Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: Хоць пад расстрэлам, 11 сакавіка ня буду працаваць


У ізалятары на Акрэсьціна прынялі перададачу для Паўла Вінаградава. Аляксандра Арцыбашава сябры бачылі ў акне ізалятару. Зьмітру Бандарэнку паставілі яшчэ адзін дыягназ. Мікалай Статкевіч падтрымаў вылучэньне праваабаронцы Алеся Бяляцкага на Нобілеўскую прэмію. Эдуард Лобаў сустракаецца з маці на доўгатэрміновым спатканьні. Павал Севярынец: «11 сакавіка хоць пад расстрэлам, але працаваць ня буду».

3 сакавіка сваякі маладзёвага актывіста Паўла Вінаградава аднесьлі яму ў ізалятар на Акрэсьціна перадачу — цыгарэты і кнігі. Перадача аказалася пазаплянавай — 2 сакавіка Паўла мусілі вызваліць пасьля адбыцьця 10 дзён адміністрацыйнага арышту, але яго адразу з ізалятару павезьлі ў РУУС, дзе склалі новы пратакол. Суд адбудзецца ў панядзелак, кажа бацька вязьня Юры Вінаградаў. Ён непакоіцца, ці не працягне сын галадоўку пратэсту.

«Ня ведаю, як наконт галадоўкі. Першыя 10 дзён ён галадаваў, і Арцыбашаў таксама. А зараз што будзе? Хутчэй за ўсё Павал працягне галадоўку, хаця, яшчэ 10 дзён — гэта ўжо сур’ёзна».

Юры Вінаградаў паведаміў, што сябры актывістаў бачылі Аляксандра Арцыбашава ў акне ізалятару на Акрэсьціна. Той памахаў ім рукой. 1 сакавіка актывіста пакаралі яшчэ сямю суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за акацыю «Хрэн вам ад прэзыдэнта», якая прайшла на Камароўскім рынку ў лютым.


Вольга Бандарэнка атрымала ліст ад мужа, палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі. Зь ліста стала вядома, што сьпіс хваробаў, якія мэдыкі вызначылі ў Бандарэнкі, павялічыўся яшчэ на адну:
Ён кульгае на правую нагу, а яшчэ і левая баліць.

«Яму паставілі яшчэ адзін дыягназ — рэакцыйны артрыт левага галенастопнага суставу. То бок ён кульгае на правую нагу, а яшчэ і левая баліць. Кажуць, што гэта наступствы пасьля высокай тэмпэратуры».

Пра вынікі паседжаньня турэмнай камісіі па інваліднасьці, на якім вырашалася, ці даваць Зьмітру Бандарэнку інваліднасьць, ягонай жонцы невядома:

«Да 16 гадзінаў казалі, што ідзе паседжаньне, а пасьля 16 слухаўку не паднялі».


Мікалай Статкевіч у апошнім лісьце падтрымаў вылучэньне праваабаронцы Алеся Бяляцкага на прэмію імя Нобэля. «Напісаў, калі патрэбны мой голас, я цалкам падтрымліваю яго», — паведаміла жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Марына Адамовіч. Міколу Статкевіча трымаюць у Магілёўскай турме.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі нядаўна быў зьмешчаны ў Бабруйскую калёнію. «Зьвестак ад яго пакуль няма, ён у карантыне», — кажа жонка палітвязьня Натальля Пінчук.


Маці Сяргея Каваленкі Лідзія Ўладзіміраўна плянуе ў панядзелак, 5 сакавіка, убачыць сына, якога трымаюць у Рэспубліканскім турэмным шпіталі пры менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага. Дазвол на спатканьне атрыманы:

«Буду прасіць яго спыніць галадоўку. Ведаю, што ён у дрэнным стане, і буду прасіць, каб незалежны лекар ўзяў у яго біяхімічны аналіз крыві».


Павал Севярынец, які адбывае 3 гады «хіміі» ў Пружанскім раёне, не вітае ўказ аб пераносе працоўнага дня 9 сакавіка на нядзелю, 11 сакавіка. Як шчыры вернік Павал Севярнец зьбіраецца 11 сакавіка прысьвяціць, як звычайна, наведваньню царквы і маленьням:

«Спадзяюся, удасца дамовіцца і адпрацаваць 9 сакавіка замест 11-га. Хоць пад расстрэлам 11 сакавіка ня буду працаваць, гэта адназначна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG