Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск—Масква: перарваны палёт

абноўлена

«Расейскія авіяцыйныя ўлады перапынілі паветраныя зносіны паміж Менскам і Масквой», — паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара нацыянальнай авіяцыйнай кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.

17:56 «Аэрафлот» вінаваціць Беларусь у парушэньні міжуражавага пагадненьня

17:00 Дзьмітрый Дрыгайла: «Гэта не вайна, гэта лякальнае непаразуменьне»

Начальнік упраўленьня па разьвіцьці бізнэсу РІА «Новости» Дзьмітрый Дрыгайла лічыць, што рэйсы Менск — Масква не такія стратныя, як можа падацца на першы погляд. Пры запаўняльнасьці 55% (калі гэта не low-cost) авіярэйсы ня лічацца стратнымі. Што да прычынаў канфлікту, спадар Дрыгайла кажа:

«Ад сёньняшняга дня павінен быў дадацца яшчэ адзін авіяперавозчык — кампанія „Сыбір“ (яна ж — гандлёвая марка S-7). Павінна было стаць пры захаваньні квоты на ўсіх астатніх перавозчыкаў (там тры рэйсы „Аэрафлоту“ і адзін „Ютэйр“) пяць рэйсаў супраць чатырох, якія ажыцьцяўляе „Белавія“. Было пагадненьне заключана, якое прапісвала парытэт у гэтых перавозках. І цяпер бакі проста не дамовіліся, што колькасьць расейскіх рэйсаў розных кампаніяў агулам будзе складаць пяць рэйсаў, а беларускага аднаго — толькі чатыры.

Я думаю, гэта проста непаразуменьне, якое склалася паміж ведамствамі. Я ня думаю, што гэта вайна, гэта такое лякальнае непаразуменьне, якіх багата было. Аказваецца, што беларускія ведамствы апынаюцца ў становішчы такіх не зразуметых іншым бокам. Хтосьці проста недапрацаваў сытуацыю да канца, або не перазаключыў гэтую дамову на іншых умовах, або пусьціў гэта на самацёк — вось яно так і выйшла».

15:10 Расейскі палітоляг Дзьмітрый Балкунец ня лічыць, што паміж Расеяй і Беларусьсю разьвязваецца чарговая вайна — авіяцыйная. На думку спадара Балкунца, расейскія авіякампаніі дазваляюць сабе дыктаваць свае ўмовы «Белавія» дзякуючы эканамічным ды тэхнічным перавагам:

«Я ня думаю, што тут замяшаная вялікая палітыка. Хутчэй за ўсё, тут замяшаныя эканамічныя інтарэсы авіякампаніяў. Але тут праблема не такая малая, якой яна падаецца на першы погляд.
Чаму, напрыклад, рэйсы на Маскву не папулярныя і запаўняюцца толькі напалову? Таму што гэты аэрапорт ня мае чыгункі, якая б зьвязвала „Менск-2“ з цэнтрам сталіцы.

Па-першае, аэрапорт „Менск-2“ прайграе ўсім аэрапортам, якія знаходзяцца вакол: Вільні, Варшаве, Кіеву. Чаму, напрыклад, рэйсы на Маскву не папулярныя і запаўняюцца толькі напалову? Таму што гэты аэрапорт ня мае чыгункі, якая б зьвязвала „Менск-2“ з цэнтрам сталіцы. Калі б гэтыя лягістычныя праблемы былі вырашаныя, то, я лічу, у гэты аэрапорт лётала б з Масквы штодня ня 8 рэйсаў, а 10–12. А кошт квіткоў быў бы значна меншы, чым цяпер. Наколькі я памятаю, парк „Белавія“ складае 19 самалётаў, і яна не зьяўляецца канкурэнтаздольнай кампаніяй. Шмат якія нават рэгіянальныя расейскія авіякампаніі маюць больш самалётаў, чым „Белавія“. І таму, калі імкнуцца быць канкурэнтаздольнымі, то трэба павялічваць парк, трэба браць нейкія крэдыты, набываць тэхніку ў лізінг. Зрабіць больш таннымі перавозкі, і яны будуць акупляцца за кошт напаўняльнасьці рэйсаў.

Калі гаварыць пра вырашэньне гэтай праблемы, то, я лічу, трэба шукаць нейкі кампраміс. І калі прынятыя гэтыя парытэты, то іх нейкім чынам трэба выконваць».

13:30 Дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман сказаў «Свабодзе», што гэта сытуацыя толькі пацьвярджае пазыцыю расейцаў — маўляў, яны ўпэўненыя, што маюць права дыктаваць свае ўмовы партнэрам па дамовах:

«Яны лічаць, што калі Беларусь з Расеяй разам у АЭП, то можна загадаць беларусам гуляць па расейскіх правілах. Тут эканамічны дыктат з боку Расеі відавочны. Ужо колькі разоў, нават сёлета „выстрэльваюць“ падобныя сытуацыі. Згадаю хоць камэнтар расейскага амбасадара Сурыкава наконт аўтамабіляў...».

Змаганьне расейцаў за дадатковы рэйс на лініі, якая прыносіць цяпер толькі страты, спадар Прэйгерман лічыць справай на пэрспэктывы:

«Калі выбіць беларусаў з гэтай лініі, то тады пасажырапаток цалкам пяройдзе да тых, хто будзе кантраляваць гэту лінію. І тады прыбытковасьць рэйсаў значна падвысіцца».

12:30 Мінтранс Расеі будзе прапаноўваць скасаваць усе абмежаваньні на авіязносіны. «У чацьвер адбудуцца перамовы паміж авіяцыйнымі ўладамі. Расея прапануе зьняць усе абмежаваньні, як па колькасьці перавозчыкаў, так і па частаце і геаграфіі палётаў. Мы будзем прапаноўваць адмяніць неабходнасьць узгадненьня выхаду на маршрут з прызначанымі перавозчыкамі», — перадае словы прадстаўніка Мінтрансу РФ БелаПАН са спасылкай на агенцтва «Прайм».

12:00 Як паведамілі ў кампаніі «Белавія», абодва затрыманыя рэйсы ў Маскву вылецелі з Нацыянальнага аэрапорту Менска. Адзін — у 11.00, другі — у 11.20

11:40 Беларускі бок задаволіў просьбу расейскага боку аб павелічэньні колькасьці авіярэйсаў з Масквы ў Менск. Гэты дазвол носіць часовы характар і будзе дзейнічаць да бліжэйшага чацьвярга. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец. Ён сказаў, што гэтая сытуацыя носіць выключна эканамічны, прадпрымальніцкі характар.

Ігар Чаргінец
Ігар Чаргінец
«З-за затрымкі двух рэйсаў зь Менску ў Маскву (на 7 і 9 гадзін раніцы) пацярпелі прыкладна 180 пасажыраў, — сказаў Ігар Чаргінец. — У шмат каго сарваліся дзелавыя сустрэчы, перамовы, асабістыя пляны. Справа ў тым, што зь Менску праз Маскву яны ляцелі ў іншыя гарады Расейскай Фэдэрацыі, краіны СНД, у краіны Захаду. Пацярпела і беларуская парлямэнцкая дэлегацыя, якая накіроўвалася ў Казахстан. Мы мусілі перасадзіць дэпутатаў на іншыя рэйсы. І яны позьняцца. Вінаватая ў гэтым Расавіяцыя».

Справа ў тым, што згодна зь міжурадавым пагадненьнем паміж Беларусьсю і Расеяй, якое дзейнічае з 1997 году, абодва бакі маюць права на парытэтную колькасьць рэйсаў. Так было да сёньняшняга дня: з Масквы ў Менск лёталі чатыры самалёты, і чатыры рэйсы было зь Менску ў Маскву. Між тым расейскі бок папрасіў у беларускага боку пяць рэйсаў, што парушае парытэт. Беларускі бок адмовіў. Пасьля гэтага і ўзьнікла нестандартная сытуацыя, — сказаў Ігар Чаргінец.

Вінаватая ў гэтым «Расавіяцыя»
Ігар Чаргінец

Адказваючы на пытаньні «Свабоды», Чаргінец сказаў, што ня бачыць у гэтай сытуацыі аніякага палітычнага кантэксту: гэта выключна камэрцыйныя справы. На яго думку, расейскі бок хоча атрымаць для сябе значныя перавагі.

«Пазбавіць авіазносін сталіцы саюзнай дзяржавы - гэта лухта».

Між тым, паводле Чаргінца, запаўняльнасьць рэйсаў паміж Масквой і Менскам складае ўсяго 55 працэнтаў. Гэта вельмі нізкая эфэктыўнасьць палётаў.

Тэхнічныя магчымасьці дазваляюць прымаць у Менску 5 і нават болей авіярэйсаў з Масквы, сказаў Чаргінец.

А чаму ж тады Маскве спатрэбіўся пяты рэйс? Ігар Чаргінец сказаў, што гэта пытаньне перадзелу рынку паміж расейскімі авіякампаніямі.

Паводле Ігара Чаргінца, перамовы паміж уладамі Расеі і Беларусі будуць працягвацца, і ён спадзяецца, што з чацьвярга ўсё будзе ў нармальным рэчышчы. Чаргінец таксама сказаў, што парытэтныя пагадненьні ў «Белавія» існуюць ня толькі з Расеяй, але і зь іншымі краінамі: напрыклад, з Аўстрыяй, Нямеччынай і г.д.

Што да іншых рэйсаў зь Менску ў расейскія гарады — а менавіта ў Калінінград і Санкт-Пецярбург — дык тут сытуацыя звычайная, нічога не зьмянілася.

Ігар Чаргінец заявіў, што ён ня лічыць дзеяньні расейскага боку пачаткам паступовага рэйдэрскага захопу кампаніі «Белавія»: «Гэта спроба атрымаць перавагу на дадзенай канкрэтнай лініі. Гэта была вельмі добрая лінія. У ангельскай мове ёсьць такое паняцьце „overcapacity“ — то бок зашмат правазных ёмістасьцяў. Зараз гэтая лінія прыносіць страты „Белавія“ і ўсім іншым расейскім перавозчыкам, паколькі гэтыя 50–55% запаўняльнасьці — гэта страты».


10:26 Вылеты рэйсаў у маскоўскі аэрапорт Дамадзедава папярэдне перанесены на 11.00, паведамілі Інтэрфаксу з Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

Раней плянавалася, што рэйс «Белавія» зь Менску вылеціць у Маскву а 10 раніцы, аднак да гэтага часу ні адно паветранае судна нацыянальны аэрапорт «Мінск» не пакінула. Пасажыры чакаюць вылету ў аэрапорце.

Паводле інфармацыі агенцтва «Інтэрфакс-Захад», пытаньне ў цяперашні час вырашаецца на ўрадавым узроўні.

Гэта спроба атрымаць перавагу на дадзенай канкрэтнай лініі
Ігар Чаргінец

Па некаторых дадзеных, у цяперашні час кіраўнік Дэпартамэнта па авіяцыі міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі знаходзіцца ў намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі.

«Цяпер стала вядома, што расейцы зьнялі забарону на палёты. Мы таксама, са свайго боку, здымаем забароны», — заявіў дырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў.

«Але гэтае рашэньне аб зьняцьці забаронаў прынята часова — да чацьвярга», — сказаў Гусараў. «У чацьвер пачнуцца перамовы па пытаньнях авіязносінаў паміж Менскам і Масквой,» — дадаў ён.


9:30 «На дадзены момант скасаваныя ўсе рэйсы на Маскву. Прадстаўнік» Белавія «паказаў нам тэлеграму аб тым, што „Росавіяцыя “ пазбавіла ліцэнзіі кампанію „Белавія“ і не прымае беларускія барты, а ў адказ на гэта Менск не прымае маскоўскія рэйсы», — паведаміў БелаПАН пасажыр Іван Рак, які павінен быў паляцець сёньня ў Маскву ў 7.00.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG