Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і ЭўрАзЭС: ці знойдзена альтэрнатыва Эўропе?


Экспэртыза «Свабоды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:09 0:00
Наўпроставы лінк

Экспэртыза "Свабоды"

Саміт ЭўрАзЭс скончыўся безвынікова. Чаму не ўдалося стварыць Эўразійскі саюз? Якая пазыцыя Беларусі ў пытаньні рэфармаваньня ЭўрАзЭС? Чаму Лукашэнка шукае абароны ад санкцыяў Эўразьвязу ў Расеі?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Чаму не ўдалося стварыць Эўразійскі саюз?


Валер Карбалевіч: «Пасяджэньне Міждзяржаўнай рады Эўразійскай эканамічнай супольнасьці не дало вынікаў. Дамову аб рэарганізацыі ЭўрАзЭС у Эўразійскі саюз адклалі.

Падаецца, нават экспэрты блытаюцца ў назвах інтэграцыйных аб’яднаньняў і розьніцы паміж імі. Беларусь, Расея і Казахстан яшчэ ў канцы мінулага году дамовіліся ўтварыць Эўразійскі саюз. Але адразу ўзьнікла пытаньне, што рабіць з ЭўрАзЭС, у які, акрамя гэтых трох краін, уваходзяць яшчэ Кіргізстан і Таджыкістан. Гэтая структура нагадвае чамадан бяз ручкі: і кінуць шкада, і несьці нязручна.

Аляксандар Класкоўскі: «Відавочна, гэты саміт прайшоў нягладка. Былі шырокавяшчальныя анонсы пра гэтую трансфармацыю. Але атрымаўся пшык. І прэзыдэнты вымушаныя былі рабіць добрую міну, казаць, што дакумэнты адпраўленыя на дапрацоўку.

Існуе некалькі чыньнікаў, якія тлумачаць гэтую няўдачу. Па-першае, Масква задала стаханаўскія тэмпы інтэграцыі. Той жа Эўразьвяз адбудоўваўся значна павольней.

Па-другое, праект гэты сыры. Пуцін сьпяшаўся яго прапіярыць перад выбарамі. Бо ідэя зьбіраньня зямель папулярная сярод часткі расейскага электарату. А цяпер гэта вылазіць бокам.

Па-трэцяе, аб’ядноўваюцца краіны з рознымі эканомікамі. Расея і Казахстан — сыравінныя эканомікі. А беларуская эканоміка — гэта зборачны цэх. Таму цяжка ўсталяваць агульныя правілы гульні.

Па-чацьвёртае, інтэгруюцца аўтарытарныя рэжымы. Інтэграцыя — гэта заўсёды дэлегаваньне нейкіх паўнамоцтваў у наднацыянальныя органы. А аўтарытарныя кіраўнікі дзяліцца ўладай ня хочуць».

Кірыл Коктыш: «Няма канцэпцыі дзейнасьці што ЭўрАзЭс, што Эўразійскага саюзу. Адзіны эканамічны падмурак, які існуе пад гэтым праектам, — гэта ідэя чыгуначнага транзыту з Кітаю ў ЭЗ праз Казахстан, Расею і Беларусь. Такі шлях удвая хутчэйшы, чым марскі. Таваразварот паміж Эўропай і Азіяй складае каля 10 трыльёнаў даляраў.
Адзіны эканамічны падмурак, які існуе пад гэтым праектам, — гэта ідэя чыгуначнага транзыту з Кітаю ў ЭЗ праз Казахстан, Расею і Беларусь.

А праблемы будоўлі адзінага рынку, эканамічнага ці палітычнага саюзу засталіся ўбаку. Бо ніякай канцэпцыі не распрацавана. Нават такога думаньня у гэтым кірунку няма ў кіраўнікоў трох дзяржаў. І астатнім краінам-сябрам ЭўрАзЭС пакуль няма чаго прапанаваць. Можа, правал гэтага саміту стане выклікам, запусьціць працэсы рэфлексіі ў гэтым кірунку».

Карбалевіч: «Здаецца, дзеля транзытнага, транспартнага калідора эканамічныя ці палітычныя саюзы непатрэбныя. Транзыт з Расеі ў Эўропу добра адбываецца без усялякіх падобных саюзаў».

Пазыцыя Беларусі ў пытаньні рэфармаваньня ЭўрАзЭС


Карбалевіч: «Якая пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні? Расейскія мэдыі абвінавацілі Лукашэнку ў зрыве саміту. Вось інтэрнэт-рэсурс newsru.com дае загаловак: „Менск зрывае спробу стварыць жаданы для Пуціна Эўразійскі саюз“.

Беларускія дзяржаўныя мэдыі, спасылаючыся на афіцыйных асобаў (у прыватнасьці, на віцэ-прэм’ера Румаса), наадварот, сьцьвярджаюць, што Беларусь была гатовая падпісаць неабходныя дакумэнты аб рэфармаваньні ЭўрАзЭС.

І расейскія мэдыі ўзгадваюць заяву Лукашэнкі ў сьнежні мінулага году. Ён казаў, што Беларусь больш ня будзе фінансаваць ЭўрАзЭС, бо гэтая арганізацыя выканала ўсе свае задачы і вычарпала сябе».

Класкоўскі: «Падаецца, што „наезды“ расейскіх мэдыяў на Лукашэнку адбываюцца па інэрцыі. Бо кіраўнік Беларусі — такая добрая мішэнь для СМІ яшчэ з часоў інфармацыйнай вайны. І цяпер па ім адбамбаваліся звыклым чынам.

Думаю, заявы Румаса больш адпавядаюць рэальнасьці. Здаецца, прайшлі тыя часы, калі Лукашэнка мог сабе дазволіць нейкія дэмаршы. Цяпер ён у цяжкім становішчы. Бо абвалілася беларуская мадэль, цяпер яна цалкам сядзіць на расейскіх датацыях. Плюс вайна з Захадам. Таму міжволі трэба дэманстраваць Расеі, што Менск бяжыць паперадзе паравоза ў пытаньні стварэньня Эўразійскага саюзу.

Магчыма, тут Лукашэнка і схітрыў. Ведаючы, што ў іншых прэзыдэнтаў будуць пярэчаньні, ён лішні раз паказаў Маскве сваю адданасьць і ўзорнасьць.
За любым інтэграцыйным праектам стаіць ідэя зьбіраньня зямель, інакш кажучы, моцны палітычны чыньнік. І Лукашэнка гэта разумее.

Але калізіі ў дачыненьнях Беларусі і Расеі наперадзе. Лукашэнка разумее ўсю небясьпеку ўцягваньня краіны ў пастку эўразійскай інтэграцыі. Ня думаю, што за гэтым праектам стаіць, як лічыць сп. Коктыш, толькі чыгуначны транзыт. Што ні робіць Расея, усё роўна атрымліваецца, умоўна кажучы, аўтамат Калашнікава. То бок за любым інтэграцыйным праектам стаіць ідэя зьбіраньня зямель, інакш кажучы, моцны палітычны чыньнік. І Лукашэнка гэта разумее.

Ёсьць для беларускага кіраўніцтва і чыста эканамічныя небясьпекі. Цяжка састыкаваць беларускую нярынкавую эканоміку з рынкавай расейскай у рамках адзінай эканамічнай прасторы. Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС у якасьці ўмовы выдзяленьня крэдыту патрабуе прыватызаваць уласнасьць на суму 2,5 млрд даляраў за год. З Эўропы сюды сёньня купляць ніхто ня прыйдзе. Давядзецца прадаваць расейскаму капіталу. Таму беларускае кіраўніцтва круціцца паміж молатам і кавадлам».

Коктыш: «Галоўная задача, якую ставіць Лукашэнка, — гэта адысьці ад выкананьня тых абавязаньняў, якія ён узяў на сябе напрыканцы мінулага году, калі атрымліваў расейскія субсыдыі. Гэта прыватызацыя, будаўніцтва АЭС і інш. Сёньняшняя канфрантацыя з Захадам робіцца кіраўніцтвам Беларусі наўмысна. Каб Расея была вымушаная бараніць свайго саюзьніка і дараваць яму невыкананьне тых абавязаньняў. Ніякіх стратэгічных задач Менск цяпер ня ставіць. Бо ня ў тым стане».

Чаму Лукашэнка шукае абароны ў Расеі ад санкцый Эўразьвязу?


Карбалевіч: «Зразумела, Менск імкнецца схавацца за шырокую сьпіну Расеі ў сваім канфлікце з ЭЗ. І часткова здабывае падтрымку. Была заява МЗС РФ з крытыкай санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі. Таксама была аналягічная заява прэм’ер-міністраў Беларусі, Расеі і Казахстану.

Пасьля паседжаньня саміту ЭўрАзЭС прадстаўнік беларускай дэлегацыі віцэ-прэм’ер Сяргей Румас заявіў, што Эўразійская эканамічная камісія будзе супрацьдзейнічаць замежным эканамічным санкцыям на краіны Мытнага саюзу. Да якой мяжы Расея гатовая абараняць Беларусь у яе канфлікце з ЭЗ?»

Коктыш: «Збольшага ўсё абмяжуецца словамі. Характэрная заява Пуціна напярэдадні выбараў. Ён сказаў, што канфлікт Беларусі з ЭЗ — гэта прыкры факт. Але гэта праблема двух канфліктуючых бакоў, і яна ня тычыцца тых інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы, у якія ўваходзіць Беларусь разам з Расеяй. Думаю, што гэтая заява і стане асновай палітыкі Расеі што да гэтага канфлікту».

Класкоўскі: «Зразумела, Расея будзе абараняць Беларусь. На дадатак хачу нагадаць, што была жорсткая заява віце-прэм’ера РФ Рагозіна ў абарону Беларусі. Таму нельга казаць, што Пуцін вымыў рукі.

Думаю, падтрымка будзе ня толькі вэрбальная, але і практычная. Напрыклад. калі ЭЗ увядзе эканамічныя санкцыі, то Расея можа дапамагчы стварыць нейкія абходныя схемы экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у Эўропу.

Але гэта той выпадак, калі напрошваецца фраза зь вядомага літаратурнага твору: за кожны скормлены вітамін будуць патрабаваць мноства паслуг. Прычым ня дробных паслуг, а на ўзроўні аддаваньня па частках беларускага сувэрэнітэту. То бок Беларусь пакрысе ўпаўзае ў расейскую пастку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG