Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лесапавал на могілках


Апошнім часам мяне як быццам перасьледуе адзін гук. Куды б ні паехаў, я чую, як уздоўж беларускіх дарог вішчаць, аж заходзяцца, бэнзапілы.

Гонкія таполі і бярозы, прысадзістыя вербы, адзінокія сосны, выпадковыя каштаны, нават непрадзіманыя вятрамі ельнікі – усё ідзе пад нож. Тут жа, на ўзбочынах палаюць вогнішчы з гальля, а сьледам за дрывасекамі равуць бульдозэры, натужна выцягваючы зь зямлі падобныя на васьміногаў пні. Усё робіцца хутка – няма недахопу ні ў рабочай сіле, ні ў транспартных сродках. Павальнае зьнішчэньне прыдарожных дрэваў (гэтак званых лесапалосаў) толькі сёлета мне давялося назіраць у Мастоўскім, Наваградзкім і Зэльвенскім раёнах, пад Гомелем і каля Мазыра, паблізу Скідзеля і Лунінца…

Пілуюць дрэвы, паб пашырыць пасяўныя плошчы. Пашырэньне такое я бачыў каля вёскі Абухава Гарадзенскага раёну абапал трасы Менск-Горадня. Сеялкі там выпаўзалі літаральна на асфальт, рассыпанае па ўзбочынах зерне весела падбіралі чародкі імклівых вераб’ёў. У жніўні па тых самых падраўняных дарожных адхонах пройдуцца камбайны, і гарадзенскія хлебазаводы выпекуць з таго апыленага выхлапнымі трубамі і пасоленага тэхнічнай сольлю зерня хлеб.

Пілуюць дрэвы, каб спаліць іх у калгасных сушыльнях і кацельнях, а потым адрапартаваць – як і было загадана, мы перайшлі на мясцовае паліва.

Пілуюць дрэвы, каб потым ставіць пры дарогах бясконцыя платы-загародкі ад сьнегу, на якія, у сваю чаргу, пойдуць эшалёны якаснага лесу.

Прыдарожны лес падчас 2-й сусьветнай вайны высякалі немцы – баяліся дывэрсій. Пасьля іх падобнае нікому і ў галаву не прыходзіла. І вось прыйшло. А ўсебеларускі маштаб гэтай бязглуздай акцыі сьведчыць, што прыдумана яна ў кабінэтах вярхоўнай улады.

Лес сякуць – трэскі лятуць. І пайшоў на трэскі прыродны помнік – дуб і бяроза, што зрасьліся камлямі пры дарозе Гарадзея–Нясьвіж. А помнік той ахоўваўся дзяржавай (была адпаведная шыльдачка), і да яго, як да сымбалю каханьня прыяжджалі з усёй ваколіцы вясельныя картэжы.

Не абмінула падобная доля і дарогу Зэльва–Дзярэчын – стары тракт, забрукаваны яшчэ перад 1-й сусьветнай вайной. Гэтай вясной і пры ёй завішчалі бэнзапілы, закурыліся вогнішчы. А пры дарозе – старыя габрэйскія могілкі. І вырашыў мясцовы сельсавет «навесьці парадак» і на іх, выкарыстаўшы дзеля гэтага спрактыкаваных дарожных дрывасекаў. І завішчалі бэнзапілы ўжо на могілках. Тоўстыя, як двум чалавекам абхапіць, дрэвы клаліся проста на магілы, лёгка ўганяючы ў зямлю невысокія каменныя помнікі.

Некалькі тысячаў пахаваньняў. Недзе тут ляжаць парэшткі Янкеля Пінцова, які ў 1913 годзе адчыніў у Дзярэчыне прыватную школу. Недзе тут знайшоў свой апошні спачынак дзярэчынскі аптэкар Абрам Грынвальд. Недзе тут спачываюць прадпрымальнікі-кампаньёны Мэер Вульфовіч і Орэль Дайхоўскі, якія ад 1888 году мелі ў мястэчку ўласны бровар. Недзе тут, пад вечнымі соснамі, сьнілі спакойныя сны мылавар Шлома Маньскі, крэдытор Гірш Бэкенштэйн, мануфактурнік Мойша Ванштэйн… Дваццаць чатыры прыватныя прадпрыемствы ў пачатку ХХ стагодзьдзя дзейнічалі ў Дзярэчыне, і дваццаць зь іх належалі габрэям. І гэтым лічбам няма чаго асабліва дзівіцца – паводле перапісу 1897 году ў Дзярэчыне налічвалася 2269 жыхароў, у тым ліку 1725 габрэяў. Падобная дэмаграфічная сытуацыя назіралася на той час і ў другіх беларускіх мястэчках.

Стагодзьдзямі беларусы і габрэі жылі ў Дзярэчыне поруч, у суседзкай згодзе. Разьяжджаліся толькі пасьля сьмерці – кожны на свае могілкі. Хрысьціяне – на клады з аднаго боку мястэчка, юдэі – на могілкі з другога боку, пры зэльвенскай шашы. Хаваць на апошніх перасталі толькі падчас 2-й сусьветнай вайны, калі Дзярэчын стаў адным з жудасных месцаў Галакосту – у 1942 годзе фашысты зьвезьлі ў мястэчка з усёй акругі і расстралялі 6479 габрэяў. Для іх у недалёкім лясным урочышчы Целякоўшчына былі выкапаныя глыбокія ірвы (дагэтуль вядомыя ў народзе як Жыдоўскія ямы), але ўсіх забітых чамусьці паклалі ў агульнай магіле на ўскраіне Дзярэчына, непадалёк ад касьцёлу. Там цяпер стаіць сьціплы помнік, зь якога асыпаецца патрэсканы тынк.

У адрозьненьне ад помніка на месцы масавага расстрэлу помнікі на могілках трывалыя – усе з часанага каменьня. Потым іх, магчыма, усталююць нанава. Але каму быў патрэбен гэты вандалізм, гэты лесапавал на магілах?

Аднойчы я назіраў, як падразаліся старадрэвіны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве, дзе пахаваны паэт Алесь Гарун. Пільшчык узьнімаўся ў люльцы на пад’ёмным кране і асьцярожна адпілоўваў галіны і часткі ствала, якія тут жа лавіліся ў адмыслова нацягнутую сетку. Дзярэчынскія сельсаветчыкі пра такую тэхналёгію, відаць, ня чулі. Дрэвы на габрэйскіх могілках клаліся з размахам, як у тайзе…

Сумна мне было пакідаць калісьці слаўны Дзярэчын, які ў будучыні чакае яшчэ большае занядбаньне, бо ад нядаўняга часу ён далучаны да СПК «Галынка». А ў любой правінцыі – незайздросны лёс. Я ад’яжджаў па голай абязьлешанай шашы, а ў памяці зноў і зноў несьціхана абзываліся караткевічаўскія радкі: «На шлягбаумы мёртвыя пасьсякалі жывыя бярозы, на шпіцрутэны гнуткія запаветныя вербы зьвялі». Паэт пісаў пра расейскіх акупантаў-прыхадняў. Але чым горшыя яны за акупантаў мясцовай гадоўлі, якія сёньня нявечаць беларускія краявіды і зьневажаюць магілы? Куды ні паедзь, куды ні глянь – пілуюць і паляць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG