Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клысіньскі: Бяз санкцый Эўропа страціла б твар


«Рубікон-2012: пэрспэктывы рэформаў і мадэрнізацыі ў Беларусі» – тэма канфэрэнцыі, якая праходзіць у гэтыя дні ў Таліне.

Яна арганізаваная беларуска-эстонскай грамадзкай арганізацыяй «Новы шлях для Беларусі» пры садзеяньні амэрыканскага фонду German Marshall, міністэрствам замежных справаў Эстоніі, камітэтам міжнародных справаў эстонскага парлямэнту і незалежным тэлеканалам ARU. Сярод удзельнікаў – былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, эканаміст Сяргей Чалы, прадпрымальнікі Юры Зісер і Пётар Марцаў, экспэрты з Эстоніі, Польшчы, Расеі і Вялікабрытаніі.

Канфэрэнцыя пачалася ў будынку эстонскага парлямэнту, удзельнікаў форуму вітаў кіраўнік групы па Беларусі Эўрапарлямэнту Андэрс Хэркэль. «У палітыцы не бывае сытуацый, калі няма надзеі, – сказаў ён. – Надзея ёсьць і ў Беларусі. Мы ня можам прадказаць, калі ў Беларусі будзе бурнае пазытыўнае разьвіцьцё. Але яно будзе».

Алесь Міхалевіч у сваім выступе выказаў меркаваньне, што бальшыня беларусаў ня бачыць і ужо ня ўбачыць у Лукашэнку свайго прадстаўніка, што «сацыяльны кантракт», пра які раней казалі палітолягі, ужо ня вернецца. Разам з тым, палітык не ўскладае вялікіх спадзеваў на апазыцыю, паводле яго, палітычныя зьмены ў Беларусі адбудуцца праз раскол унутры ўладнай эліты паводле румынскага ці лібійскага сцэнару.

Іншыя выступоўцы хутчэй аспрэчвалі Міхалевіча. Аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Аляксандар Алесін паведаміў, што дзякуючы палітыцы ўладаў буйныя прадпрыемствы кшталту МАЗа і МТЗ зусім не пацярпелі ад леташняга крызісу, яны зарабілі за мінулы год па 1.5 мільярды даляраў. Экспэрт прывёў прыклад адмысловай палітыкі, празь якую ўлады нэўтралізавалі патэнцыйную актыўнасьць працоўных у сталіцы: у асіповіцкім філіяле МАЗа заробак быў у 4 разы меншы, чым у Менску.

Былы кіраўнік парталу TUT.BY Юры Зісер прывёў зьвесткі, што, нягледзячы на крызіс і канфлікт з Эўразьвязам, беларускі экспарт летась у параўнаньні з 2010 годам вырас у паўтары разы – з 40 да 60 мільярдаў даляраў. Бізнэсовец паўтарыў сваю крытыку санкцый Эўразьвязу ў адносінах да буйных беларускіх бізнэсоўцаў, паводле яго гэта проста самыя пасьпяховыя прадпрымальнікі краіны, а зусім не «кашалькі рэжыму». Такім спонсарам Лукашэнкі, паводле Зісера, выступаюць насамрэч не Пефціеў, Чыж і Машэнскі, а Расея.

Эканаміст Сяргей Чалы распавёў пра пэўную стабілізацыю нацыянальнай эканомікі, калі напачатку 2011 году дэфіцыт сальда плацёжнага балянсу быў калясальным, дык цяпер ён стаў фактычна нулявым, насуперак перасьцярогам шэрагу чыноўнікаў, дэвальвацыя не пагоршыла, а палепшыла фінансавае становішча дзяржаўных прадпрыемстваў. Ён падкрэсьліў, што буйныя прадпрыемствы зацікаўленыя ў слабым рублі.

Выдавец інтэрнэт-выданьня БДГ Пётар Марцаў распавёў, наколькі глыбока Беларусь прасунулася на шляху інтэграцыі ў Расею – у бліжэйшы час мяркуецца падпісаць 50 новых пагадненьняў у межах Адзінай эканамічнай прасторы. Прадпрымальнік мяркуе, што больш шырокаму пранікненьню расейскага капіталу ўскосна спрыяюць эўрапейскія санкцыі: заходнія банкі з прычыны санкцый спыняюць фінансаваньне беларускага гандлю і іх месца займае расейскі банкаўскі капітал.

Марцаў выказаў меркаваньне, што фармаваньне грамадзкіх і лябісцкіх структур можа адбыцца вакол пакету пагадненьняў у межах мытнага саюзу: у Расеі і Казахстане імі займаецца безьліч партый, палітыкаў, лябістаў, у Беларусі – толькі вышэйшая улада, што аслабляе пазыцыю беларускага боку.

Эстонскі дакладчык Арнэ Веедла, дарадца кіроўнай Партыі рэформаў, салідарызаваўся зь іншымі прамоўцамі ў тым, што магчымыя эканамічныя санкцыі адносна беларускіх нафтапрадуктаў могуць лёгка быць нэўтралізаваныя схемамі гандлю праз Расею. На яго погляд, выклікам для Эўразьвязу зьяўляецца палітыка адносна Расеі. На пытаньне, чаму праблема санкцый не паўстае адносна, напрыклад, Азэрбайджану, ён сказаў, што на дэмакратызацыю Азэрбайджану ніхто і не спадзяецца, а вось у Расеі і Беларусі сытуацыя не выглядае настолькі безнадзейнай.

Польскі палітоляг Каміль Клысіньскі выказаў меркаваньне, што санкцыі ЭЗ неабавязкова прывядуць да вызваленьня беларускіх палітвязьняў, ён прагназуе працяг ціску на беларускую грамадзянскую супольнасьць. Але, паводле яго, сэнс санкцый вызначаецца праз альтэрнатыву – калі б Эўропа адмовілася ад сваіх патрабаваньняў, пачала перамовы пра лёс палітвязьняў, то ў выніку чарговага падману з боку Лукашэнкі страціла б твар. «Справа ня ў тым, што санкцыі настолькі добрыя, проста іншыя шляхі больш небясьпечныя» – адзначыў польскі экспэрт.

Заўтра канфэрэнцыя працягне сваю працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG