Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: «Кабзар» патрабуе рэгістрацыі


Мікола Чарнавус
Мікола Чарнавус

Кіраўнік аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Кабзар» Мікола Чарнавус зьвярнуўся да старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму з просьбай паспрыяць у рэгістрацыі арганізацыі.

У лісьце да Канстанціна Сумара Чарнавус піша, што ўжо на працягу году марна дабіваецца рэгістрацыі:

«Паважаны Канстанцін Андрэевіч! У нашым з Вамі дзяцінстве існавала прымаўка „Была ў папа кабыла...“ Гэтую прымаўку можна паўтараць да стамленьня.

Пасьля некалькіх зваротаў у Баранавіцкі гарвыканкам аб прадстаўленьні юрыдычнага адрасу для ГА „Кабзар“ я атрымаў адмоўны адказ. Я зьвяртаўся да Вас на асабістым прыёме 3 сьнежня 2011 году ў пісьмовай і вуснай форме, каб Вы дапамаглі нам, ГА „Кабзар“, у выдзяленьні вольнага памяшканьня падвальнага тыпу, якія ёсьць у камунальнай уласнасьці гораду Баранавічы. Але Вы пераадрасавалі ліст у Баранавіцкі гарвыканкам. Гарвыканкам нам адмовіў і парэкамэндаваў зьвярнуцца ў аблвыканкам. У некаторых людзей праяўляецца няпамятлівасьць. У сувязі з гэтым прашу Вас запісаць паўторна мяне на прыём. Я вам працытую поўнасьцю прымаўку».

Актывісты грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Кабзар» дабіваюцца рэгістрацыі ў Баранавічах на працягу году. Для гэтага ім патрэбнае памяшканьне для юрыдычнага адрасу. Гарвыканкам некалькі разоў адмаўляў аб’яднаньню ў адрасе. А супраць Міколы Чарнавуса нават ініцыяваўся суд за «самаўпраўства».

Гэтая сытуацыя ўжо выклікала зацікаўленасьць ва Ўкраіне. Украінскія грамадзкія арганізацыі выказваюць салідарнасьць і заклапочанасьць, а ўкраінскі дэпутат Ігар Гуз зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Украіны з просьбай паўплываць на сытуацыю з парушэньнем правоў украінцаў у Баранавічах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG