наважваецца на пратэст нават у тых сытуацыях, калі яўна незадаволена і нават абурана ўладнымі рашэньнямі? Адказаў існуе мноства.

Наш слухач Міхась Габрыэль зь Менску часта ўдзельнічае ў апазыцыйных акцыях пратэсту і мае ўласны погляд на тое, чаму многія беларусы баяцца адкрыта выказваць і адстойваць свае перакананьні. У лісьце на «Свабоду» слухач піша:

«Увечары 25 сакавіка, як звычайна пасьля Дня Волі, уключыў Беларускае тэлебачаньне, каб паглядзець, як жа яно будзе асьвятляць шматлюдную акцыю, у якой я сам удзельнічаў і добра бачыў, як усё адбывалася.. БТ паказала кароткі сюжэт: маленькая купка людзей за чымсьці назірае. Ні „амапаўцаў“, ні вялізнай колькасьці ўдзельнікаў на плошчы ў кадры не было. Затое абвясьцілі, што на мітынгу прысутнічалі нібыта толькі 200 чалавек.

Мне як чалавеку, які пільна сочыць за палітычнымі падзеямі і сам удзельнічае ў акцыях, тут усё зразумела. А вось тым, хто з даверам ставіцца да БТ і „радыёкропкі“, можа падацца, што ўсё так і ёсьць у сапраўднасьці.

Людзі ў асноўным баяцца выказваць уласныя меркаваньні на вуліцы, у краме, у транспарце… Непакояцца за свой сьціплы дабрабыт, за працу, за будучыню сваіх дзяцей. Трапляюцца і такія, што не баяцца, але гэта — рэдкасьць. А вось у лазьні, як я заўважыў, размовы нашмат больш шчырыя, разьняволеныя. І высновы там робяцца зусім не на карысьць улады. Скланяюць людзі Лукашэнку як толькі могуць. А вось выйсьці на плошчу — баяцца. Такі вось наш люд».

Значная частка грамадзтва, сапраўды, спаралізаваная страхам. Людзі баяцца адкрыта выказваць уласныя погляды, апасаюцца страціць працу альбо вучобу. Пры гэтым прапагандысцкім сюжэтам афіцыйнага тэлебачаньня мала хто верыць: супярэчнасьці паміж рэальным жыцьцём і тэлекарцінкай відавочныя для ўсіх. Датычыць гэта ня толькі апазыцыйных акцыяў, але і любых грамадзка значных праблемаў — цэнаў у крамах, заробкаў, сытуацыі на рынку працы… З тэлеэкрана чалавека пераконваюць, што ён цалкам сацыяльна абаронены, што ў краіне няма беспрацоўя, вакол росквіт і стабільнасьць. А ў рэальнасьці гэтага, так бы мовіць, «стабільнага» заробку многім не хапае нават на ежу і адзеньне. Да гэтай відавочнай хлусьні, аднак, многія прыцярпеліся і не ўспрымаюць яе як нешта надзвычайнае. Тым больш што для людзей старэйшага веку на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў савецкай рэчаіснасьці гэта ўвогуле было ў парадку рэчаў.

✉ ✉ ✉
Зрэшты, ёсьць сярод гледачоў дзяржаўных тэлеканалаў і такія, хто шчыра верыць прапагандысцкім рэпартажам. Вось які ліст, паглядзеўшы той жа сюжэт БТ пра сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску, даслаў нам Яўген Козьлікаў з Магілёва. Ён піша:

«Ну і што гэта была за акцыя апазыцыі? Сорамна глядзець. Дзе вы назьбіралі гэтых дзяцей? У Маскве на Балотнай плошчы было відаць, што прыйшлі сталыя, сур’ёзныя людзі. А ў вас? Бачыў я на Беларускім тэлебачаньні: жменька нейкіх падшыванцаў. Ну што, адрабілі заплочаныя Захадам грошы? А вашы апазыцыйныя начальнікі? Якія страшэнныя ў іх твары, калі глядзіш па тэлевізары…

Вось цяпер паднялі шум вакол расстрэлу тэрарыстаў Канавалава і Кавалёва. А што зь імі цацкацца? Шкада, што ніхто з вашых бээнэфаўцаў ня трапіў у гэты тэракт — нябось, тады па-іншаму загаварылі б.

Увогуле, што за людзі вам тэлефануюць? Вось нейкі ўсё асуджае хлопцаў, якія гуляюць у хакей. Адчуваецца, што тупы і хамаваты. Ці быў ён хоць раз у тэатры, кіно? І ці ёсьць сярод выступоўцаў, якія тэлефануюць вам на „Свабоду“, хоць адзін інтэлігент? Усе пакідалі свае вёскі, пераехалі ў горад, але, як кажуць у народзе, колькі б гусь ні крычаў — лебедзем ня стане.

Хачу ўсім вам параіць словамі Маякоўскага: „Паэтам можаш ты ня быць, грамадзянінам — абавязан“. А таму — не чапайце Лукашэнку, вы ягоных пятак ня вартыя. Што вы можаце зрабіць, акрамя балбатні?».

Так, спадар Козьлікаў, тэлефануюць і пішуць нам розныя людзі — ня толькі інтэлігенты. Некаторыя нават ня ведаюць, што славуты верш «Грамадзянін і паэт» напісаны Някрасавым задоўга да Маякоўскага. Хоць, здаецца, усе вучыліся ў сярэдняй школе і праходзілі клясычную расейскую літаратуру 19-га стагодзьдзя…

Дарэчы, спадар Козьлікаў, аўтар гэтага верша ўсё сваё жыцьцё змагаўся супраць прыгоннага ладу, самадзяржаўя і чалавечай несвабоды — і менавіта ў гэтым бачыў вялікае пакліканьне для паэта і грамадзяніна. А вы, спадар Козьлікаў, няўжо ўсур’ёз лічыце, што быць грамадзянінам — значыць падтакваць уладзе, нахвальваць любыя ейныя ініцыятывы ды зьневажаць усіх, хто думае ня так, як хочацца незьмяняльнаму прэзыдэнту?

✉ ✉ ✉
Тэма, якая цікавіць многіх студэнтаў, а таксама іхных бацькоў — кошт і якасьць навучаньня ў беларускіх ВНУ. Вось які ліст на гэты конт даслаў нам Зьміцер Кабак зь Менску. Ён піша:

«Хачу зьвярнуць увагу на тое, што зараз робіцца ў гэтай галіне, і пракамэнтаваць заяву міністра адукацыі пра падвышэньне коштаў навучаньня на эканамічных і юрыдычных спэцыяльнасьцях.

Я сам толькі месяц як скончыў ВНУ менавіта па адной з гэтых спэцыяльнасьцяў і добра ведаю сытуацыю.

У нашай адукацыі, як мне здаецца, ніхто ні за што не адказвае…

Калі спытаць, чаму дагэтуль набор навучэнцаў не скарачаецца, чаму штогод тысячы незапатрабаваных эканамістаў набіраюцца і выпускаюцца, то я ўпэўнены, што дэканы адкажуць: пытайцеся ў міністэрстве. Маўляў, там фармуюць і праграмы навучаньня, і колькасьць набору. А міністэрства, заплюшчыўшы вочы ды ігнаруючы запыты, глядзіць галоўным чынам на тое, каб як мага больш грошай спагнаць з простага студэнта… А дарэчы сказаць, якасьць адукацыі — зусім ніякая. І зараз атрымліваецца, што ўнівэрсытэты штампуюць спэцыялістаў адсталых стандартаў, якія ня могуць знайсьці працы, у той час як эканоміка задыхаецца ад недахопу кваліфікаванай працоўнай сілы.

І вось цяпер міністэрства нічога разумнейшага не прыдумала, як урэзаць набор коштамі, — піша ў сваім лісьце на „Свабоду“ Зьміцер Кабак зь Менску. — Пытаньне: пра што раней думалі, чаму не сачылі за сытуацыяй на рынку працы? Чаму не ніхто за гэта не адказваў і не прапаноўваў альтэрнатыву?

Зараз хочуць, каб за іхнае глупства разьлічваліся простыя людзі, якія будуць плаціць за навучаньне сваіх дзяцей.

Успамінаецца прыказка: „Калі ў краіне не працуюць законы — зьяўляецца шмат юрыстаў“! На жаль, яна актуальная і ў дачыненьні да эканамістаў.

Цікава таксама, адкуль міністар узяў, што настаўнікі задаволеныя сёньняшнімі заробкамі? Наколькі я ведаю, маладыя настаўнікі не ідуць у школы, уцякаюць адтуль… Дый узровень прафэсіяналізму не заўжды высокі…

Сумна, што ў нас пануюць безадказнасьць і некампэтэнтнасьць.

Застаецца толькі верыць, што сытуацыя калі-небудзь выправіцца!».

Сёньня на беларускім рынку працы запатрабаваныя найперш рабочыя спэцыяльнасьці: муляры, тынкоўшчыкі, сантэхнікі, швачкі… Нідзе на дошках аб’яў не сустракаў, каб беларускія фірмы запрашалі на працу юрыстаў ці эканамістаў. І сапраўды, Зьміцер, уражаньне такое, што сыстэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі за апошнія дзесяць год пераарыентавалася галоўным чынам на зарабляньне грошай, мала зважаючы на рэальныя патрэбы эканомікі. За савецкім часам, калі насельніцтва Беларусі перавышала 10 мільёнаў чалавек, вышэйшых навучальных устаноў было значна меней, а колькасьць студэнтаў была меншая разы ў два ці тры. Але і тады найбольшы попыт у эканоміцы быў на рабочых, а не на інжынэраў і кіраўнікоў. Сёньня ў ВНУ прымаюць ледзь ня кожнага троечніка. А потым дыплямаваныя мэнэджэры ды правазнаўцы вымушаны ісьці гандляваць на кірмашы: іншай працы знайсьці ня могуць.

✉ ✉ ✉
Усё больш цесная залежнасьць Беларусі ад суседняй Расеі турбуе нашага даўняга сябра Алеся Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. У сваім лісьце слухач так піша пра сваё бачаньне імпэрскіх памкненьняў Масквы:

«Калі б расейцы былі крыху меншымі імпэрцамі па сваёй прыродзе, дык, без сумневу, накіравалі б сілы на ўладкаваньне ўласнага кутка, а не на захоп чужых тэрыторый. Нейкая дзіўная, абсурдная ў іх імпэрыя — нават сярод падобных імпэрый. Бо секла і сячэ пад корань сама сябе, разводзячы суцэльнае рабства, хабарніцтва, п’янства. Так было ўсе апошнія стагодзьдзі — працягваецца і цяпер. Колькі ахвяраў забраў хоць бы ГУЛАГ — страховішча нечуванае — а дзеля чаго? У іх і цяпер дурман у галаве. Народ гібее, бо няма калі ў сваіх градах корпацца, увесь час на чужыя гледзячы. І наўрад ці чалавечага жыцьця хопіць, каб перажыць гэту хваробу суседзкую.

Невядома, што будзе ў іх з Далёкім Усходам, Сыбір’ю. Напэўна, было б мудра аддаць частку тых бязьлюдных тэрыторый кітайцам. Бо ўсё роўна рана ці позна тыя землі апынуцца пад імі — і без усялякай страляніны. І зь Японіяй няблага было б стасункі наладзіць. Але як ты тую Расею розумам зразумееш, калі яны і самі гэтага толкам ня могуць асэнсаваць?.. А дэмакратыя немагчымая там, дзе ў галовах пануюць адны састарэлыя стэрэатыпы, страхі ды комплексы».

Сапраўды, спадар Алесь, імпэрская сьвядомасьць трывала замацавана ў расейскім грамадзтве. Дзеля ідэі імпэрскай велічы народ стагодзьдзямі вымушаны быў ахвяраваць уласным дабрабытам, камфортам, а часта і чалавечымі жыцьцямі. Сёньня на бяскрайніх прасторах Сыбіры можна знайсьці парэшткі соцень закінутых вайсковых частак, аэрадромаў, ракетных баз, лягераў для зьняволеных… Дзесяцігодзьдзямі вялізныя сілы і сродкі марнаваліся на тое, каб трымаць у страху сьвет і ўласны народ, — замест таго каб у той жа абязьлюдзелай Сыбіры і на Далёкім Усходзе ўзводзіць гарады, пракладаць дарогі, ствараць людзям прывабныя ўмовы для жыцьця… І сапраўды, вельмі няпэўна выглядае сёньня лёс тых неабжытых, неасвоеных земляў — асабліва калі мець на ўвазе суседні перанаселены Кітай, які ўсё больш набірае эканамічную моц.

✉ ✉ ✉
Многія нашы слухачы (у прыватнасьці, Сяргей Ярковіч і Вячаслаў Пянткоўскі зь Менску, Валянціна Агеенка з Талачына ды іншыя) зьвяртаюцца ў рэдакцыю з просьбай даслаць дакладны расклад перадач Радыё Свабода з улікам пераходу на летнія хвалі. Як звычайна ў гэты веснавы час, усім удзельнікам Клюбу сяброў «Свабоды» мы неўзабаве дашлем рэклямныя каляндарыкі з новымі хвалямі, на якіх можна пачуць нашы праграмы.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG