Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскіданыя гнёзды


23 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 100, паводле якога ўладам прасьцей будзе адбіраць у людзей старыя вясковыя дамы, у якіх ніхто не жыве.

Як лічаць незалежныя экспэрты, указ скіраваны найперш на тое, каб чыноўнікам лягчэй было вырашаць праблемы прыватнага будаўніцтва катэджаў паблізу ад буйных гарадоў.

Берасьцейшчына


Многія жыхары Берасьцейшчыны непакояцца, што ўказ № 100 нясе пагрозу для іхнай маёмасьці. У рэгіёне сёньня многія гарадзкія жыхары маюць хату ў вёсцы, што засталася ад бацькоў.

Пэнсіянэрка Марыя жыве ў кватэры ў Івацэвічах, але мае хату ў вёсцы Аляксейкі, недалёка ад райцэнтру. Зімою яна наведваецца ў вёску вельмі рэдка, каб толькі спраўдзіць, ці не прапала чаго. А летам трымае тут гарод і кажа, што менавіта гэта дапамагае ёй перажываць цяперашні эканамічны крызіс.
Пэнсіянэрка Марыя: «Я з той хаты толькі і жыву»
Пэнсіянэрка Марыя: «Я з той хаты толькі і жыву»

Пытаюся ў спадарыні Марыі, як яна ставіцца да ўказу, паводле якога будуць забіраць хаты, дзе ніхто не жыве.

«Адмоўна, а як жа ж… Забяруць ад мяне хату, а я з той хаты толькі і жыву, там саджу і бульбу, і грады… А як я буду бязь вёскі? А каму ж я яе буду аддаваць? Чорту лысаму? Я столькі ў яе ўклала ўсяго і буду камусьці хату аддаваць? А куды ж мне тады дзявацца? У горадзе я жыву на пятым паверсе. Я ж не пасаджу на даху цыбулю ці бульбу… Мне ж трэба, каб была ля мяне зямля…»

Таму, кажа спадарыня Марыя, хаты яна сваёй будзе трымацца і надалей. Толькі так, перакананая яна, можна перажыць крызіс, ды яшчэ і ўнукам дапамагчы.
Закінутая хата ў Аляксейках Івацэвіцкага раёну.
Закінутая хата ў Аляксейках Івацэвіцкага раёну.

А вось спадар Мікалай, чыя маці жыве ў вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёну, кажа, што цяпер сярод гараджанаў папулярна мець хату ў вёсцы. Асабліва ў маляўнічым месцы, ля возера, грыбных лясоў. Вось і ў Бабровічах засталося толькі некалькі дзясяткаў карэнных жыхароў. Хаты скупляюць прыежджыя:

«Там жа ўсё скуплена. З усіх краёў. Там нават і зь Берасьця нейкі генэральны дырэктар аптовай базы пабудаваў сабе дом…

Спадар Мікалай адзначае, што мясьціны тут вельмі прыгожыя:

«Там жа гэтыя Бабровічы-Выганашчы пад Белавескую пушчу ўжо аддалі. Зараз там няма нават лодак, усё павыцягвалі, не даюць людзям рыбу лавіць. Людзі ўсё жыцьцё там жылі, вякамі, можна сказаць, рыбу маглі там палавіць. А зараз і да возера нельга дайсьці».

Магілёўшчына


Пакінутая сядзіба.
Пакінутая сядзіба.

На Магілёўшчыне ў аддаленых раёнах не пасьпяваюць зьнішчаць кінутыя сядзібы, а непадалёк ад абласнога цэнтру на месцы зьнішчаных хат растуць катэджы.

У 2008 годзе, паводле афіцыйнай інфармацыі, у рэгіёне было выяўлена больш за 6 тысяч кінутых сялянскіх хат. Бальшыня зь іх на сёньня зьнішчана. У аддаленых раёнах вобласьці зьнішчаць кінутыя сядзібы не пасьпяваюць. Напрыклад, у Хоцімскім раёне.

«У нас дамы, якія ня маюць цаны. Яны нікому не патрэбныя. Дамы ня маюць нашчадкаў. У нас іх становіцца болей. Наш край вымірае. У нас застаюцца людзі старэйшага, пэнсійнага веку. Мы наймаем тэхніку, якая зараўноўвае гэтыя месцы. Гэтая зямля ня можа пайсьці ў абарот, бо яна, напрыклад, знаходзіцца між дамамі», — тлумачыць сытуацыю старшыня аднаго зь сельскіх саветаў раёну.
Вёску пахавалі
Вёску пахавалі

У Шклоўскім раёне сытуацыя выглядае інакш. Тут, каб павялічыць сельскагаспадарчыя плошчы, вынішчаюцца невялікія вёскі.

«Хаваюць дамы гэтыя. Проста раўняюць зь зямлёй. Самабытныя вёскі проста зьнікаюць. 15–16 стагодзьдзе нараджэньне іх. Але людзі выяжджаюць адтуль. Працы ж няма. Старыя застаюцца, век дажываюць, і ўсё. Цяпер толькі шорханьне ручнікоў на крыжах, і так балюча. Адны палі ды палі, і няма нічога болей», — наракае жыхарка Шклоўскага раёну.

Пад Магілёвам месцы зьнішчаных сядзібаў цяпер доўга не пустуюць. Тут жа вырастае маёнтак далёка не сялянскага маштабу. Участкі ў межах дваццаці кілямэтраў ад абласнога цэнтру надта прывабныя. Мець катэдж за межамі гораду — прэстыжна.

Чым выкліканае імкненьне хутчэй пазбыцца кінутых сялянскіх хат і чаго чакаць ад яго ў бліжэйшай пэрспэктыве, тлумачыць эканаміст Андрэй Юркоў:

«Гэты ўказ значна спрашчае працу нашай вэртыкалі па хаваньні вынікаў сваёй працы на зямлі за гэтыя 18 гадоў. Наша вёска ўдарнымі тэмпамі вымірае, бо ня вырашана галоўнае пытаньне. Гэта пытаньне ўласнасьці на зямлю. Трымацца вёскам няма на кім. Тыя ж чыноўнікі, яны ж маюць свой уласны інтарэс. Яны ж валодаюць сытуацыяй…»
Цагляныя сялянскія шматкватэрнікі — выдумка савецкіх часоў — цяпер палохаюць занядбанасьцю. Зьнішчыць няма сродкаў.
Цагляныя сялянскія шматкватэрнікі — выдумка савецкіх часоў — цяпер палохаюць занядбанасьцю. Зьнішчыць няма сродкаў.

Гарадзеншчына


Пакінутых, згнілых хат у непэрспэктыўных вёсках на Гарадзеншчыне шмат. Тутэйшыя кажуць, што іх трэба прыбіраць, мясцовыя ўлады імкнуцца гэта рабіць, але ня маюць на гэта сродкаў.

Голдаўскі сельскі савет Лідзкага раёну лічыцца адным з пэрыфэрыйных, аддаленых ад камунікацый. І калі яшчэ ў тых вёсках, што пры чыгунцы, закінутых дамоў няшмат, то ў аддаленых паселішчах іх даволі багата.

У мясцовым сельсавеце спэцыяліст, спадарыня Алена, распавядае, што кінутыя хаты ў іх на ўліку і яны імкнуцца прымаць меры:

«Канечне, мы пішам людзям паперкі, знаходзім радню, кажам, каб глядзелі за домам. А калі людзі адмаўляюцца, просім пісаць пісьмовыя расьпіскі і разьбіраем дамы. Аддаем у калгас на іх патрэбы».

Праўда, спадарыня Алена кажа, што разабралі такіх дамоў няшмат, бо сельсавет ня мае ніякіх сродкаў. Апошнія гады, зь яе слоў, пачалі разьмяркоўваць па сельсаветах па 2–3 чалавекі з Цэнтру занятасьці, то яны хоць абкошваюць зарослыя сядзібы.

Вясковы жыхар, спадар Іван, думае, што праблема зносу кінутых дамоў не такая ўжо і простая. Бо якая б закінутая хата, зь яго слоў, ні была, але, напэўна, рана ці позна можа зьявіцца гаспадар. Але, зь іншага боку, ён разважае як чалавек, які кожны дзень ходзіць побач з такім домам:
Калі няма гаспадароў і нікога няма, то трэба зносіць, бо хаты гніюць, марнуюцца, псуюць настрой тутэйшым.

«Калі няма гаспадароў і нікога няма, то трэба зносіць, бо хаты гніюць, марнуюцца, псуюць настрой тутэйшым, як і тым, хто тут праходзіць ці праяжджае. Ну, калі няма гаспадара, каб нешта зрабіў з гэтым: ці спаліў, ці разабраў, ці яшчэ неяк выкарыстаў…»

Яшчэ адзін вясковец, спадар Валеры, кажа, што паколькі мы эўрапейцы, то павінны адпаведна і даглядаць свае вёскі і мястэчкі. Зь яго слоў, у такіх вёсках зараз, як правіла, жывуць толькі заежджыя людзі, якія доўга не затрымліваюцца і ім наагул нічога ня трэба, нават разабраць старую будыніну на дровы:

«Я лічу, што трэба іх прыбіраць альбо рабіць парадак. Але такія хаты, што стаяць па 10 гадоў нікому непатрэбныя, то ўсё роўна пэрспэктывы няма іх прадаць, як гэта робяць у горадзе».

Эканаміст Міхаіл Залескі: «Напэўна, можна паспачуваць Аляксандру Лукашэнку, бо ён займаецца так званым „ручным кіраваньнем“ эканомікай. За гады свайго кіраваньня ён зьнішчыў судовую сыстэму, і цяпер, замест таго каб людзі вырашалі гэтыя праблемы ў судах і толькі судовыя рашэньні станавіліся прэцэдэнтам для далейшай гаспадарчай практыкі, ён вымушаны карэктаваць тыя хібы, што вылазяць пры практычным выкарыстаньні, і карэктаваць іх, як гаворыцца, уручную. Натуральна, ён робіць гэта не ўласнаручна, а падмахвае паперкі, якія складаюць яго падначаленыя.

Відавочна таксама, што апошні ўказ трэба зьвязваць з падзеямі, якія адбываюцца цяпер у Смалявіцкім раёне. „Вой, зьнясем усё к чортавай мацеры й пабудуем горад-сад для кітайцаў!“

Ну, добра. І я ня супраць кітайцаў. Але няхай яны жывуць і радуюцца жыцьцю на сваёй радзіме! А тут — зямля для беларусаў!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG