Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік супакойвае ўладальнікаў лецішчаў у Смалявіцкім раёне


Зямлю пад будоўлю беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне ў грамадзян будуць забіраць толькі зь іх дазволу.

Пра гэта сёньня заявіў на брыфінгу ў Менску начальнік галоўнага ўпраўленьня інвэстыцыяў Міністэрства эканомікі Кірыл Карацееў. Паводле ягоных словаў, інтарэсы карыстальнікаў зямлі і ўладальнікаў дачных участкаў ня будуць ушчэмленыя.

Кірыл Карацееў прызнаў, што пляны будоўлі парку занепакоілі дачнікаў і ўладальнікаў зямельных участкаў, — перадае Інтэрфакс.

Чыноўнік раскрытыкаваў інфармацыю пра тое, што для пабудовы парку і працы ў ім прыбудуць 600 тысяч кітайцаў. Такая колькасьць, заявіў ён, тут будзе толькі праз 30 гадоў:

«І гэтая лічба не азначае, што гэта будуць толькі кітайцы. Гэта парк для ўсіх. Мы кажам — беларуска-кітайскі, таму што ён будзе будавацца з удзелам кітайскага капіталу».

Тым часам, як ужо паведамляла «Свабода», мясцовыя дачнікі й жыхары некаторых вёсак пачынаюць рыхтаваць мясцовы рэфэрэндум, каб высьветліць стаўленьне людзей да новабудоўлі.

Ініцыяваць яго пастанавілі на агульным сходзе 10 сакавіка. Наступны этап падрыхтоўкі — збор подпісаў сярод насельніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG