Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве праходзяць перамовы паміж авіятарамі

абноўлена

29 сакавіка ў другой палове дня ў Маскве пачаліся перамовы паміж авіяцыйнымі ўладамі Беларусі і Расеі. Каля 19-й гадзіны перамовы скончыліся. Але вынікі пакуль не вядомыя. Дакумэнты яшчэ не падпісаныя.

Паветраныя зносіны паміж Масквой і Менскам былі прыпыненыя раніцай 26 сакавіка на некалькі гадзін з-за таго, што бакі не змаглі дамовіцца пра колькасьць рэйсаў, якія выконваюцца нацыянальнымі перавозчыкамі.

Перамовы пачаліся ў Маскве а 15-й гадзіне па беларускім часе ў Міністэрстве транспарту, у кабінэце намесьніка міністра па авіяцыі Валерыя Окулава. Беларускую дэлегацыю ачольвае Дырэктар дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Вадзім Мельнік. А 17:30 паводле менскага часу намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец распавёў:

«Перамовы яшчэ не завяршыліся. Яны працягваюцца».

У панядзелак з прычыны непаразуменьняў паміж расейскім і беларускім бокам на некалькі гадзінаў былі затрыманыя рэйсы паміж Менскам і Масквой.

Пасьля пераходу ў сакавіку на летні расклад палётаў да штодзённых трох рэйсаў «Аэрафлоту» і аднаго «ЮТЭйр» з расейскага боку дадаўся рэйс авіякампаніі «Сібір» (S7), а беларускі перавозчык — авіякампанія «Белавія»— выконвае толькі чатыры рэйсы і выступае супраць павелічэньня колькасьці палётаў паміж Масквой і Менскам. 26 сакавіка на тэрмінова скліканай прэсавай канфэрэнцыі намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец патлумачыў, што беларускі бок настойвае на прынцыпе парытэту:

Ігар Чаргінец
Ігар Чаргінец
«Такое знакамітае слова ў авіяцыі — „парытэт“, парытэт частотаў. Гэта азначае, што адзін бок (незалежна ад таго, якая там колькасьць кампаніяў выконвае рэйсы), ну, і другі бок адпаведна можа выконваць ня больш за такую колькасьць рэйсаў паміж дзьвюма кропкамі. Але расейскі бок працягваў настойваць на пяці частотах у дзень, нягледзячы на тое, што гэта сапраўды перавышае колькасьць частотаў зь беларускага боку».

Перад пачаткам перамоваў Мінтранс Беларусі распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім падкрэсьлівалася, што беларускі бок будзе адстойваць прынцып парытэту. Прычым парытэт захоўваецца і паміж іншымі кампаніямі: «Белавія» і «Люфтганзай», «Аўстрыйскімі авіялініямі». Гэта пацьвердзіў і рэгіянальны дырэктар «Люфтганзы» па Расеі і краінах СНД Рональд Шульц:

«Я не палітык і не хацеў бы ўступаць у нейкія дыскусіі. І таму я магу толькі сказаць: так, сапраўды, прынцып парытэту паміж Нямеччынай і Беларусьсю ў галіне паветраных перавозак існуе. І мы задаволеныя цяперашнім становішчам. У кожным такім выпадку краіны разьбіраюцца выключна паміж сабою».

Каля 19-й гадзіны перамовы скончыліся. Але вынікі пакуль не вядомыя. Дакумэнты яшчэ не падпісаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG