Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія экспанаты ў Вільні па-за палітыкай


У Вільні сёньня ўзгадваюць спадчыну братоў Луцкевічаў.

Навукоўцы і грамадзкія дзеячы абмеркавалі магчымасьці аднаўленьня Віленскага Беларускага музэя імя Івана Луцкевіча, а ў віленскай Ратушы – адкрыцьцё экспазыцыі з фондаў грамадзкай арганізацыі з такой самай назвай, якая зьбірае і захоўвае экспанаты і працягвае традыцыю музэйнага зьбіральніцтва ў віленскім беларускім асяродзьдзі.

Адна з заснавальнікаў сучаснага Музэя Людвіка Кардзіс, якая апякуецца экспанатамі, распавядае:

«Mэта сёньняшняй выставы – прынамсі, адна з самых найпершых, — гэта падзяка тым людзям, якія ахвяравалі зборы сваіх блізкіх, падаравалі нашаму Музэю. Гэта былі дарагія для іх, памятныя рэчы, яны разумелі іх каштоўнасьць, але яны паверылі нам і перадалі гэтыя скарбы нашай грамадзкай арганізацыі. Таму сёньня са словамі шчырай падзякі я хачу ўзгадаць сп. Алёну Анішчык, удаву Аляксея Анішчыка, а таксама нявестку Адольфа Клімовіча Марыю Клімовіч, нявестку Янкі Багдановіча пані Рыту Багданавічэне, якая перадала нам яго калекцыю.

Калі яе сын сказаў: «Мама, гэта ж нашага дзеда памяць, давай пакінем дома», яна сказала: «Не, сыне, гэта для іх больш патрэбна, чым каб проста было ў нас, яны ведаюць гэтую мову, гэта патрэбна для беларускага народа». Мы ўдзячныя спадарыні Ганне, дачцэ Тулейкаў, якая перадала ўсю бібліятэку сваіх бацькоў нам.

Што да таго, якім мае быць Музэй і што зроблена намі на сёньняшні дзень. Беларускіх музэяў у Вільні павінна быць шмат, не адзін. Намі зроблена таксама нямала. Варта і памятаць, што рэчы, якія маюць музэйную вартасьць для беларусаў, мастацкія творы, выкупаюцца зь Вільні, вывозяцца таксама, людзі набываюць іх і для прыватных калекцыяў».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:01 0:00
Наўпроставы лінк


«Ад мінулага да сучаснага: Віленскі Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» – такі круглы стол сёньня адбыўся у Літоўскім эдукалягічным унівэрсітэце, дзе на факультэце філялёгіі дзейнічае Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. Выкладчык беларускай літаратуры Алесь Адамковіч, аўтар гістарычнага і крыніцазнаўчага выданьня «Беларусы ў Літве: учора і сёньня», адзначыў пасьля заканчэньня круглага стала:

«Чаго было сапраўды шмат, так гэта думак, меркаваньняў, прапановаў. Уражвае аб’ём збораў калекцыі Луцкевіча, колькі ўсяго было сабрана і колькі ўсяго раскідана цяпер па розных краінах, у розных сховішчах. Але ў гэтай сытуацыі ёсьць і плюс: дзякуючы гэтаму значна большая частка дасьледнікаў можа пазнаёміцца з гэтымі фондамі, і заняцца вывучэньнем беларускай гісторыі, беларускай прысутнасьці ня толькі ўласна ў Вільні, але і ў сьвеце, фактычна, і ў самыя розныя пэрыяды.

Я задаволены тым аб’ёмам, у якім існуе архіў Луцкевіча і той колькасьцю дасьледнікаў, людзей, якія цікавяцца спадчынай архіваў і музэя братоў Луцкевічаў. Галоўная думка, якая гучала сёньня, – сёньня рэстытуцыя немагчымая, але магчыма аднаўленьне ў віртуальнай прасторы таго музэя такім, якім ён быў».

Ва ўнівэрсытэце адкрылася таксама фотавыстава Леаніда Касабуцкага «Бітва пры Дуброўне», а ў Ратушы ў часе імпрэзаў у памяць братоў Луцкевічаў прайшла прэзэнтацыя кнігі, прысьвечанай Лявону Мурашку (1924–2009), культурнаму і грамадзкаму дзеячу Літвы і беларускаму патрыёту.

Вядомы опэрны сьпявак Лявон Адамавіч Мурашка цягам апошніх гадоў жыцьця быў прэзыдэнтам Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы. Яго жонка, Вікторыя Мурашкене напісала кнігу ўспамінаў аб ім, названую «Я не магу не любіць цябе».

Адзін з арганізатараў імпрэзаў, амбасада Рэспублікі Беларусь у Літве, паведамляе, што гэтыя культурныя падзеі – частка мерапрыемстваў, прысьвечаных 20-м угодкам усталяваньня дыпляматычных дачыненьняў паміж дзьвюма суседнімі краінамі пасьля аднаўленьня незалежнасьці. На цяперашні момант гэтыя дачыненьні перажываюць чарговы крызіс. Дыпляматы краін Эўразьвязу, у іх ліку і амбасадар Літвы, пакінулі Менск напрыканцы лютага на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы і кіраўніком прадстаўніцтва Эўразьвязу, якіх беларускі МЗС папрасіў пакінуць краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG