Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачнікі: Улада дзейнічае нам на шкоду...


У аўторак, 21 лютага, прадстаўнікі дачных таварыстваў са Смалявіцкага раёну, а таксама актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая забясьпечвае юрыдычную і арганізацыйную дапамогу насельніцтву, наведалі ў Менску Міністэрства эканомікі. Мэтай сустрэчы было атрымаць праектнае абгрунтаваньне забудовы беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку на тэрыторыі ў 80 квадратных кілямэтраў непадалёк ад Нацыянальнага аэрапорта «Менск-2».

Сустрэча ў Міністэрстве эканомікі адбылася за зачыненымі дзьвярыма кабінэта начальніка галоўнага ўпраўленьня інвэстыцыяў Кірыла Карацеева. Пасьля гутаркі з хадакамі чыноўнік катэгарычна адмовіўся ад асабістага камэнтару. Журналістаў інфармаваў пераважна Міхаіл Пашкевіч з кампаніі «Гавары праўду», які адразу патлумачыў ролю грамадзянскай кампаніі ў гэтай сустрэчы:

«Мы дзейнічаем у рамках цяперашняй стратэгіі грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“ — гэта дамова з жыхарамі. Ёсьць замова са Смалявіцкага раёну ад насельніцтва пра важную для іх праблему. Мы разам намагаемся яе вырашыць. І, канечне, вельмі грунтоўна і сумленна падыходзім да меркаваньняў тамтэйшых жыхароў. Імкнёмся вельмі хутка рэагаваць на ўсе запатрабаваньні мясцовых жыхароў, бо інакш навошта ім чыясьці дапамога?»

Міхаіл Пашкевіч зьвяртае ўвагу, што за апошнія два тыдні адбылося ня менш за 5 сустрэчаў, у тым ліку з чыноўнікамі высокага рангу, і ўсе прадстаўнікі ўладаў на іх запэўніваюць, што гэты праект супэрвыгадны для Беларусі. Аднак і сёньня, кажа ён, «наш суразмоўца ня здолеў адказаць, чаму гэтае дабро для Беларусі робіцца за кошт смалявіцкіх жыхароў й дачнікаў».

«Мы яшчэ раз пераканаліся, што гэта праект Анатоля Тозіка, які быў да нядаўняга часу амбасадарам Беларусі ў Кітаі. Безумоўна, гэта ягоная справа. А чыноўнікі, да прыкладу, зь Міністэрства эканомікі, як сёньня высьветлілася, нават ня ў курсе, што на сайтах беларускіх амбасадаў у замежных краінах, у тым ліку і ў Расеі, цяпер разьмешчана аб’ява пра продаж зямлі ў будучым інвэстыцыйным парку. Значыць, ёсьць пэўная генэральная пазыцыя. А міністэрствы ды ведамствы выконваюць яе ў меру сваёй інфармаванасьці і паўнамоцтваў...»

Вестка пра беспасьпяховы візыт сваіх прадстаўнікоў у Міністэрства эканомікі яшчэ больш абурыла людзей. Многія дачнікі са Смалявіцкага раёну заяўляюць, што цяпер няма сэнсу перапыняць пратэсты, бо мясцовая ўлада ўзмацняе прапаганду кітайскага праекту і запалохвае людзей.

Вось што кажа спадарыня Вера Анішчык:

«Цяпер вылучаюць сытуацыю, што гэта нібыта нейкае самадурства людзей. Маўляў, яшчэ ніхто нічога ня ведае, а людзі ўжо бунтуюць... Але ж чаму ніхто нічога ня ведае? Улады самі замоўчваюць інфармацыю! Увогуле, вельмі цяжка паверыць у тое, што інвэстар, нічога ня ведаючы, будзе ратыфікаваць пагадненьне, паводле якога ён дасьць грошы. Прычым вялікія грошы — 30 мільярдаў даляраў...»

На шматлікія пытаньні няма адказу і для Вольгі Саўчык:

«Я тут жыву. І якраз сёньня ў нас тут сход праводзяць. Што на ім улады скажуць — пойдзем паслухаем. Я мяркую, што нічога новага чыноўнікі ня скажуць. Ім дадзена каманда „зьверху“ людзей супакоіць».

Меркаваньне спадара Ўладзімера:

«Людзі зараз бачаць, што гэтай уладзе верыць нельга. Таму што мясцовая ўлада якраз нас не падтрымлівае. Менавіта цяпер, у гэтай праблемнай для нас сытуацыі. Мала таго, улада дзейнічае нам на шкоду...»

Кітай абяцае 30 мільярдаў даляраў інвэстыцыяў на стварэньне на 80 квадратных кілямэтрах Смалявіцкага раёну шэрагу тэхналягічных вытворчасьцяў у галінах машынабудаваньня, электронікі, біямэдыцыны і іншых. Аднак супраць гэтага — жыхары 15 вёсак і 30 дачных таварыстваў, якіх палохае знос дамоў, садоў і зямельных участкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG