Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яніс Сіліс: ЭЗ не плянуе агульнага эмбарга на гандаль супраць Беларусі


Эўразьвяз можа пашырыць санкцыі на шэраг беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць рэжым у Беларусі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у «чорны сьпіс» ЭЗ могуць уключыць 29 кампаніяў і 12 асобаў — судзьдзяў, пракурораў і бізнэсоўцаў. Канчаткова пытаньне вырашыцца 23 сакавіка на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў ЭЗ.

У эўрапейскіх структурах пакуль не падаюць інфармацыі пра «чорны сьпіс». Аднак з дыпляматычных крыніцаў мэдыям стала вядома, што, апроч бізнэсоўца Ўладзімера Пефціева, у «чорны сьпіс» могуць трапіць таксама ўладальнік групы кампаній «Трайпл» Юры Чыж і ўладальнік групы «Юнівэст» Анатоль Тарнаўскі.

Супрацоўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Паліна Лысюк: «Дыскусіі працягваюцца. На жаль, пакуль ня будзе камэнтароў адносна магчымых сьпісаў, наконт таго, хто туды можа ўваходзіць. Да афіцыйнага абвяшчэньня рашэньня 23 сакавіка».

На мінулым пасяджэньні ўключэньне Чыжа ў сьпіс блякавала Славенія. Гэта тлумачылася тым, што славенская кампанія Riko выйграла тэндэр на будаўніцтва ў Менску пяцізоркавага гатэля ў супрацоўніцтве з кампаніяй Чыжа. Лабістам інтарэсаў афіцыйнага Менску называлі і Латвію. Якую цяпер пазыцыю займае латвійскі бок адносна санкцыяў? Прэс-сакратар МЗС Латвіі Яніс Сіліс адзначыў, што ЭЗ не плянуе агульнага эмбарга на гандаль зь Беларусьсю:
Афіцыйны Менск зрабіў усё магчымае, каб сапсаваць стасункі з ЭЗ сваімі аднабаковымі крокамі.

«Санкцыі будуць тычыцца толькі пэўных бізнэсоўцаў, якія вельмі блізкія да рэжыму ў Беларусі, і іхніх кампаніяў. Дагэтуль Латвія мела, вядома, скепсіс, як і іншыя краіны ЭЗ, адносна эканамічных санкцыяў. Але на гэты момант трэба канстатаваць, што, на жаль, афіцыйны Менск зрабіў усё магчымае, каб сапсаваць стасункі з ЭЗ сваімі аднабаковымі крокамі. Як прыклад я магу назваць палітвязьняў, якія дагэтуль знаходзяцца ў турмах, таксама рэпрэсіі супраць апазыцыі, нядаўняе выкананьне сьмяротнага прысуду. І таксама тыя дзеяньні, якія былі супраць паслоў ЭЗ і Польшчы. Мы лічым: калі Беларусь працягне дзейнічаць у такім кірунку, тады ўсю адказнасьць за эканамічныя і палітычныя наступствы давядзецца ўзяць на сябе рэжыму краіны. У гэтым кантэксьце, вядома, рашэньне будзе 23 сакавіка і гэта будзе агульнае рашэньне краін ЭЗ».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрый Вус паведаміў, што з дыпляматычных крыніцаў яму стала вядома пра гатоўнасьць эўрапейцаў увесьці эканамічныя санкцыі супраць прадпрыемстваў, «якія фінансуюць клан Лукашэнкі». Ён лічыць такое рашэньне слушным.

«Улада трымаецца за кошт сілавікоў. Сілавікоў, фактычна, утрымлівае Эўропа, якая купляе танныя нафтапрадукты і ўсё, што зьвязана з нафтахіміяй. Таму, з гледзішча паступленьня валюты ў Беларусь і ўтрыманьня сілавых структураў, гэта наўпрост залежыць ад Эўропы. Калі яны будуць уводзіць санкцыі, то ў першую чаргу пацярпяць сілавыя ведамствы і спэцслужбы, якія кормяцца за кошт гэтага».

Некаторыя эўрапейскія палітыкі, сярод якіх кіраўнік камісіі Бундэстагу па зьнешняй палітыцы, лічаць, што афіцыйны Менск ператвараецца ў маральны і палітычны цяжар і для Масквы. Эўрапейскі парлямэнтар Юстас Палецкіс цяпер знаходзіцца ў Расеі. Падчас сустрэчаў закраналася і беларускае пытаньне.
Мы чакаем, што Расея павінна паўплываць на Беларусь.

«З дэлегацыяй фракцыі сацыялістаў і дэмакратаў мы адзначалі, што вельмі многае залежыць ад Расеі, што мы чакаем, што Расея павінна паўплываць на Беларусь. Дагэтуль гэтага ня бачна, але будзем спадзявацца. Пра гэта мы казалі ў гутарках і ў Думе, і ў МЗС, але нічога абнадзейваючага ня чулі. Калі будзе ціск з абодвух бакоў, то афіцыйнаму Менску ня будзе куды дзецца. І, канечне, ЭЗ робіць гэта, а Масква пакуль — ня вельмі, мякка кажучы».

Што да канчатковага рашэньня Эўразьвязу па санкцыях адносна афіцыйнага Менску, то, паводле Палецкіса, «эканамічныя санкцыі — гэта больш складанае пытаньне, і некаторыя краіны ЭЗ будуць супраць гэтага»:

«Вельмі можа быць, што цяпер адносна чэмпіянату сьвету па хакеі, калі тут яшчэ былі розныя думкі, то цяпер ЭЗ, відаць, па ўсіх інстанцыях будзе ціснуць, каб ён не адбыўся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG